Вторник, 30 сентября 2025

Святасць зямлі беларускай

346

Так называецца выстава карцін, якая адкрылася ў Пружанскім палацыку напрыканцы мінулага тыдня.

Ведаеце, унікальнасць выстаў, якія прапаноўвае наш музей, заўсёды ўражвае. Цеплыня, душэўнасць, хатняя ўтульнасць прасочваюцца на кожным мастацкім мерапрыемстве, якія арганізуюць супрацоўнікі палацыка.

Такая ж цеплыня струменілася ад карцін, якія былі прадстаўлены на выставе ў гэту суботу. Калекцыя складалася з палотнаў мастакоў Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Малдова, твораў выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і творчых работ лаўрэатаў усебеларускага конкурсу дзіцячых малюнкаў на тэму: «Ефрасіння Полацкая — ахоўніца і нябесная заступніца зямлі беларускай». Арганізатарамі праекта выступілі беларуская праваслаўная царква, ГА «Беларускі саюз мастакоў», «Беларускі саюз жанчын», «Беларускі саюз журналістаў», ГАА «Белінжынірынгбудінвест».

Адразу спяшаюся папярэдзіць аматараў мастацтва, што выстава будзе ў Пружанах толькі да 5 кастрычніка. Таму паспяшайцеся атрымаць асалоду і зарад энергіі, якая ідзе ад карцін. Я такую набыў на адкрыцці выставы.

Асаблівую энергетыку надавала выступленне вакальнага ансамбля «АМАФОР» філіяла Навазасімавіцкага СДК, якім кіруе Наталля Данцова. Ангельскія галасы зліваліся з ззяннем палотнаў у адзінае цэлае.

Ніколі не пакідаюць раўнадушнымі пропаведзі і прамовы благачыннага цэркваў Пружанскай акругі, настаяцеля сабора Благавернага князя Аляксандра Неўскага ў Пружанах протаіерэя Міхаіла Носкі. Айцец Міхаіл так заўсёды пранікнёна расказвае аб дзеяннях праваслаўных святых, што кожнае яго слова ўліваецца ў самую глыбіню душы. І ў гэты раз яго расказ пра жыццёвы і духоўны подзвіг заступніцы зямлі беларускай Ефрасінні Полацкай уразіў сваім духоўным напаўненнем, веданнем гісторыі, звязанай з сучаснасцю.

Старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка свой зварот да прысутных звязала з роллю жанчыны ў станаўленні духоўнай напоўненасці Беларусі, яе каштоўнасцях і суцэльнасці.

У дзень адкрыцця выставы наведвальнікаў было не так і шмат. Думаю, што за той час, які арганізатары адвялі пад гэты вернісаж, яго наведае багата знаўцаў сапраўднага духоўнага мастацтва. Цікава было даведацца ў наведвальнікаў выставы, ці кранулі іх работы мастакоў.

Раіса Камолава прыехала да сваіх родных у Брэст са Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Вырашылі павандраваць па гарадах Брэстчыны. Да гэтага праз інтэрнэт даведаліся пра славутасці гарадоў Беларусі. Першым наведалі Пружаны, менавіта палацык. Толькі зай-шлі і яе накіравалі на выставу. Яна ўражана палотнамі, якія тут прадстаўлены. Асабліва цікавым было даведацца з вуснаў айца Міхаіла пра Ефрасінню Полацкую. Гэтая святая добра вядома і ў Расіі, але падрабязнасці пра яе духоўны подзвіг Раіса не так і многа ведала. Яна падзякавала арганізатарам за такі духоўны вернісаж.

Затым дырэктар Пружанскага палацыка Ангеліна Маруфенка зрабіла жанчыне і яе родным экскурсію па пастаянна дзеючых экспазіцыях музея.

Анастасія Супруновіч працуе ў судзе Пружанскага раёна. Разам са сваімі калегамі вырашылі наведаць выставу. Дзяўчатам вельмі спадабаліся палотны і сама выстава.

Добрымі словамі аб карцінах і арганізатарах выставы адазвалася жыхарка Пружан Святлана Касьян. Яна пажадала пабольш такіх вернісажаў праводзіць у нашым музеі.

Пранікнёнымі былі словы аб карцінах нашай славутай Ніны Дыдышка. Яна расказала, што з імем Ефрасінні Полацкай яе звязваюць успаміны пра школу, дзе яна ў падручніках чытала пра жыццё беларускай святой. А на выставе Ніна Васільеўна больш глыбока ацаніла сам вобраз Ефрасінні Полацкай. Яна шчыра дзякавала арганізатарам за дадзеную ўнікальную магчымасць убачыць палотны з экспазіцыі.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара