Понедельник, 6 октября 2025

А чым займаюцца вашы дзеці?

337

Летнія канікулы могуць пакінуць не толькі добрыя ўражанні, асабліва, калі не кантраляваць дзіцячыя забавы. У сваіх гульнях малыя могуць перайсці мяжу дазволенага, пасля якой нязначныя свавольствы могуць стаць правапарушэннем і нават злачынствам.

Здаецца, нявінны ўчынак, калі непаўналетні размаляваў нечым агароджу або сцяну дома. Калі ён зрабіў гэта крэйдай, то так і будзе. А калі возьме балончык з фарбай? Потым беспарадак давядзецца ліквідаваць, што звязана з адпаведнымі выдаткамі. І кампенсаваць іх будзе той, хто ўчыніў такое адміністрацыйнае правапарушэнне. Дакладней, той, хто не пракантраляваў свайго сына або дачку.
А яшчэ варта спыніцца на хуліганствах, асабліва на тых момантах, калі дарослыя лічаць гэты ўчынак нейкай бесклапотнай гульнёй. Трэба ведаць, што нават брыдкаслоўе ў грамадскіх месцах, да якіх можна аднесці і дваровую тэрыторыю, лічыцца хуліганствам. Здаецца, падлетак проста ўдарыў па дзвярах магазіна або пад’езда. А гэта ўжо грамадская маёмасць, за захаванне або аднаўленне якой таксама давядзецца адказваць.

Кожны з нас памятае той дзень, калі першы раз паспытаў алкаголь. Нехта «перажыў» гэта ў паўналетнім узросце, але, як сведчыць сумная статыстыка, так бывае не ва ўсіх. Асабліва зараз, калі выбар піва, слабаалкагольных напояў даволі высокі, а ў моладзі грошай хапае. У выніку непаўналетнія ў нецвярозым стане, асабліва часцей падчас канікулаў, у тым ліку і летніх, трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў. А гэта з’яўляецца падставай для пастаноўкі на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх. Асаблівая адказнасць ускладваецца на дарослых, якія распівалі спіртное ў адной кампаніі з падлеткамі.

І апошняе, на што вельмі хочацца звярнуць увагу бацькоў. Лета — працяглы час, калі дзеці нічым не занятыя. А гэта ўжо выдатная магчымасць для розных зламыснікаў, якія ўцягваюць падлеткаў у злачынныя дзеянні, абяцаючы лёгкі заробак.

Нядаўна супрацоўнікі наркакантролю Брэстчыны па падазрэнні ў збыце наркотыкаў затрымалі дваіх падлеткаў. Устаноўлена: прапанову злачыннага заробку 14-гадовы школьнік, які прыехаў з суседняй краіны на канікулы да бабулі, і 16-гадовы навучэнец каледжа з Белаазёрска знайшлі ў месенджары. З імі звязаўся куратар наркамаркета і паабяцаў лёгкія грошы. Пасля адпаведнага «навучання» новаспечаныя кур’еры атрымлівалі аптовыя партыі тавару, фасавалі і распаўсюджвалі праз закладкі на тэрыторыі Бярозаўскага раёна.

У схованцы ў Пінскім раёне, куды фігуранты прыехалі за чарговай пастаўкай, выяўлена і канфіскавана звыш 250 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС. Крымінальным заробкам яны займаліся каля трох тыдняў на працягу першага месяца канікулаў.
Следчымі ўзбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту. Падлеткам пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі, бо адказнасць настае з 14-гадовага ўзросту!

Зразумела, чым ім запомняцца летнія канікулы 2025 года. А чым яны запомняцца вашым дзецям? Безумоўна, лепш за ўсё, калі гэтыя ўражанні будуць арганізаваны самімі бацькамі. Кантроль з боку якіх абавязкова патрэбны, асабліва падчас настолькі працяглага адпачынку.

Кантралюйце сваіх дзяцей, цікаўцеся іх захапленнямі, колам зносін, у тым ліку віртуальным. У дзіцяці з’явіліся грошы невядомага паходжання, гаджэты ці іншыя каштоўныя рэчы? Ён вядзе патаемныя перапіскі ў інтэрнэце? Ёсць нагода насцярожыцца!

Аляксандр Семаковіч,
начальнік РАУС