Не бывае такога, што адна з прафесій, якія мы ведаем на сённяшні час, заслугоўвае менш увагі, чым астатнія, не такая важная. А як жа людзі, якія занятыя ў гэтай галіне? Яны не выконваюць сваіх абавязкаў ці выконваюць іх не зусім якасна? Буду не згодзен. Проста, магчыма, іх работа не зусім бачна старонняму воку, але знаходзіцца на належным узроўні і нараканняў не выклікае. Вышэйсказанае можна аднесці да работы раённага аддзела землеўпарадкавання, які сёння, 21 лютага, адзначае сваё прафесійнае свята. Пра работу раённай службы напярэдадні свята мы пагутарылі з яе начальнікам Аляксандрам Івановым.

— Аляксандр Леанідавіч, нагадайце, калі ласка, якія задачы ўскладзены на Ваш аддзел?
— Адна з асноўных задач – гэта навядзенне парадку на зямлі, што з’яўляецца актуальным у любы час. Бо ад гэтага залежыць, ці будзем мы і нашы нашчадкі жыць у прыгожай і квітнеючай краіне. Таксама работнікі землеўпарадкавальнай службы займаюцца праверкай выканання фізічнымі і юрыдычнымі асобамі заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, выконваюць іншыя функцыі, ускладзеныя на наш аддзел.
— А як справы ў раёне з выкарыстаннем зямель?
— Сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна актыўна вядуцца работы па асваенні патэнцыйна ўрадлівых зямель, якія раней не выкарыстоўваліся ў сельскай гаспадарцы і якія выбылі з гаспадарчага абароту. У 2021 годзе праведзены культурныя тэхнічныя работы на плошчы 306,5 га. На пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло ў мінулым годзе, было разгледжана пытанне аб выкарыстанні сельскагаспадарчых зямель, у тым ліку меліярацыйных. У адпаведнасці з рашэннем райвыканкама вызначаны зямельныя ўчасткі агульнай плошчай 93,65 га, якія падлягаюць уцягванню ў гаспадарчы абарот.
— Аляксандр Леанідавіч, ці займаецца аддзел абследаваннем тых зямельных участкаў, якія выдзелены розным суб’ектам гаспадарання?
— Зразумела, бо гэта ж неад’емная частка нашай работы. У 2021 годзе праведзена 58 абследаванняў. Пры ажыццяўленні дзяржаўнага кантролю за выкарыстаннем і аховай зямель выяўлена чатыры нявыкарыстаныя зямельныя ўчасткі, на якіх не пачата асваенне ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Выяўлена 11 участкаў агульнай плошчай 10,5682 га, у тым ліку ў трох фермерскіх гаспадарках (8,95 га), якія выкарыстоўваліся грамадзянамі з парушэннем нормаў артыкула 89 Кодэкса РБ аб зямлі. Дадзеныя ўчасткі зараслі пустазеллем і драўняна-кустовай расліннасцю. Таксама на тэрыторыі раёна выяўлена чатыры факты самавольнага заняцця зямельных участкаў агульнай плошчай 0,165 га.
— Ці прымяняецца да суб’ектаў гаспадарання за парушэнне Кодэкса аб зямлі адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу?
— І такая працэдура мае месца быць. З 15 землекарыстальнікаў было вылічана ў бюджэт 1812,5 рублёў, у тым ліку з 12 суб’ектаў — у адпаведнасці з вызначэннем суда 1769 рублёў.
— Аляксандр Леанідавіч, падзяліцеся, калі ласка, новаўвядзеннямі і планамі на будучае.
— На змену папяровым носьбітам прыходзяць электронныя, у рабоце выкарыстоўваецца Геапартал ЗІС, які садзейнічае актывізацыі збору інфармацыі аб граніцах зямельных участкаў, іх плошчах, прызначэнні, землекарыстальніках. А калі гаварыць аб планах, то будзе працягвацца кантроль за выкарыстаннем зямель, за тым, каб любы, нават невялічкі надзел зямлі не пуставаў, а прыносіў карысць.
—Што пажадаеце свайму калектыву з нагоды прафесійнага свята?
— Канечне, здароўя, гэта цяпер вельмі важна. А будзе яно, то і жаданне плённа працаваць таксама не знікне. Жадаю таксама шчаслівага кожнага дня, поспехаў ва ўсіх пачынаннях і здзяйснення жаданняў.
Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік