
У гуртку займаюцца тры рознаўзроставыя групы. Сюды прыходзяць хлапчукі з палымянымі вачыма і вялікім жаданнем спасцігнуць нешта новае і стварыць гэта сваімі рукамі. Для іх майстэрня становіцца прыцягальным месцам творчасці і самавыяўлення. Тут няма сумных урокаў, толькі сумесны пошук рашэнняў, рызыка і радасць ад маленькіх, але такіх важных перамог.
Тэхнічнае мадэліраванне — гэта фундаментальная школа для развіцця інтэлекту і грунтоўнага мыслення, дзе абстрактныя законы фізікі і геаметрыі ажываюць на кончыках пальцаў юных умельцаў.
У эпоху лічбавых тэхналогій, калі ўсё даступна дзеяннем у адзін клік, каштоўнасць сапраўднай ручной працы толькі ўзрастае. Менавіта тут, у майстэрні Пружанскага дзіцячага дома творчасці пад кіраўніцтвам Аляксандра Ляшчынскага юныя канструктары спасцігаюць асновы інжынерыі, вучацца чытаць чарцяжы і з гонарам бачаць вынік свайго цярпення і працы — ад ідэальна сабранага корпуса карабля да складанай хадавой часткі танка. Для выхаванцаў кружка тэхнічная творчасць становіцца першым крокам у вялікую навуку і рэальным увасабленнем мары. На занятках пануе асаблівая магія стварэння, калі са звычайнага ліста фанеры, шпону і клею, а таксама ўседлівасці і неверагоднага цярпення нараджаецца не проста мадэль, а цэлая гісторыя сухапутных войск і флоту.
— Калісьці ў 1-й школе я сам займаўся ў гуртку мадэліравання пад кіраўніцтвам выдатнага педагога Яна Іосіфавіча Шырмы. Гэта настолькі зацягвае, што нават праз гады ты ўсё роўна вяртаешся да гэтай дзейнасці. Пачыналі знаёмства з мадэліравання простых бірулек і скарбонак, а потым пайшлі больш складаныя караблі і паруснікі. Чарцяжы будучых мадэляў вывучалі па часопісе «Канструктар-мадэліст» і па спецыяльных кнігах. Гэта было вельмі цікава і захапляльна, — успамінае Аляксандр Сяргеевіч.
Складана ўявіць, што Сяргей, аграном па адукацыі, насамрэч знайшоў сябе менавіта ў мадэляванні. Пасля тэхнікума была праца ў розных сферах, але недзе ў глыбіні душы гарэла іскра, запаленая яшчэ ў школе. Праз гады дзіцячае захапленне перарасло ў справу ўсяго жыцця. Ён вярнуўся да мадэляў і чарцяжоў амаль 16 гадоў таму, але ўжо ў ролі настаўніка. І гэты ўнутраны агонь зараз перадае сваім вучням.
Гурток мадэліравання пад кіраўніцтвам Сяргея Ляшчынскага — гэта жывы арганізм, які развіваецца разам са сваімі выхаванцамі.
На занятках пануе асаблівая атмасфера, дзе кожная, нават дробная дэталь мае значэнне. Тут таксама ўсё пачыналася з класікі — караблі, лодкі, паруснікі, зборка якіх вучыць акуратнасці і разуменню далікатнасці канструкцыі.
Сёлета выхаванец Міхаіл Салапонаў стаў яркім таму пацвярджэннем. Ён заваяваў дыплом I ступені і званне пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці ў намінацыі «Мадэліраванне».
Гэта перамога не выпадковасць, а заканамерны вынік сістэмнай працы і таленту, які ўмела накіроўвае настаўнік. Гурткоўцы са сваім шматлікім арсеналам прымаюць актыўны ўдзел у розных выставах, конкурсах і прэзентацыях.
На рахунку ў Аляксандра Сяргеевіча дзясяткі рэалізаваных праектаў і незлічоная колькасць гадзін, патрачаных на тое, каб дзіцячая мара, як і яго ўласная, знайшла шлях да ўвасаблення. Але і гэта яшчэ не мяжа фантазіі. Выхаванцы ўжо стварылі некалькі радыёкіраваных мадэляў, адна з якіх — яхта. Яна ўжо паказала сябе ў справе, выкручваючы піруэты на воднай паверхні. А лепшая ўзнагарода для педагога — шчаслівыя вочы навучэнцаў, якія ўпершыню запускаюць уласнаручна сабраную мадэль.
Сёння ў майстэрні кіпіць работа над больш «сухапутнымі» праектамі. Выхаванцы з захапленнем мадэлююць танкі, БМД і іншую ваенную тэхніку. Але гэта не проста выразанне і склейванне дэталяў, на кожным занятку адбываецца невялікае даследаванне. Перад тым як стварыць мадэль, юныя канструктары вывучаюць яе гісторыю, тактыка-тэхнічныя характарыстыкі, даведваюцца аб легендарных бітвах з удзелам гэтых машын. Так звычайнае хобі ператвараецца ў захапляльны ўрок гісторыі і інжынерыі. І хто ведае, можа быць хтосьці з гэтых юнакоў у будучыні стане добрым канструктарам і створыць сваю непаўторную цуда-машыну.
Ірына Велясевіч. Фота аўтара