Четверг, 18 апреля 2024

«У адзінстве беларускага народа — аснова незалежнай краіны». Карэспандэнты пабывалі на «Уроку міру» ў дзевяцікласнікаў СШ №3 г. Пружаны

535

«Урок міру», з якога дзясяткі гадоў запар у школах Пружанскага раёна пачынаецца першы вучэбны дзень, сёлета прайшоў пад дэвізам «У адзінстве беларускага народа — аснова незалежнай краіны». Кожны з настаўнікаў творча пераасэнсаваў гэта і абраў розныя спосабы для таго, каб данесці гэту думку да дзяцей. Напрыклад, настаўніца гісторыі СШ №3 А.І.Клімовіч у рабоце з дзевяцікласнікамі зрабіла стаўку на сучасныя сродкі навучання.

Алена Іосіфаўна свой аповед пачала з аналізу эмблемы Года народнага адзінства, які праходзіць зараз. Чаму яна мае такі выгляд, якія элементы прыцягваюць увагу? Вучні 9 «Б» класа адразу адзначылі вялікае «МЫ», аздобленае нацыянальным арнаментам. Праз такое спалучэнне аўтар эмблемы Віталій Орцюх выказаў меркаванне, што «кожны з нас — часцінка вялікага МЫ». Але ці разумеюць гэта падлеткі?

На заданне настаўніцы падабраць сінонімы да слова «адзінства» дзеці адразу выдалі розныя варыянты: сяброўства, братэрства, разам, работа. Іх слоўнікавы запас А.І.Клімовіч папоўніла яшчэ двума галоўнымі словамі — агульнасць і непарыўнасць. Толькі ў такім грамадстве, дзе няма супярэчлівасці інтарэсаў, канфлікту меркаванняў, а ёсць канструктыўны дыялог, магчыма камфортнае асваенне навук, будаўніцтва сямейнага ачага і нават сумеснае вырашэнне цяжкасцей на шляху развіцця краіны.

А яшчэ нас аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасці. Вось толькі якія яны ў падлеткаў? Для таго, каб высветліць гэта, настаўніца прадэманстравала відэафільм, на падставе якога дзеці рабілі для сябе высновы. Гэта радасць, праца, сям’я, дом, нацыянальныя традыцыі і святы. А яшчэ гісторыя і агульная памяць. Менавіта яны адлюстраваны ў Дзяржаўнай сімволіцы — гербе і сцягу. Яны дазваляюць памятаць, як нашы дзяды і прадзеды абаранялі Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў, потым аднаўлялі прамысловасць і будавалі жыллё. Ні ў адной іншай краіне свету няма столькі помнікаў і абеліскаў, якія нагадваюць пра тое, што давялося перажыць беларусам у 1941-45 гады. Усяго такіх напамінаў 7872 ва ўсіх кутках нашай шматпакутнай зямлі.

Пад зялёна-чырвоным сцягам наша краіна ў складзе яшчэ 51 дзяржавы стала заснавальніцай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. З ім у космас паляцеў першы беларускі касманаўт Пётр Клімук. Нямала падобных прыкладаў стварыла і сучасная гісторыя Беларусі.

А чым ганарыцеся вы, прадстаўнікі наступнага пакалення беларусаў? Дзевяцікласнікі назвалі прыгожыя замкі, Белавежскую пушчу, Брэсцкую крэпасць. А яшчэ беларусамі створаны Viber і «Свет танкаў», якімі карыстаюцца сотні мільёнаў чалавек па ўсім свеце. А яшчэ навукоўцы вызначылі, што геаграфічны цэнтр Еўропы знаходзіцца якраз там, дзе размешчаны старажытны беларускі горад Полацк.

— У нас нямала навукоўцаў, асветнікаў і іншых выбітных дзеячаў, імёнамі якіх названы розныя геаграфічныя аб’екты, вуліцы гарадоў, музычныя і навучальныя ўстановы ў розных краінах на абодвух паўшар’ях планеты — Дамейка, Струвэ, Шагал, Алфёраў. Вось чым вы можаце ганарыцца, — зазначае Алена Іосіфаўна. — А яшчэ дасягненнямі нашай эканамічнай мадэлі развіцця краіны. І калі вы правільна адкажаце на пытанне віктарыны, то адразу заробіце першую выдатную адзнаку ў бягучым навучальным годзе.

Дзецям трэба было пералічыць такія прамысловыя брэнды, як «Камунарка», «БелАЗ», «МТЗ», «Беларуськалій» і многія іншыя, прадукцыя якіх разыходзіцца літаральна па ўсім свеце.

Улічваючы ўсё вышэйсказанае, настаўніца падвяла падлеткаў да высновы, што задача-мінімум для наступнага пакалення — захаваць усё гэта, стаць годнымі грамадзянамі, а таксама захаваць сваё здароўе, узаемаразуменне паміж сабой.

А рашэнне задач-максімум ужо залежыць менавіта ад іх.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік