Воскресенье, 26 октября 2025

А вясна не за гарамі

622

Хоць і прыціснулі марозікі, выпаў сняжок, але гэтая акалічнасць не спыняе нашых аграрыяў у падрыхтоўцы да яравой сяўбы. Напрыклад, у ААТ «Мурава» кожны дзень на палеткі вывозяцца тоны арганікі, прыступілі таксама да ўнясення калію.

Нашаму раёну да пачатку веснавых работ патрэбна нарыхтаваць 926 тыс. тон арганічных угнаенняў, на чацвер бягучага тыдня справіліся на 97%. Вывезлі таксама амаль 100%. Бачна, што работа кіпіць, тэхніка працуе спраўна, без асаблівых паломак, бо была своечасова падрыхтавана да такога важнага мерапрыемства, як яравая сяўба. З восені аграрыі Пружаншчыны паспелі ўнесці ў глебу 593 тыс. тон арганікі на плошчы ў 7749 га. Сваё слова ў будучым ураджаі павінны сказаць калійныя і фосфарныя ўгнаенні, пакуль што заклалі ў зямлю на 20.02.2025 г. 4179 тон дзеючага рэчыва першага і 1002 — другога.


У сельскай гаспадарцы трэба ўлічваць любую дробязь. Тыя ж малочнатаварныя фермы і комплексы павінны ўтрымлівацца ў чысціні і парадку. Значыць, вывазка арганікі штодзённая. Зімой жа, калі зямля падмерзлая, рабіць гэта куды лягчэй. Ды што тут гаварыць, спрадвеку падкормлівалі палеткі, бо на пустым месцы і вырасці нічога не можа. У ААТ «Мурава» на гэты чацвер план па нарыхтоўцы выкананы на 95 %. Арганічныя ўгнаенні на вытворчых пляцоўках доўга не затрымліваюцца, а трактарамі вывозяцца на землі гаспадаркі. За дзень гэта складае прыблізна 300 тон. Каб не губляліся пажыўныя рэчывы, арганіка абавязкова складзіруецца ў бурты.

Даволі дзіўна назіраць за тым, як па заснежаным палетку ездзіць трактар і раскідае мінеральныя ўгнаенні. На самай справе, гэта робіцца не бяздумна, а з выкарыстаннем агратэхнічнай навукі. Аказваецца, калі ўлічыць, што пасля мінуса наступіць адліга, то ўнясенне таго ж калію прынясе толькі карысць будучым усходам. Бо разам з талымі водамі трапіць у глебу і будзе ўзбагачаць пажыўнымі рэчывамі каранёвую сістэму раслін. Галоўнае, усё правільна разлічыць. Напрыклад, каля в. Грынявічы калій уносіўся ў разліку 3 ц/га. А калі яшчэ работа выконваецца на новай тэхніцы. Трактар «Беларус 1221.3» каля тыдня назад як з’явіўся ў гаспадарцы, а раскідвальніку мінеральных угнаенняў «KOBLIK NPK 800» расійскай вытворчасці каля года. Апошні можа выкарыстоўвацца для вапны і даламітавай мукі, бункер зроблены з нержавеючай сталі, а яго вялікі аб’ём павышае прадукцыйнасць унясення ўгнаенняў, прысутнічае таксама рэгуліроўка нормы ўнясення ў залежнасці ад хуткасці руху трактара.


Дарэчы, гэта не адзінкавая тэхніка, якая была набыта ў ААТ «Мурава». Тут думаюць наперад, таму нядаўна набылі 12-радную кукурузную сеялку «KINZA» амерыканскай вытворчасці. Дадзены пасяўны агрэгат вылучаецца дакладнай сяўбой, з’яўляецца простым, надзейным і эканамічным рашэннем для гаспадарак. Сеялка здольна захоўваць аднолькавую глыбіню пасеву, гарантуючы добрую ўсходжасць і высокі прыбытак. Упрыгожыў машынны парк сельгаставарыства і буракаўборачны камбайн «ROPA Tiger 6S» родам з Германіі. Магутная тэхніка з бункерам на 43 м.куб. і трыма восямі з гідраўлічнай сістэмай шасі і сістэмай выраўноўвання на схіле. Панарамная кабіна з лепшым камфартабельным кіраваннем і двума дысплеямі. А як вам дызельны рухавік больш чым на 16 літраў, эканамічны і надзейны!? Быццам сядзіш за штурвалам нейкага аўтаматызаванага карабля і спакойна пакараеш гектары палеткаў з буракамі. Вось так і атрымліваецца: за ўсім пільнае вока — і можаш разлічваць на рэзультат.

Што галоўнае? Канечне, старанне ва ўсім, за якую б работу ні браўся, упэўненасць, што ўсё атрымаецца найлепшым чынам. У адваротным выпадку атрымаецца толькі пыл у вочы пусціць, а не грошай зарабіць. Апошняе зусім не пра ААТ «Мурава», гаспадарка трывалая, са сваім бачаннем перспектыў і жаданнем любую справу даводзіць да канца і ўсё рабіць якасна.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік