Машынабудаўнік — вельмі пачэснае званне, якое з гонарам носяць як цяперашнія работнікі ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў», так і тыя ветэраны, што зараз на заслужаным адпачынку. Яно аб’ядноўвае сапраўдных прафесіяналаў, якіх у нас ужо не адно пакаленне. Кожны зрабіў і робіць свой уклад у гэту галіну, у аўтарытэт прафесіі, аддаючы значную частку свайго жыцця прадпрыемству. Хай на ўсе здзяйсненні ў вас хапае сіл і энергіі, добрага настрою і жадання ствараць новае, карыснае. Атрымліваючы за гэта заслужаныя словы ўдзячнасці і матэрыяльны плён. З Днём машынабудаўніка!
Чаму калектыў Пружанскага завода радыёдэталей нібыта адна сям’я? Сакрэтаў з гэтага на прадпрыемстве не робяць, і яго дырэктар Андрэй Каласей шчыра дзеліцца напрацоўкамі.
Пра рашучую сілу кадраў кожны з нас выдатна ведае, а знакаміты выраз чулі неаднойчы. Аднак паўтараць яго можна і зараз, нават па некалькі разоў на дзень, таму што актуальнасці ён не губляе і сёння. Тым больш для такога ўзроўню вытворчасці, які існуе на ПЗР, патрэбны сапраўды «залатыя рукі», дасведчаныя спецыялісты і вопытныя работнікі. Каб, як зазначае Андрэй Каласей, трымаць узятую планку якасці і захоўваць заслужаны аўтарытэт прадпрыемства.
— Мы вітаем людзей з профільнай адукацыяй, а яшчэ з адказным стаўленнем да прафесійных абавязкаў, добрасумленных і працавітых. Менавіта такая атмасфера створана на заводзе, яна захоўваецца дзесяцігоддзямі і лічыцца нашай самай галоўнай традыцыяй. Гэта пацвярджаецца самой гісторыяй ПЗР.
Ёсць свае героі

— Інакш нашых ветэранаў і назваць нельга. Успамінаю свайго настаўніка, былога намесніка галоўнага інжынера Уладзіміра Іванавіча Зверава. Ён быў высакакласным спецыялістам, які навучыў цэлую плеяду вучняў, многія з якіх працягваюць працаваць на заво-дзе. Шматгранны чалавек, які маючы тэхнічны талент, мог вырашаць эканамічныя пытанні, уносіць рацыяналізатарскія прапановы. Многае, што зараз мае завод, закладзена Уладзімірам Іванавічам. І гэта не асобны прыклад, мы дзякуем сотням нашым ветэранам за зробленае. Няхай тыя, хто ўжо на заслужаным адпачынку, жывуць яшчэ доўга, не губляюць здароўе і інтарэс да жыцця. Застаючыся для нас прыкладам.
Больш за тое, закладзеныя імі традыцыі настаўніцтва жывуць на прадпрыемстве і зараз. У якасці прыкладу прывяду начальніка тэхнічнага аддзела Марыну Панову, токара-расточніка Леаніда Пілюціка, вязальшчыка Вольгу Янушкевіч, фрэзероўшчыка Уладзіміра Зарэцкага, якія адпрацавалі больш за 40 гадоў на ПЗР. А таксама галоўнага бухгалтара Таццяну Каралюк, слесара-рамонтніка Анатолія Слатвінскага, кантралёра на КПП Надзею Гаманчук, тэрміста Аляксандра Сталярчука, свідравальшчыка Галіну Ліцкевіч, вязальшчыка Галіну Пстыгу, лудзільшчыка Наталію Каваленю, паяльшчыка Надзею Касцюковіч, якія з 30-гадовым і больш стажам з’яўляюцца настаўнікамі для навічкоў. У нас склалася сапраўдная школа, у якой нават можна атрымаць прафесіі, якім у Беларусі не навучаюць.
Мы вырашаем нават дэмаграфію

— І гэта сапраўды так,— падкрэслівае Андрэй Васільевіч.— У нас ёсць працоўныя дынастыі, калі дзеці, унукі працягваюць справу сваіх бацькоў, дзядоў. А яшчэ працуюць «сямейныя падрады», многія з якіх склаліся менавіта на заводзе. Асабліва радуе, што пытанні дзейнасці завода радыёдэталяў, яго жыцця і далейшага развіцця абавязкова будуць адной з надзённых тэм у такіх сем’ях. І чым мацней заводскія саюзы, тым трывалей будзе і роднае прадпрыемства.

У нас усебакова падтрымліваецца імкненне стварыць сям’ю, матэрыяльна стымулюецца заключэнне шлюбу, нараджэнне дзяцей. Яшчэ і даецца прыклад тым «халасцякам», якія прыходзяць да нас на працу.
Гэта праўдзівая рэальнасць

—Той, хто адпрацаваў у нас не менш за 3 гады, пацвердзіць, што на заводзе радыёдэталяў ёсць поўны пакет жыццёвых гарантый.
Гарантаваны аб’ём працы, таму што наша прадукцыя запатрабавана. Яна з’яўляецца інавацыйнай, імпартазамяшчальнай. Вельмі прыемна ведаць, што ў кожным аўтамабілі, спецтэхніцы ёсць вынік нашай працы. Нават без нас не запусціцца і бытавая тэхніка многіх вядомых беларускіх брэндаў.
Годная заработная плата са шматлікімі стымулюючымі надбаўкамі — навічкам і вопытным спецыялістам, за рацыяналізатарства, напружанасць працы і іншыя «нестандартныя» намаганні.
Належныя ўмовы працы з пастаянным абнаўленнем вытворчасці і прывабнымі працоўнымі месцамі. Робім рамонт працоўных памяшканняў, ствараем належныя ўмовы для адпачынку і прыёму ежы, прывялі ў парадак кабінеты, канферэнц-залу, санітарныя памяшканні. Нават уваход на прадпрыемства сустракае абноўленым выглядам.
Кар’ерны рост, у якім і той, хто прыйшоў тэхнікам, можа стаць пазней дырэктарам завода. І рэальных доказаў гэтаму ў нашым калектыве шмат.
Прафесійнае развіццё з асваеннем новых спецыяльнасцей, далейшай вучобай. Пружанскі завод радыёдэталяў з’яўляецца базавым прадпрыемствам для Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, выпускнікоў якога ў першую чаргу накіроўваюць да нас.
Разам і па-за заводам
— Маем поўнае права пахваліцца рэальным клопатам пра фізічнае і
духоўнае здароўе нашых работнікаў. Прадпрыемства поўнасцю аплачвае медыцынскую страхоўку завадчан, каб яны маглі займацца сваім здароўем, неабмежавана атрымліваючы доступ да ўсіх сучасных напрацовак беларускай аховы здароўя. Арганізуем на базе СШ № 5 заняткі па фізічнай культуры.
А яшчэ праводзім сумесныя экскурсіі па славутасцях Беларусі, па гістарычных мясцінах нашай краіны. Нярэдка наведваем вядучыя прадпрыемствы рэспублікі, дзе даведваемся пра ўмовы працы, параўноўваючы са сваімі. І ў нечым мы — сапраўдныя піянеры!
Старонку падрыхтаваў Алег СІДАРЭНКА. Фота Кацярыны МасІк