
Сацыяльныя сеткі кожны дзень падкідваюць тэмы для журналістаў. Не так даўно зачапіла «галашэнне» аднаго са шматлікіх «хатніх экспертаў» аб тым, што вельмі абдзелены сельскія жыхары таварамі ў сваіх магазінах. Ці так гэта? Мы вырашылі разабрацца і ўзялі наўгад некалькі гандлёвых кропак, размешчаных у вёсках і вёсачках раёна.
Ці ёсць «марцыпаны»?
Колькасць сельскіх жыхароў памяншаецца з кожным годам, вёскі пусцеюць, моладзь не хоча вяртацца на малую радзіму. Можна зразумець маладых людзей: хлеб ёсць, а вось відовішчаў не хапае, як кажуць, няма чым заняцца. Але гэта тэма для іншага матэрыялу.
Горка асэнсоўваць, што вёскі знікаюць адна за адной, некаторыя напаўняюцца галасамі толькі ўлетку, калі жыхары гарадоў прыязджаюць на дачы ці ў родны дом, які трэба даглядаць, каб не разваліўся. Запасы з сабой яны вязуць, але такія, якія не псуюцца. Да розных крупяных вырабаў, макаронаў, бульбы трэба яшчэ нешта прыгатаваць і ў талерку пакласці ці ў кубак наліць. Тут ужо без гандлёвай кропкі, стацыянарнай ці перасовачнай, не абысціся. Аднак не спрацоўвае звычка — выйшаў з дому, і ты ўжо у краме крокавай даступнасці. Зразумела, у апусцелай вёсцы магазіна няма, невядома ці запланаваны рэжым наведвання гэтага пункту аўтамагазінам. Вось з гэтага, ну ці амаль з гэтага, пачынаюцца ТікТокаўскія скаргі з грознымі патрабаваннямі: забяспечце. Як гаворыцца ў народзе: вынь ды пакладзі. Не, жаданні добрыя, ды і аргументы заяўнікаў важкія, маўляў, у наша ХХІ стагоддзе — ды і без звыклых зручнасцей. Згодзен, без іх ужо неяк не так. Хочацца, каб для цябе і толькі побач запрацаваў перасовачны супермаркет з усім, што ні пажадаеш. Але для гэтага трэба ці чароўная палачка, ці барада Хатабыча. Але ж такога не можа быць. Спадзяюся, што ўсе людзі ўмеюць лічыць грошы, плануюць размеркаванне прыбыткаў, каб на ўсё хапіла, стараюцца зберагчы капейку, каб не застацца без выгоды. Так і арганізацыі, якія займаюцца камерцыяй, утрыманнем гандлёвых стацыянараў, аўтамагазінаў, плануюць не толькі выжываць, але і мець нейкі прыбытак, каб павялічваць асартымент, забяспечваць насельніцтва харчовымі і прамысловымі таварамі. Помніце быў такі лозунг: «Эканоміка павінна быць эканомнай». Гэта не архаізм, а закон паўсядзённасці. Дык што ж з асартыментам і пакупнікамі ў сельскай мясцовасці?
Усё неабходнае можна набыць
Спачатку падзялюся сваімі ўражаннямі ад наведвання гандлёвых кропак. Адразу скажу, што вялікага ажыятажу, чэргаў нідзе не бачыў. У некаторых магазінах, як, напрыклад, у Гараднянах і Дабучыне прадаўцы сумавалі. Магазінчыкі там невялікія, але асартымент неабходнага ўсюды быў даволі немалы: каўбасныя, малочныя, кандытарскія, хлебабулачныя вырабы, марожанае, напоі, нават прамысловая група тавараў прысутнічала. Прадаўшчыца магазіна ў Дабучыне з горыччу паведаміла, што за дзень толькі 400 рублёў выручкі, і гэта з разлікам на тое, што магазін знаходзіцца на даволі ажыўленай трасе. Уяўляю, якую ў аддаленай вёсцы можна атрымаць. Зарплата ж прадаўца залежыць менавіта ад велічыні той самай выручкі. Усе ўмеюць лічыць грошы. І яшчэ нагадаю тым, хто можа запамятаў, што наша дзяржава сацыяльна-арыентаваная. Гэта значыць, уся ўвага накіравана на забеспячэнне мінімальнымі сацыяльнымі стандартамі, якія прапісаны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 1999 года №322-3 «Аб дзяржаўных мінімальных стандартах» і іншых прававых дакументах. Дзяржава клапоціцца пра наша з вамі жыццё, каб яно было паўнавартасным. У раёне нарматывамі мінімальнай забяспечанасці насельніцтва гандлёвай плошчай на 1 тысячу чалавек прыпадае 769,85 м2, пры норме — 610 м2. Як сведчыць статыстыка, асаблівасці абслугоўвання звязаны з тым, што з 242 сельскіх населеных пунктаў раёна 221 (91,3%) адносіцца да маланаселеных вёсак, у тым ліку ў 12 ніхто не зарэгістраваны, у 22 (пры рэгістрацыі ад 1 да 5 чалавек) ніхто не пражывае. Згодна маршрутаў Пружанскага райспажыўтаварыства, арганізавана гандлёвае абслугоўванне 155 сельскіх населеных пунктаў праз 7 аўтамагазінаў (35 маршрутаў). Насельніцтва 9 вёсак абслугоўваецца праз гандлёвыя аб’екты бліжэйшых населеных пунктаў. Стацыянарныя гандлёвыя аб’екты ёсць у 44 вёсках. У пяці з іх дадаткова заязджае аўтамагазін. У 34 вёсках адсутнічаюць жыхары. Як бачыце, насельніцтва сельскай мясцовасці не абдзелена гандлёвым абслугоўваннем. Так, не супермаркет, але, калі нечага ў магазіне няма, можна зрабіць заказ і вам усё абавязкова прывязуць.
