Воскресенье, 5 октября 2025

Напярэдадні Сусветнага дня турызму, які штогод адзначаецца 27 верасня, Пружаншчына сустракала гасцей.

241

У мінулую пятніцу ў наш раён з’ехаліся прадстаўнікі турыстычнай сферы #1рэгіёна. Усё дзеля таго, каб адкрыць для сябе новыя месцы на карце Беларусі, ацаніць патэнцыял нашага краю, пазнаёміцца з магчымасцямі і пераняць вопыт.

Узняць турызм на якасна новы ўзровень, зрабіць яго нацыянальным праектам і па максімуме рэалізаваць яго патэнцыял — патрабаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У нашай краіне ўсё больш увагі надаецца турызму ўнутранаму. І сапраўды: навошта ехаць далёка, калі прыгожае і цікавае побач?

Адзін з прыкладаў — санаторый «Ружанскі». Праграме азнаямленчага тура па Пружаншчыне папярэднічала ўрачыстае ўзнагароджанне суб’ектаў турызму рэгіёна ў Брэсцкім аблвыканкаме. Прыемна, што менавіта «Ружанскі» адзначаны Падзякай упраўлення спорту і турызму аблвыканкама за значны ўклад у развіццё лячэбна-аздараўленчага турызму. Узнагароду дырэктару Уладзіміру Карпечкіну ўручыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктар Рафаловіч.

І сімвалічна, што праграма азнаямленчага тура па Пружанскім раёне для прадстаўнікоў дзяржорганаў і суб’ектаў туріндустрыі Брэстчыны стартавала менавіта з беларускіх Мальдываў — санаторыя «Ружанскі». Удзельнікі мерапрыемства змаглі на свае вочы пераканацца, што ўзнагарода цалкам заслужаная.

Пачалося знаёмства са здраўніцай з дэгустацыі страў беларускай нацыянальнай кухні. Усё суправаджалася аповедам пра гастранамічныя магчымасці ўстановы, аб’екты харчавання на яе тэрыторыі, фірмовую ваду і нават мясныя вырабы.

Далей для работнікаў турызму вобласці арганізавалі экскурсію па тэрыторыі санаторыя. Басейн і вулічная аквазона, джакузі на адкрытай пляцоўцы, зоны СПА, басейн і аквапарк, трэнажорная зала, сучаснае медыцынскае абсталяванне змаглі ўбачыць госці раёна. І гэта толькі малая частка магчымасцяў установы. Не ўпусцілі шанец пабываць у доміку Беларускай Снягуркі і сфатаграфавацца з ёй, а таксама на фоне шматлікіх арт-аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі.

Затым шлях ляжаў у Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў. Дырэктар установы Алена Кубарка распавяла пра экспазіцыі, рэстаўрацыйныя работы і раскопкі, што вядуцца на тэрыторыі комплексу. Не маглі пакінуць па-за ўвагай і яшчэ адну з жамчужын Пружаншчыны — музей-сядзібу «Пружанскі палацык». Пазнаёміла з унікальнымі экспанатамі музея дырэктар турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Пружанскага раёна Вольга Зінкевіч. Зацікавілі ўдзельнікаў азнаямленчага тура і шматлікія сувеніры, якія будуць нагадваць пра Пружаншчыну і якія можна набыць адразу на ўваходзе ў палацык.

Фінальнай кропкай стала аграэкасядзіба «Чадзель». Тут госці змаглі ў чарговы раз пераканацца ў шчырасці і дабрыні жыхароў Пружанскага раёна. З хлебам-соллю, вершамі ды песнямі сустракалі работнікі Роўбіцкага СДК. Затым слова ўзяў уладальнік аграэкасядзібы Пётр Мініч. Ён расказаў пра дзейнасць і «фішкі» аб’екта, прадэманстраваў жылыя памяшканні для адпачываючых і банкетную залу, прапанаваў узняцца на паляўнічую вышку, з якой адкрываецца маляўнічы від на Чадзель і бяскрайнія беларускія прасторы.

Таксама на базе аграэкасядзібы адбылася дыскусія па праблемных пытаннях у сферы аграэкатурызму. Уласнікі такіх аб’ектаў змаглі падзяліцца вопытам і абмяняцца кантактамі для далейшага ўзаемадзеяння.

Азнаямленчы тур стаў выдатнай магчымасцю не толькі для абмену вопытам. Некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства ўпершыню адкрылі для сябе Пружаншчыну і паабяцалі абавязкова вярнуцца. Адкрыць жа наш раён для падарожнікаў дапаможа турыстычны інфармацыйны цэнтр. Пераходзьце на наш сайт visitpruzhany.by, падпісвайцеся на Інстаграм, тэлефануйце і вывучайце Беларусь!

Уладзіслаў Шпарла, спецыяліст ДУ «Турыстычны інфармацыйны цэнтр Пружанскага раёна». Фота аўтара