Понедельник, 6 октября 2025

Фельчар Валянціна Саўчук

86

Не трэба сябе самога хваліць, выстаўляць на паказ сваю значнасць і незаменнасць. Наўрад ці пасля гэтага вы станеце героем часу. Іншая справа, калі добрае слова пра вас скажуць іншыя, як у выпадку з фельчарам Валянцінай Саўчук.

На здымку: сваё месца ў жыцці і сярод людзей Валянціна Саўчук знайшла. А вы?

З чаго пачынаецца знаёмства з чалавекам? Нехта адкажа, што з поціску рукі і абмене імёнамі. Для другога важным элементам з’яўляецца першая размова, падчас якой можна вызначыць інтэлектуальнасць, кругагляд субяседніка. Іншаму дастаткова аднаго погляду, каб у агульных рысах расказаць пра жанчыну ці мужчыну. А ёсць жа і такія, што выснову робяць па адзенні, не без гэтага. На мой жа погляд, калі пры першай сустрэчы табе шчыра ўсміхаюцца — значыць далей усё пойдзе найлепшым чынам, ніяк не пашкадуеш аб новым знаёмстве, застанецца прыемны ўспамін надоўга.

Так сталася і падчас сустрэчы з фельчарам Валянцінай Саўчук, якая загадвае на Ружаншчыне Варанілавіцкім і Поланскім фельчарска-акушэрскімі пунктамі. Прыветная ўсмешка на твары, вочы, якія ззяюць пяшчотай. Такой і паўстала перад карэспандэнтамі «раёнкі» Валянціна Міхайлаўна, якую за чуласць, чалавечнасць і неабыякавасць да чужой бяды паважаюць пацыенты. Яны вельмі ўдзячны жанчыне за непадробную ўвагу і ўменне суцішыць боль фізічны і нават душэўны ў кожнага наведвальніка ФАПа. А на гэта патрэбна выдаткаваць вельмі многа сіл, бо, дапамагаючы аднаму, ты аддаеш часцінку сябе, дзелішся сваёй пазітыўнай энергіяй, усяляеш у чалавека надзею толькі на лепшае. І так з дня ў дзень, нялёгка гэта. Але Валянціна Саўчук не скардзіцца на жыццё, так яно склалася, таму і надалей патрэбна трымаць планку, несці дабрыню людзям, клапаціцца аб іх здароўі. А вось адпішаш ім таблеткі з аптэкі, якая знаходзіцца пры ФАПе, патрымаеш добрым словам — і глядзіш, пасвятлелі вочы і ўсялілася надзея на хуткую папраўку.

Што ні кажы, а пашанцавала людзям з такім уважлівым фельчарам, як Валянціна Міхайлаўна. Значыць, не памылілася ў свой час ураджэнка Століншчыны з выбарам прафесіі «Фельчар-акушэр», якую атрымала ў Аршанскім медыцынскім вучылішчы ў 2002 годзе. Але воляй лёсу трапіла Валянціна Саўчук на Ружаншчыну, то цяпер і шкадаваць аб гэтым не трэба.

Не работай адзінай… Калі на поўную выкладаешся на працы, то абавязкова патрэбна аддушына, каб набрацца сіл на чарговыя будні. Для Валянціны Міхайлаўны гэта дом у г.п. Ружаны, дзе пасялілася яе сям’я. Душу грэюць трое самых любімых дзетак. Старэйшая дачка Ангеліна ўжо ўступіла ў самастойнае жыццё, працуе ў ААТ «Ружаны-Агра» юрыст-консультам. Дар’я — вучаніца 9 класа, а памочнік Уладзіслаў — васьмікласнік Ружанскай школы імя Казіміра Марача. Яны надаюць матулі сэнсу ў жыцці, асвятляюць шлях у будучыню, напаўняюць святлом кожны дзень, нават пахмурны і дажджлівы. Калі хочаш папрацаваць фізічна, то для гэтага ёсць агарод. Вока радуюць кветкі, якія растуць на двары і разносяць паўсюдна самыя разнастайныя прыемныя пахі. Часам хочацца пабыць у адзіноце, сабрацца з думкамі, а то і проста расслабіцца, тады Валянціна бярэ ў рукі кнігу. Перавагу аддае класіцы, таму ж «Ціхаму Дону» Міхаіла Шолахава, дзе сапраўды можна пачарпнуць жыццёвых ісцін, навучыцца ладзіць з людзьмі, правільна расстаўляць прыярытэты.

Чаго жадае ўсім добрым людзям Валянціна Міхайлаўна? У першую чаргу, здароўя, самага моцнага. Быць адкрытымі для акружаючых, заўсёды трымаць чалавечую годнасць і не спыняцца на дасягнутым, бо заўсёды ёсць тое, чаго мы не ведаем і што будзе карысным у жыцці.

Мы, у сваю чаргу, зычым Валянціне Саўчук і надалей заставацца такой жа прыемнай жанчынай, прафесіяналам сваёй справы. Каб жыццё дарыла паболей шчаслівых момантаў, якія б давалі падставу для прамяністых усмешак.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік