Воскресенье, 5 октября 2025

У першы дзень кастрычніка райкамбінату бытавога абслугоўвання споўнілася 65 гадоў

291
У цырульніка Інэсы Трухан вялікі стаж, а значыць, і багаты вопыт работы.

За перыяд сваёй дзейнасці прадпрыемства мяняла свае прапановы, выкарыстоўвала іншыя падыходы. Але заўсёды заставалася запатрабаванай.

Больш за палову з гэтага часу акцыянерным таварыствам «Пружанскі РКБА» кіруе Анатолій Гвоздзік. Як ён зазначае, сёння камбінат можна смела назваць камерцыйнай арганізацыяй.

Чарговы заказ рыхтуюць станочнікі Вадзім Куцішка і Аляксандр Дземасюк.

— Справа ў тым, што бытавыя паслугі ў сельскай мясцовасці страцілі сваю вастрыню, якая была раней,— гаворыць Анатолій Фёдаравіч.— Сёння ў гэтай сферы назіраецца важкая канкурэнцыя, і вяскоўцы маюць магчымасць выбіраць, да каго звяртацца.

У выніку камбінат бытавых паслуг быў вымушаны скараціць сферу абслугоўвання, але гэта дало магчымасць сканцэнтраваць сілы на асобных накірунках. У прыватнасці, выраб корпуснай мэблі, пральныя і цырульніцкія паслугі. У сельскай мясцовасці прадстаўнікамі РКБА выступаюць Ружанскі і Шарашэўскі комплексныя прыёмныя пункты, дзе мясцовыя жыхары могуць пакінуць заказы, а таксама наведаць цырульніка ў зручны ім час.

Нягледзячы на значную канкурэнцыю ў мэблевай вытворчасці, і ў гэтай сферы камбінат знайшоў свайго кліента, прапануючы індывідуальныя падыходы. Напрыклад, тут зробяць корпусы кухні, прыхожай або сценкі літаральна па міліметрах. Абавязкова ўлічаць асаблівасці камунікацый і іншы «рэльеф» памяшкання, каб мэбля стала на вызначанае месца без нараканняў. Як расказвае дырэктар прадпрыемства, нават нестандартны густ бяруць да ўвагі: аднаму падабаецца фіялетавы фасад, іншаму — ружовы. Кожная лінія пры замеры вывяраецца разам з заказчыкам.

Фінальны кантроль мэблі праводзяць дырэктар прадпрыемства Анатолій Гвоздзік і станочнік 6 разраду Васілій Люсцібер.

— Гэта надае нашай прадукцыі асаблівую ўнікальнасць, а значыць, спрыяе нарошчванню заказаў ад прыватных пакупнікоў,— падкрэслівае Анатолій Фёдаравіч.— І не толькі з нашага раёна, а нават суседніх.

Каб аблегчыць сувязь з патэнцыяльнымі кліентамі створаны ўласны сайт pruzhany-rkbo.by, а таксама заведзена старонка Пружанскага РКБА ў Інстаграме, дзе можна азнаёміцца з прыкладамі работ, пакінуць заяўку ў любой кропцы і ў зручны для сябе час.

Між тым, нягледзячы на «камерцыйнасць», камбінат захаваў ранейшыя «сацыяльныя» прыярытэты. У прыватнасці, прапануе аблегчаны разлік за прадукцыю ў выглядзе растэрміноўкі на 6 месяцаў без працэнтаў і банкаўскіх афармленняў. Дастаткова ўнесці палову ад выніковай сумы, а астатняе аплачваць паўгода.

Асобна трэба спыніцца і на калектыве прадпрыемства, які налічвае 35 работнікаў. Значная ўвага надаецца прафесійнай кваліфікацыі майстроў, а яшчэ перадачы вопыту ад старэйшых малодшым. Кадравыя змены адбываюцца і тут, што таксама ўлічваецца ў сувязі са складанасцю абсталявання. Сярод вопытных настаўнікаў дырэктар прадпрыемства называе станочнікаў Васілія Люсцібера, Сцяпана Кабрынца, Вадзіма Куцішку, Аляксандра Дземасюка, цырульнікаў Інэсу Трухан, Алёну Чараднічэнка, Анжэлу Марчанка, работнікаў пральні Алену Нагібаву, Вольгу Гвоздзік, Алену Церахаву.

— Асобнае месца ў нашых хроніках займаюць і ветэраны, якіх таксама віншую з юбілеем камбіната. Яны аддалі прадпрыемству нямала сваіх сіл і энергіі.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік