Вторник, 7 октября 2025

Толькі адзін дзень у «Дубку»!

524

Лета — гэта маленькі кавалачак цэлага жыцця. Асабліва для дзяцей, якія на канікулах адпачываюць у аздараўленчым лагеры «Дубок». Вось ужо і трэцяя змена, кожны дзень якой напоўнены яркімі падзеямі, новымі знаёмствамі і незабыўнымі эмоцыямі. А ўжо калі надыходзіць дзень спорту — энергія б’е цераз край!

Адпачынак у дзіцячым лагеры — гэта калейдаскоп яркіх уражанняў і дзіўных адкрыццяў, пераплецены з нястрымнай энергіяй дзяцінства. Кожная змена прысвечана пэўнай тэматыцы. Мы патрапілі на 3-ю — «Па развіцці і самаразвіцці асобы», на якую прыехалі адпачыць і паправіць здароўе 146 хлапчукоў і дзяўчынак з усяго раёна ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў.

З самай раніцы тут пануе асаблівая атмасфера. Пасля зарадкі і смачнага сняданку 10 атрадаў разыходзяцца па сваіх карпусах, дзе важатыя аб’яўляюць пра будучыя мерапрыемствы. У дзень нашага прыезду ў лагеры праходзіла маштабная спартландыя — камандныя спаборніцтвы паміж атрадамі. Малыя тут жа загарэліся рызыкай: хто ж будзе самым хуткім, спрытным і згуртаваным?

— У нас кожны дзень насычаная праграма. У першай палове дня, як правіла, праходзяць спартыўныя мерапрыемствы. Пасля абеду і ціхага часу пачынаюцца гульні па станцыях, розныя турніры. А ў вечары праводзіцца агульналагернае мерапрыемства, да якога рыхтуюцца ўсе. Атрады таксама спаборнічаюць, паказваюць сваё акцёрскае майстэрства, вакал, харэаграфію, уменне трымацца на сцэне, размаўляць з гледачамі. Дух саперніцтва заўсёды прысутнічае, паколькі гэта матывуе атрады быць лепшымі, больш яркімі і цікавымі. Зусім нядаўна праходзіў конкурс «Зарадак», «Старыя казкі на новы лад», «Містар і Міс лагера». Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць, часам нават цягнуць жэрабі, хто ж будзе выступаць за атрад. А яшчэ самі прыдумляюць крэатыўныя назвы атрадаў, напрыклад, «Драйв», «Памылка 404», «Крутыя бабры», ну хто так яшчэ зможа? — дзеліцца старэйшая выхавальніца 3-й змены Марыя Нікіцюк.


Вясёлыя старты ў дзень нашага прыезду праходзілі на галоўнай спартыўнай пляцоўцы пад дэвізам: «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!». Праграма спаборніцтваў была насычанай і складалася з 5 конкурсаў: эстафета з абручамі, мячамі, шарык на ракетцы, мяшкі на галаве і конкурс на хуткасць. Тут важна не толькі сіла і спрыт, але і зладжанасць каманды. Смешныя конкурсы з мячамі, абручамі і мяшкамі выклікалі буру эмоцый. Асабліва запомніўся момант, як самы малодшы 9-ы атрад «Крутыя бабры», нягледзячы на невялікі рост, праявіў неверагодную згуртаванасць і ў сваёй узроставай групе заняў першае месца ў эстафеце. Іх падтрымлівалі ўсе — нават сапернікі.


— Я прыехала сюды з Шарашэва і адпачываю ў лагеры першы раз. Мне параіла мая школьная сяброўка правесці час менавіта тут, і я не шкадую. Лагер вельмі цудоўны, у нас выдатныя важатыя, кожны дзень прыдумляюць новыя мерапрыемствы, увогуле, сумаваць не даводзіцца, — расказала Ліза Мазіна.

— Мне пашчасціла трэці год запар прыязджаць у «Дубок», і ехаць у іншае месца ніколі не хацелася. Ён вельмі ўтульны, я тут адпачываю, як дома. Пазнаёмілася з новымі сябрамі з іншых атрадаў і знайшла сваіх аднадумцаў, — падзялілася Вара Ляўчук з Пружан.

