Вторник, 30 сентября 2025

Семья Зубко создала Линовский Версаль

939

Уявіце сабе вясковую вуліцу, дзе цішыню парушаюць толькі спевы птушак і шолах лістоты. А зараз намалюйце сабе мысленна, што за сціплым плотам аднаго з двароў адчыняецца сапраўдны аазіс — буянства фарбаў, ідэальныя формы, водар ігліцы і колераў, дзе кожная расліна дыхае любоўю і клопатам.

Як усё пачыналася
Гэта не фатаграфія з глянцавага часопіса, а рэальнасць, створаная рукамі Ірыны Зубко і яе сям’і ў аграгарадку Лінова. А яшчэ гісторыя пра тое, як звычайны прысядзібны ўчастак можа стаць крыніцай натхнення, сямейным набыткам і сапраўдным батанічным садам, вырашчаным ад чыстага сэрца.

Усё пачалося ў 2014 годзе, калі маладая сям’я Зубко — Ірына, яе муж Міхаіл заклалі падмурак свайго сямейнага гнязда. Ужо тады, сярод будаўнічых матэрыялаў і мітусні, нарадзілася мара аб зялёным кутку.

— У маёй мамы заўсёды было шмат кветак. Гэта яна мне прывіла любоў і трапяткія адносіны да зялёных наса-джэнняў. Вось адсюль усё і пачалося, — успамінае Ірына.

Пакуль узводзіліся сцены, ля каранёў будучай хаты ўжо закладвалася жыццё. Першымі жыхарамі саду сталі туі і іншыя іглічныя, каб нават халоднай зімой участак цешыў вока сакавітай зелянінай. А побач, нібы прадчуваючы хуткае наваселле, ужо цвілі сонечныя астры і аксаміткі. І гэта быў толькі пачатак. З кожным годам іх станавілася ўсё больш і больш, а палітра падворка ўсё багацей і ярчэй.

Калі сям’я нарэшце засялілася ў новую хату, для Ірыны надышоў час вялікай творчасці. Яна пачала прыдумляць дызайн усяго ўчастка, планаваць размяшчэнне кветнікаў і дарожак. Не маючы прафесійнай адукацыі ландшафтнага дызайнера, яна дзейнічала так, як падказвала сэрца і пачуццё прыгожага. І, мяркуючы па выніку, у яе ўсё атрымалася.

Для бухгалтара Ірыны Зубко праца на зямлі — лепшая тэрапія пасля вялізнай колькасці лічбаў, справаздач і строгай дакументацыі. Гэта і творчасць, і аддушына, і глыбокае духоўнае самазадавальненне. Бо ўсё, што зроблена сваімі рукамі і з любоўю да роднай зямлі — проста бясцэнна.

Праца сям’і была па заслугах ацэнена на мясцовым узроўні. У адным з конкурсаў па добраўпарадкаванні яны занялі першае месца, а на свяце вёскі іх старанні высока ацаніў сельвыканкам. Гэта быў не проста прыз, а прызнанне вялікай працы і бездакорнага густу.

Новае мастацтва
Пару гадоў таму Ірына асвоіла новае для сябе мастацтва — тапіярную стрыжку. Пачалося, як гэта часта бывае, з цікавасці: спачатку глядзела майстар-класы ў інтэрнэце, а потым адважылася сама. Не ўсё атрымлівалася адразу. Знакамітыя шарыкі з туй ніяк не выходзілі ідэальнымі. Але ў сям’і Зубко ўсё робяць разам. З першай, самай адказнай стрыжкай, дапамог Міхаіл, бо электрапіла — інструмент не з лёгкіх. Даводзіць да розуму дробныя дэталі прыходзілася секатарам, таму папрацаваць прыйшлося на славу.

Цяпер стрыжка раслін два разы на год, вясной і восенню, стала абавязковым рытуалам. Гэта не толькі для прыгажосці, але і для здароўя раслін. За ўсім трэба «вока ды вока»: своечасова апрацаваць, паліць, унесці ўгнаенні. І за ўсім гэтым стаіць вялізнае цярпенне і адказнасць, а яшчэ — неверагоднае жаданне зрабіць свет вакол сябе ярчэйшым і прыгажэйшым.

Кветкавы рай
Асаблівы гонар Ірыны — гэта яе разарый, сапраўдны ружовы рай і сімфонія кветак. Каля 100 кустоў руж розных сартоў і адценняў ствараюць неверагодную па прыгажосці карціну. Яны патрабуюць павышанай увагі, дбайнага догляду і пастаяннага клопату, але вынік, як кажа сама гаспадыня, гаворыць сам за сябе.

Разнастайнасць кветак на ўчастку проста здзіўляе: пышныя шапкі хрызантэм, яркія дываны аксамітак, неверагодныя астры, каскады петуній, утульная герань, самшыт, бягонія, а яшчэ лаванда, юка, гартэнзія … Усяго не пералічыць. Дзіўным чынам Ірына падабрала расліны так, што яе ўчастак красуецца з ранняй вясны і да позняй восені. Гэта асаблівая магія, падуладная толькі сапраўднаму знаўцу прыроды. Нядзіўна, што госці і проста прахожыя часта спыняюцца, каб палюбавацца гэтай прыгажосцю і абавязкова зрабіць фота на памяць, бо такое хараство не часта сустрэнеш.

Яе памочнікі
Галоўная крыніца сіл — гэта падтрымка сям’і. Надзейныя памочнікі ва ўсіх пачынаннях — муж Міхаіл і сын Уладзіслаў.

— Калі сям’я збіраецца разам, тады і справа спорыцца і душа спявае, — упэўнена гаспадыня. Іх агульная справа — не проста ўчастак, гэта месца сілы і яднання родных людзей.

Сям’я Зубко не спыняецца на дасягнутым. Ужо ў 2019 годзе яны занялі трэцяе месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе ўпрыгожванне, даказаўшы, што іх сядзіба цудоўная ў любую пару года. Але яны ўпэўнены, што заўседы ёсць куды імкнуцца.

Зараз у гаспадароў вялікія планы: перарабіць цэнтральны кветнік, дадаць больш высакародных штамбавых соснаў і елак, пасадзіць магноліі. А яшчэ, прадумаўшы спецыяльнае асвятленне, стварыць сапраўдную магію ўвечары, каб кожны ліхтарык мякка асвятляў вызначаную зону, падкрэсліваючы цеплыню і ўтульнасць. Іх працавітасць і творчы парыў, памножаныя на падтрымку блізкіх, сапраўды ствараюць цуд і дораць радасць усім, хто яго бачыць. І каб жыць у такім цудоўным свеце, яго спачатку трэба стварыць сваімі рукамі.

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік