Понедельник, 23 мая 2022

Праблемы абяцаюць ліквідаваць. Дзяжурны журналіст атрымала адказы на «дарожныя» пытанні чытачоў

420

Падчас дзяжурства карэспандэнта ў рэдакцыю патэлефанавала даволі шмат актыўных чытачоў, якія пажадалі падзяліцца сваімі набалелымі пытаннямі, думкамі і заўвагамі. На сувязі з чытачамі была загадчыца аддзела сацыяльна-бытавых праблем Алена Зялевіч.

«Дарожнае» пытанне хвалявала некалькі чалавек. Двое з іх жывуць у завулку Пушкіна (насупраць запраўкі “Белнафтахім”), дзе нядаўна работнікі электрасетак пракладвалі сілавы кабель, а пасля не аднавілі дарожнае палатно.

— Калі марозам гразь прыхопліваецца, то яшчэ можна неяк дабрацца да тратуара. А як толькі цяплее і зямля растае — ні праехаць ні прайсці! Магчыма, хтосьці скажа, маўляў, колькі таго завулка? Але ж і дзецям да школы трэба дабрацца і не запэцкацца. І ў магазін хадзіць у гумовых ботах ужо адвыклі. Няўжо нельга неяк узнавіць жвіровае пакрыццё, зрабіць падсыпку, пусціць грэйдар? — пытаюцца Уладзімір і Ніна Андрэеўна.

Адказвае старшы майстар філіяла «Пружанскія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга» Аляксандр Місюля:

— Сапраўды, работы па пракладцы кабеля ў названым завулку вяліся: па нашай замове падрадчыкам выступіла адна з прыватных фірм г. Брэста. Мы паведамілі яе кіраўніцтву аб праблеме. Калегі паабяцалі, што пры наступленні спрыяльных умоў надвор’я, калі зямля растане, яны абавязкова ліквідуюць хібы, якія засталіся. Дарэчы, «недаробкі» і засталіся па аб’ектыўнай прычыне: падчас правядзення работ надвор’е не спрыяла таму, каб належным чынам выраўняць палатно.


Не задаволены станам дарогі і жыхар вуліцы Бабрука Уладзімір, які адзначыў, што з гэтым пытаннем звяртаўся, і неаднаразова, у вышэйшыя інстанцыі, але яго так і не вырашылі.

— Мы ж своечасова плацім падаткі, дарожныя зборы! І не просім шмат! Няхай бы зрабілі падсыпку і разраўнялі. Немагчыма прайсці, абутак гразне, — паскардзіўся мужчына.

Кіраўніцтва КУВП «Камунальнік» адзначыла, што ў зімовы перыяд раўняць палатно і рабіць яго падсыпку немэтазгодна і нават немагчыма. Таму работы па добраўпарадкаванні вуліцы Бабрука будуць праведзены толькі з наступленнем спрыяльных умоў надвор’я.

Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік