Понедельник, 20 мая 2024

Памяць аб выпаленай зямлі вечная… На мітынгу-рэквіеме ў Пружанах ушанавалі жыхароў спаленых у гады вайны вёсак

280

22 сакавіка 1943 года… У гэты дзень зажыва былі спалены 149 жыхароў вёскі Хатынь. Па ўсёй рэспубліцы прайшлі мітынгі ў памяць аб той страшнай трагедыі і наогул усіх спаленых на тэрыторыі Беларусі вёсках і іх жыхарах. Не абышла бяда і наш раён: раздзялілі лёс Хатыні каля 60 населеных пунктаў Пружаншчыны. Толькі за адзін дзень — 17 ліпеня 1942 года — было спалена 7 вёсак, знішчана ўсё іх мужчынскае насельніцтва. У 2005 годзе ў Пружанах быў устаноўлены помнік, які сімвалізуе спаленыя ў часы вайны вёскі.

22 сакавіка на мітынгу каля помніка «Спаленым вёскам» прысутныя зноў ушанавалі памяць загінулых і аддалі даніну гераічнаму подзвігу нашага народа.

— Ведаць сваю гісторыю, памятаць сваіх герояў, шанаваць памяць нявінных ахвяр — наш з вамі святы абавязак. Менавіта гэтыя прынцыпы павінны стаць маральным і адным з галоўных арыенціраў у свеце, — адзначыў старшыня Пружанскага райвыканкама Юрый Бісун.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны да гэтага часу адклікаецца болем у сэрцах многіх людзей. Складана ўявіць, нават ведаючы лічбы, колькі пасля сябе вайна пакінула нявінных ахвяр, асірацелых дзяцей, пакалечаных лёсаў, спаленых гарадоў і вёсак.

— Сотні такіх трагедый, як у Хатыні, адбыліся за гады акупацыі беларускай зямлі. Немцы на тэрыторыі БССР праводзілі палітыку «выпаленай зямлі». Ад рук фашыстаў у Беларусі знішчана не менш за 3 мільёны чалавек, гэта значыць — кожны трэці жыхар. Трагедыя Хатыні — не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі, — лічыць пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі.

Нам застаецца толькі памятаць, толькі смуткаваць. І ў нашых сілах не дапусціць паўтарэння тых жудасных падзей, пра якія да гэтага часу памятае і расказвае Соф’я Карпей, былы малалетні вязень канцлагера «Азарычы».

— Я не была салдатам, я не страляла, але стралялі ў мяне. Дзяцінства маё не ведала ні тэлевізара, ні радыё, ні тэлефона. Мы, дзеці, ставалі на калені, прыпадалі да зямлі і слухалі яе ўздрыгванне: набліжаўся фронт…», — узгадвае Соф’я Сяргееўна.

— У гэтыя дні ўсе хрысціяне: і каталікі, і праваслаўныя — рыхтуюцца да Вялікадня. Гэты час асаблівы, ён напоўнены духам перамены спосабу нашага мышлення. І лепшая памяць пра тыя падзеі — зрабіць усё магчымае, каб ніколі не дапусціць іх паўтарэння, — пажаданнем для ўсіх нас прагучалі словы настаяцеля пружанскага касцёла Паўла Ярашэвіча.

Яркімі кроплямі заззялі кветкі, ускладзеныя ля помніка, як напамін: мы, нашчадкі, жывём і памятаем, наш смутак вечны; мы, схіляючы галовы, стаім перад вамі, і мы ўдзячныя за нашых дзяцей, якія растуць пад мірным небам і радуюцца яркаму сонцу.

Вольга Вадзяновіч, Кацярына Масік (фота), Уладзіслаў Шпарла (відэа)

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_283269632