— Я таксама прыязджаю сюды ў трэці раз і вельмі задаволены. Жыву ў в. Куплін, дзе вакол лес і прырода, але тут усё па-іншаму. Час ляціць непрыкметна і ты забываеш пра ўсё. Я стараюся ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах. Нядаўна перамог у конкурсе «Містар лагер — 2025», атрымаў грамату і памятны сувенір. Гэтая змена запомніцца мне надоўга, — кажа Арцём Разанка. — Вельмі падабаецца, што кожны дзень у канцы дыскатэкі мы запаўняем «Карту настрою», дзе пішам свае ўражанні за мінулы дзень, а потым падводзім вынікі.

У аздараўленчым лагеры для дзяцей і выхавальнікаў створаны ўсе ўмовы для паўнацэннага, актыўнага, камфортнага адпачынку і працы. Адрамантаваныя карпусы, маленькія ўтульныя пакоі, душ, санвузел, вялікая сталовая, клуб — усё знаходзіцца побач. У мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю санітарны блок, дзе можна памыць бялізну, ёсць таксама сушыльная машына і службовыя памяшканні.

Пасля ціхага часу, дзе «дубоўцы» адпачываюць і набіраюцца сіл, пачынаюцца квэсты, гульні па станцыях, розныя турніры. Тут праводзіцца шмат конкурсаў на логіку, веды, кемлівасць, уменне хутка арыентавацца ў пэўных умовах. У канцы дня праходзіць падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў заслужанымі граматамі. Але самае галоўнае — ніхто не пакідае мерапрыемства без усмешкі. Нават тыя, хто ў гэты дзень не заняў прызавых месцаў, радуюцца агульнаму настрою, новым уражанням і праводзяць працу над памылкамі, каб ужо заўтра быць у лідарах.

Але галоўны прыз — гэта дыскатэка! Гучаць «топавыя» хіты, пад якія важатыя са сваімі атрадамі дэманструюць танцавальныя нумары, а ў канцы аб’яўляюць агульны, дзе ўсе разам, узяўшыся за рукі, развітваюцца з пройдзеным днём. Гэта ёсць вялізная з‘яднаная сіла сяброўства, даверу і адзінства.

Безумоўна, стрыжнем лагера з’яўляюцца выхавальнікі — маладыя, задорныя, крэатыўныя. Некаторыя праходзяць педагагічную практыку, многія ўжо працуюць па спецыяльнасці і кожнае лета «прападаюць» у лагерах. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да дзяцей, высокі прафесіяналізм і адданасць любімай справе. Выхавальнік 3-га атрада «Качаняты» Максім Калужскіх з г. Пінска. Пайшоў па шляху свайго дзеда — настаўніка матэматыкі і інфарматыкі. Трэці год працуе ў аздараўленчых лагерах і кажа, што гэта лепшае баўленне часу, калі можна забыць пра формулы і задачы, зарадзіцца неверагоднай дзіцячай энергетыкай і атрымаць масу станоўчых эмоцый.


Сёлета ў лагеры з’явіліся новаўвядзенні, якія радуюць і выхавальнікаў, і бацькоў. Створаны ўласны «Інстаграм» і чат у «Вайберы», дзе бацькі кожны дзень па фота і відэасправаздачы могуць сачыць, чым займаюцца іх дзеці і як бавяць час.

А яшчэ ў «Дубку» ёсць свая валюта пад крэатыўнай назвай «Дублоны». Любы жадаючы можа іх зарабіць уласнай працай: прыбраць у корпусе, падмесці дарожкі, сабраць шышкі, вынесці смецце… Затым заробленыя «грошы» могуць мяняць на свае ўнутраныя салоны прыгажосці, пакоі страху і смеху, аквагрым і многае іншае. Дзе яшчэ такое ўбачыш?

Нездарма кажуць, што «Дубок» — гэта месца, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. А заўтра будзе новы дзень. Новыя веды. Новыя гісторыі і новыя ўражанні….


Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік