Воскресенье, 5 октября 2025

Ружанская средняя школа имени Казимира Марача вновь распахнула свои двери для новых знаний и открытий

634

Дзень ведаў, які адзначаецца ў Беларусі 1 верасня, пачаўся сімвалічна на старце працоўнага тыдня.

Святочнасці дадавалі прыгожыя вучні з букетамі кветак, бацькі, якія вялі за руку сваіх дзетак у першы клас. Раніца была рухомай. Напрамак адзін — школа, якіх у нашым горадзе чатыры, і адна гімназія. У населеных пунктах раёна таксама было людна, як, напрыклад, у Ружанах. Тут таксама частка насельніцтва спяшалася ў сярэднюю школу імя Казіміра Марача. Прыехалі сюды і старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Момлік, намеснік начальніка 210 авіяцыйнага палігона Вадзім Семак, старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская, дырэктар ААТ «Ружаны-Агра» Андрэй Босак, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла протаіерэй Аляксандр Сень.

Зразумела, што ў цэнтры ўвагі святочнай лінейкі, прысвечанай Дню ведаў, былі першакласнікі і будучыя выпускнікі 2026 года, а яшчэ настаўнікі, якія стануць першымі правадырамі ў краіну ведаў, ад прафесіяналізму якіх шмат у чым залежыць, кім вырастуць хлопчыкі і дзяўчынкі.

Са словамі віншаванняў да прысутных звярнулася дырэктар школы Ала Стасюкевіч, якая затым уручыла падзякі вучням. Добрыя словы падзякі і віншаванняў гучалі ад Міхаіла Грышкевіча,
Аксаны Юркоўскай, Андрэя Босака, айца Аляксандра. Былі падарункі ад кіраўніцтва раёна і акцыянернага таварыства.

Прагучаў першы школьны званок і вучні адправіліся на свой першы ўрок пад назвай «Эстафета пакаленняў: захоўваючы мінулае, ствараем будучае». Разам з гасцямі мы пабывалі на такім уроку ў 10 класе. А яшчэ зазірнулі ў школьную сталоўку, дзе якраз праходзіў першы сняданак першакласнікаў. Пачаліся школьныя будні. У добры шлях, вучні!


Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны Масік