
У апошні дзень верасня закончыўся сёлетні купальны сезон, які ў нашым раёне пачаўся з 1 мая. На працягу амаль паўгода на Пружаншчыне адпачывальнікаў прымалі 10 водных зон, аснашчаных патрэбнай інфраструктурай і з дзеючымі выратавальнымі пастамі.
«У прыватнасці, сёлета не было ніводнага факта вандалізму ў дачыненні да пляжнай інфраструктуры».
З якімі вынікамі прайшоў гэты купальны сезон, нам расказаў старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Юрый Амельянчук.
— Трэба сказаць, што падрыхтоўка пляжаў і акваторый для аматараў воднага адпачынку прайшла на належным узроўні. Гэтаму раённай уладай надавалася вялікая ўвага і ўводзіўся адпаведны кантроль выканання вызначаных работ. У выніку вадаёмы сустракалі наведвальнікаў усім неабходным, а таксама была арганізавана зменная работа матросаў: на гарадскім возеры Лебядзіным і на Паперні ад ТВВОД, на астатніх вадаёмах — ведамасныя падраздзяленні.
— Юрый Міхайлавіч, ці былі якія-небудзь заўвагі адносна дзяжурстваў?
— На працягу ўсяго сезона сумесна з работнікамі МНС, праваахоўнікамі, прадстаўнікамі мясцовай улады праводзіліся рэйдавыя праверкі выратавальных пастоў, і ніякіх сур’ёзных недахопаў не выяўлена. Асабліва адзначу рэакцыю кіраўніцтва адказных прадпрыемстваў у аператыўным вырашэнні нават дробных арганізацыйных пытанняў, якія ўзнікалі ў гэты перыяд.
— А самі адпачывальнікі як сябе паводзілі?
— Безумоўна, ужо можна сказаць, што мінулы купальны сезон нельга назваць паказальным, бо лета ўвогуле не часта радавала цеплынёй, хаця аматараў воднага адпачынку на берагах дазволеных вадаёмаў хапала. Але ж па-ранейшаму праблемай застаецца купанне ў недазволеных месцах. У прыватнасці, з-за гэтага сёлета загінуў чалавек, які вырашыў пакупацца на возеры каля Калазубаў. Да таго ж, грамадзянін быў у нецвярозым стане. Увогуле сёлета патанула два чалавекі, але адзін — з-за пагаршэння самаадчування.
Калі ж у цэлым гаварыць пра паводзіны адпачывальнікаў, то без канфліктных сітуацый сёлета не абышлося. Плаванне на забароненых прыладах, неадэкватныя паводзіны. Здаралася, што ўступалі ў спрэчку з матросамі, а на аднаго на гарадскім возеры нават выклікалі міліцыю. Грамадзянін не рэагаваў на забарону заплываць за буйкі і, каб прывесці яго ў адэкватны стан, давялося звяртацца па дапамогу міліцыянераў.
«Увогуле сёлета патанула два чалавекі, але адзін — з-за пагаршэння самаадчування».
Хаця ў параўнанні з мінулай статыстыкай падобных здарэнняў стала значна менш. Лічу, што паспрыяла гэтаму ўстаноўка камер відэаназірання на шэрагу дазволеных для купання вадаёмаў. У прыватнасці, сёлета не было ніводнага факта вандалізму ў дачыненні да пляжнай інфраструктуры. А матросы-выратавальнікі ТВВОД сёлета займелі нагрудныя відэарэгістратары, якія таксама прывучалі да адэкватных паводзін адпачывальнікаў.
— А як сітуацыя з непаўналетнімі?
— Таксама стала значна менш выпадкаў з’яўлення дзяцей на беразе без суправаджэння дарослых. Раз-пораз прыходзяць, матросы лавілі малалетнія кампаніі і адпраўлялі далей ад вады. Аднак, паўтаруся, гэта былі адзінкавыя выпадкі. Лічу, што істотную ролю ў гэтай сітуацыі адыграла маштабная прафілактычная работа. Мы прымаем удзел ва ўсіх акцыях, якія праводзяць падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. Выступаем у школах, дзіцячых садках, наведвалі ўсе школьныя аздараўленчыя лагеры і ўсе змены ў загарадных летніках. Таксама праводзілі практычныя заняткі непасрэдна на самім гарадскім возеры, у якіх прымалі ўдзел пружанскія медыкі. Дзецям расказваецца пра правілы паводзін ля вады, як рэагаваць у надзвычайных сітуацыях і нават як аказваць першую медыцынскую дапамогу. Нічога не хаваецца, і пра бяду гаворым шчыра, магчыма, гэта і спрыяе таму, што малыя задумваюцца і стараюцца не парушаць правілы.
— Юрый Міхайлавіч, закончыўся толькі купальны сезон, аднак азёры застаюцца адкрытымі для наведвальнікаў.
— Зразумела, што купацца зараз жадаючых няма, але ёсць аматары рыбалкі, якія круглы год сядзяць на берагах вадаёмаў. Таму на гарадскім возеры стацыянарны пост працягвае дзейнічаць. Карыстаючыся момантам, заклікаю дарослых памятаць пра ўласную бяспеку, не рызыкаваць дзеля злоўленага малька. І не забывацца, што гэта толькі адпачынак, а дома чакаюць родныя.
Гутарыў Алег Сідарэнка