У аграгарадку Лінова ў даволі вялікім магазіне, дзе ёсць амаль усё, што пажадаеце, народу было таксама нягуста. Можа мы трапілі ў такі час. Загадчыца магазіна расказала, што акрамя стацыянарнага гандлю кожную сераду выязджаюць у вёску Млынок. Там пражывае невялікая колькасць грамадзян, але адлегласць немаленькая – 15 км. Не кожны зможа даехаць да бліжэйшага магазіна.
Акрамя гэтага, мы пабывалі яшчэ, як вышэй казаў, у магазінах вёсак Слабудка, Гарадняны, Дабучын, Калядзічы. Ад велічыні населенага пункта залежала і плошча гандлёвай кропкі, і ўзровень асартыменту тавараў. Дзе былі пакупнікі, з імі гутарылі. Задавалі адно пытанне: «Ці задаволены асартыментам тавараў?». Адказы крыху пазней. Наша невялікае апытанне мы размясцілі ў сацыяльнай сетцы ТікТок. Рэагавалі ў большай ступені толькі станоўча. Былі таксама прапановы павялічыць асартымент, напрыклад, у Калядзічах дзіцячага харчавання, сокаў, пюрэ ў пакеціках, каш, сумесяў сухіх, кансерваў. Наракалі на якасць хлеба, маўляў, прывозяць сырым. Я, напрыклад, люблю пружанскія хлебабулачныя вырабы, амаль іх і купляю. У адным з сельскіх магазінаў таксама набыў. Якасць мяне задаволіла. Але, як кажуць, кожнаму — сваё. А ў Калядзіцкім магазіне прадаўцы прапанавалі прыехаць у адзін з дзён тыдня, бо прывязуць вельмі смачную грудзінку, нідзе такой няма. Вось так.
Падводзячы вынікі разважанням, скажу, што спадзявацца на манну нябесную не трэба, зручнасці і камфортнае жыццё мы робім самі. Не трэба чакаць. Не сумняваюся, знойдуцца тыя, хто не згодзен з маімі доказамі. Гэта нармальна, колькі чалавек, столькі і думак.
Аўтарская рубрыка Віктара Ільюшчанкі. Фота Кацярыны МАСІК
А зараз наша апытанне па асартыменту ў сельскіх магазінах
Валянціна Кавалевіч, в. Млынок
— Да нас у вёску раз на тыдзень прыязджае машына з Ліноўскага магазіна. Прывозяць усё неабходнае. Мы тэлефануем і робім заказы, якія заўсёды прывозяцца.
Наталля Кавалёва, в. Слабудка
— У нашым магазіне можна купіць усё неабходнае з харчовых тавараў. Асаблівым попытам карыстаюцца каўбасныя, малочныя вырабы, куры, крупы. Калі нечага няма, то Пружаны недалёка, можна і туды даехаць.
Галіна Ярашэвіч, в. Гарадняны
— Я жыву насупраць магазіна. Асартымент мяне задавальняе, заўсёды хлеб свежы, мясная прадукцыя таксама. Цяперашні прадавец толькі тры дні як працуе. Нягледзячы на гэта, добра пра сябе заявіла. Заўсёды ўважлівая. Хацелася, каб больш было прамысловых тавараў. Аднак, калі чаго няма, то робім заказ і нам прывозяць.