Воскресенье, 5 октября 2025

Адзіны дзень бяспекі

364

На мінулым тыдні ў Беларусі прайшла маштабная рэспубліканская акцыя «Адзіны дзень бяспекі», ключавой задачай якой стала навучанне правільным паводзінам у надзвычайнай сітуацыі, а таксама аказанню першай медыцынскай дапамогі.

У нашай краіне дзейнічаюць спецыяльныя службы, якія адказваюць за бяспечную жыццядзейнасць у розных сферах. Яны пільна сочаць за абстаноўкай як у быце, так і на вытворчасці. Аднак падраздзяленні экстраннага рэагавання не могуць быць паўсюдна ў тую секунду, як здарыцца бяда, ім патрэбны пэўны час, каб прыехаць на месца аварыі. І вось гэты прамежак з’яўляецца самым каштоўным, калі ад паводзін пацярпелых залежыць іх далейшы лёс. Нехта кідаецца ў паніку, іншыя пачынаюць хавацца. Аднак ёсць дакладныя рэкамендацыі, якія выратавалі ўжо нямала людзей. Менавіта для навучання ім праводзяцца розныя прафілактычныя мерапрыемствы, у тым ліку і Адзіны дзень бяспекі, пад які ўжо другі год запар прызначаны апошні чацвер верасня.

Пачынаецца ён з адпрацоўкі мер па эвакуацыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Мы патрапілі на такое вучэнне на базе Пружанскага завода радыёдэталяў.

Спачатку перад калектывам прадпрыемства выступіў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой, які расказаў пра правільныя дзеянні падчас розных здарэнняў на вытворчасці, алгарытм пакідання працоўных памяшканняў. А потым пасля эвакуацыі ўсяго персаналу на двары былі праведзены вучэнні з выкарыстаннем вогнетушыцеляў. Трэба сказаць, што на гэтым прадпрыемстве бяспецы надаецца павышаная ўвага, дзейнічае добраахвотная пажарная дружына. Таму і з экзаменам калектыў справіўся добра.

— Такія вучэбныя заняткі павінны праводзіцца на пастаяннай аснове,— заўважыў Павел Міхайлавіч.— Іх трэба арганізоўваць як выбарачна для асобных структурных падраздзяленняў, так і маштабна. Сённяшні прыклад, калі ўсе адпрацавалі на выдатна, паказальны. Відавочна, што спецыялісты з самых розных аддзелаў разумеюць, пра што гутарка, ведаюць, як паводзіць сябе, дзейнічаюць зладжана.

Да слова, у гэты дзень толькі на Пружаншчыне акцыя ахапіла дзясяткі розных арганізацый, якія наведвалі работнікі РАНС.

— Мэта — давесці рэакцыю працаўнікоў да аўтаматызму, каб у выпадку НС усе дзейнічалі дакладна і без панікі,— патлумачыла прапагандыст РАНС Іна Хаваўка.— Такія трэніроўкі патрэбны яшчэ і для таго, каб выявіць недахопы, прааналізаваць іх і ўлічыць у далейшай рабоце прадпрыемства.

Таксама Адзіны дзень бяспекі закрануў і падрастаючае пакаленне, для якога сумесна з прадстаўнікамі міліцыі, аховы, Пружанскага раённага газазабеспячэння, энергагазінспекцыі, хуткай медыцынскай дапамогі, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сацыяльных службаў, валанцёрамі Чырвонага Крыжа і таварыствам выратавання на водах была арганізавана інтэрактыўная пляцоўка на плошчы каля Палаца культуры.

Там была выстаўлена спецыяльная тэхніка, якую задзейнічаюць службы выратавання. Акрамя таго, юным гледачам спецыялісты прадэманстравалі сваё аснашчэнне і выкарыстоўваемае абсталяванне. Да ўсяго можна было дакрануцца і прымераць, паспрабаваць свае сілы ў выяўленні ўцечкі газу, тушэнні пажару і нават у затрыманні правапарушальнікаў з дапамогай службовага сабакі.

На спецыяльных стэндах былі арганізаваны квэставыя гульні, пры правільных адказах на віктарыну або паказ патрэбных дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі ўдзельнікі атрымлівалі карысныя падарункі.

Ці з карысцю прайшоў Адзіны дзень бяспекі?

Віка Ашмянка і Ксенія Крыштафовіч, СШ №3:
— Вельмі спадабалася лакацыя Чырвонага Крыжа, дзе вялося навучанне аказанню першай медыцынскай дапамогі, асабліва, як рабіць масаж сэрца.

Данііл Пекун, СШ №1 імя ЧБВА:
— Вельмі прыцягальна арганізавалі сваю зону праваахоўнікі, асабліва супрацоўнікі аддзела аховы. Менавіта ў іх правёў больш за ўсё часу.

Аксана Чалоўская, Слабадская СШ:
— Было карысным пабачыць з вучнямі менавіта лакацыю цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, пазнаёміцца з іх падыходамі да навучання, якія прасякнуты дабрынёй. А яшчэ ўразіла аснашчэнне работнікаў МНС: бачна, што яны гатовы да дзеянняў у любой сітуацыі.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік