Понедельник, 6 октября 2025

Першыя ў Першым рэгіёне

536

Ні адна тона зерня падчас уборачнай кампаніі не даецца лёгка. Ад веку жніво — работа вельмі важная, яна не даруе абыякавасці і халатнасці, а яшчэ патрэбна запасціся цярпеннем і давесці справу акурат да дажынак. Каб з палёгкай выдыхнуць, сцерці салёны пот са лба і сказаць: не пасарамаціў ні сябе, ні родную гаспадарку, ні шчырага беларускага хлебароба. Гэта чакае наперадзе, а пакуль што нашы экіпажы камбайнераў працягваюць планамерна і ўпэўнена ўбіраць збожжавыя плошчы і, канечне, радаваць сваімі новымі перамогамі на жніве-2025.

Сёлета ўжо другі раз на вобласці адзначыліся старшы камбайнер Міхаіл Фядотаў і камбайнер Мікалай Бірук з ААТ «Жураўлінае». Мужчыны зноў даказалі, што нічога немагчымага ў гэтым свеце не існуе, проста трэба вельмі захацець, паставіць перад сабой мэту і ўпарта да яе ісці. Такія яны, працаўнікі аднаго з вядучых сельскагаспадарчых вытворцаў Брэстчыны, злыя да работы, абедам не пакармі, а дай хутчэй сесці за штурвал і выйсці на прасторы залатых палеткаў. Таму і 2000 тон намалочанага зерня таксама за ўзгаданым экіпажам. Дзякуй і камбайну «GS-2124», тэхніка не падводзіць, працуе, як гадзіннік, бачна беларуская зборка. З гэтай нагоды ў адрас хлебаробаў у мінулую суботу і гучалі цёплыя словы, апладысменты і задушэўныя песні.

Першы рэгіён ганарыцца адказнымі і шчырымі працаўнікамі, для астатніх — гэта жывы прыклад сумленных адносін да работы, калі ў чалавеку ад прыроды закладзена любоў да зямлі. Такія словы пераможцам жніва адрасаваў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Шчуплянкоў.

№Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч падкрэсліў, што кожнае жніво паказвае, наколькі падрыхтаваліся гаспадаркі да гарачай пары, а людзі настроілі сябе на пакарэнне працоўных вяршынь. Дык вось, у ААТ «Жураўлінае» на дадзены момант усё ідзе найлепшым чынам. Склаўся тандэм, калі кіраўніцтва сельгаставарыства стараецца папярэдзіць усе непрадбачаныя сітуацыі, а працаўнікі адказваюць зладжанай работай.


Узначальваць такі калектыў — гэта вялікі гонар, бачыць такія высокія паказчыкі — як бальзам на душу, што людзі на сваім месцы, разам ідуць да перамог. Парадаваўся за чарговых абласных тысячнікаў і член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч.
Ні падарункаў, ні кветак ніколі многа не бывае, бо яны заслужаныя, будуць напамінкам аб тым, што ты вялікі малайчына, у цябе ўсё атрым-ліваецца. Так трымаць і далей!


Вадзім Раўнейка
Фота прадастаўлена ААТ «Жураўлінае»