
А мэта ў нашых хлебаробаў адна — паспяхова справіцца з сёлетнім жнівом, не пакінуць на палетку ніводнага каласка, забяспечыць краіну збожжавымі і зернебабовымі культурамі, так сказаць, стварыць харчовую бяспеку для суайчыннікаў. І днём, і нават у начны час не сціхае гул на палетках, добра што надвор’е ў апошні час спрыяе ўборцы. Вось-вось, здаецца, наступіць доўгачаканае завяршэнне жніва і камбайнеры пачнуць падрыхтоўку сваёй тэхнікі для захавання. Але трэба крышку пачакаць, бо яшчэ, напрыклад, не ўбраны яравы рапс.

Вырошчваннем дадзенай сельгаскультуры ў нашым раёне займаецца пяць гаспадарак: ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка», «Роўбіцкае», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Ліноўскае» і «Агра-Калядзічы». Самыя вялікія плошчы ў апошняй гаспадарцы — 180 га, або трэць агульнага пляца (усяго па раёне — 565 га), яна першай у гэтую сераду прыступіла да выбарачнай уборкі яравога рапсу. Спачатку патрэбна вызначыцца са спеласцю, каб потым несці менш затрат на дапрацоўку. Адразу на палетку каля в. Дабучын вядучы аграном сельгаставарыства Сяргей Усік спецыяльным прыборам вызначыў узровень вільготнасці рапсу, якая склала менш за 8%. А гэта ўжо паказчык для таго, каб да асыпання зерня пачаць уборку і потым адправіць на рэалізацыю. Мінулагодняя ўраджайнасць у ААТ «Агра-Калядзічы» дадзенай сельгаскультуры склала 32 ц/га. Сёлета мяркуюць, што будзе на ўзроўні 30 ц/га. І для йяперашніх пагодных умоў гэтая лічба даволі прыдатная, а калі ўдасца перасягнуць паказчык 2024 года, тады хвала аграрыям гаспадаркі!
Можна задацца пытаннем, чаму толькі некаторыя сельгаставарыствы раёна вырошчваюць яравы рапс? Аказваецца, культура вельмі патрабавальная да віду глебы, лепш падыходзяць тарфянікі, якімі багата не кожнае таварыства. А яшчэ ж патрэбна падабраць правільнага папярэдніка, гэта могуць быць прапашныя культуры, тая ж кукуруза, яшчэ азімыя збожжавыя. Апрацоўка зямлі пад яравы рапс павінна быць скіравана на максімальнае ачышчэнне поля ад пустазелля, выраўноўванне. Уносіць угнаенні таксама патрэбна з веданнем справы, улічваючы, што культура вельмі «ахвочая» да забеспячэння глебы борам, цынкам, марганцам. Патрабаванняў шмат, але і аддача немалая.
Як заўсёды, у ААТ «Агра-Калядзічы» вялікая ўвага надаецца тэхніцы бяспекі, каб не пацярпеў ніводзін працаўнік. Удзельнікі жніва забяспечаны спецадзеннем, тэхніка аснашчана супрацьпажарнымі сродкамі. Абавязкова на палетку, дзе праводзіцца ўборка, дзяжурыць асабісты пажарны аўтамабіль. Ды і самі людзі сур’ёзна адносяцца да працоўных абавязкаў, берагуць даручаную тэхніку. Напрыклад, вопытныя старшы камбайнер Віктар Імховік і камбайнер Аляксей Шукураў, якія на бягучае жніво прынялі новы камбайн «GS-2124». Разумеюць, што кіраўніцтва ААТ «Агра-Калядзічы» давярае ім, таму не дапускаюць пралікаў у рабоце і стараюцца не падвесці сельгаставарыства. А калі такіх працаўнікоў большасць, то і пастаўленыя задачы ўсе будуць выкананы.
Сонца свеціць усім на гэтай зямлі. Але вельмі хацелася, каб для нашых хлебаробаў яно аддавала больш пяшчоты, не паліла, а сагравала, настройвала на пазітыўны лад. Яны гэтага заслужылі.
Вадзім Раўнейка
На здымках:
- Па словах камбайнера Аляксея Шукурава і старшага камбайнера Віктара Імховіка, такі яравы рапс не можа не радаваць душу.
- Вядучы аграном ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Усік узроўнем вільготнасці сельгаскультуры задаволены.
Фота Алега Сідарэнкі.