Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года на землях былой Расійскай імперыі ішлі працэсы самавызначэння нацый і стварэння самастойных дзяржаў. На жаль, мірным шляхам пытанні не вырашаліся: пачаліся грамадзянская вайна і інтэрвенцыя. Абвастрэнню нестабільнасці ў так званым “Паўночна-Заходнім краі” імперыі садзейнічала барацьба паміж новымі дзяржавамі – Савецкай Расіяй, Польшчай, Украінскай Народнай Рэспублікай і Літвой за ўсталяванне кантролю над Беларуссю. Нягледзячы на захады суседзяў, на нашай зямлі таксама ішло дзяржаўнае будаўніцтва. Дзейнасць розных нацыянальных палітычных сіл прывяла спачатку да абвяшчэння ў сакавіку 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, а 1 студзеня 1919 г. – Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ).
Усе гэтыя падзеі адбываліся на фоне Першай сусветнай вайны. Пасля завяршэння германскай акупацыі значнай часткі Беларусі ў канцы снежня 1918 — лютым 1919 гг. літоўскія і ўкраінскія тэрытарыяльныя памкненні былі даволі хутка спынены, а савецка-польскія выліліся ў адкрыты ваенны канфлікт 1919-1920 гг. Такім чынам, Пружаншчына з арэны баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны трапіла на поле бою вайны савецка-польскай.
У Міжнародных дагаворах усходняя мяжа створанай у 1918 г. Польшчы вызначана не была, таму шэраг яе палітычных дзеячаў стаў выступаць за адраджэнне Рэчы Паспалітай, у склад якой меркавалася ўключыць большую частку беларускіх земляў.
Ваенна-палітычны блок Антанта вырашыў скарыстацца гэтымі польскімі прэтэнзіямі і адначасова закрыць пытанне па знішчэнні ўлады бальшавікоў у Расіі. Заходнія дзяржавы сталі аказваць Польшчы ваенную і дыпламатычную падтрымку. У лістападзе 1918 г. у Варшаве з’явіўся “Камітэт абароны ўсходніх земляў”, пад эгідай якога была створана Літоўска-Беларуская дывізія. У гэты час на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачалі фарміравацца прапольскія “атрады самааховы”. Менавіта яны падтрымалі вайсковыя часці Польшчы, якія ўжо напрыканцы снежня 1918 г. увайшлі ў Пружаны і шэраг іншых населеных пунктаў Заходняй Беларусі.
Гэтыя абставіны прымусілі расійскіх бальшавікоў звярнуць увагу на “беларускае пытанне”. На VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) — РКП(б) у Смаленску 30-31 снежня 1918 г. было прынята рашэнне аб абвяшчэнні ССРБ і стварэнні Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі —КП(б)Б. Пастановай Першага з’езда КП(б)Б вызначаўся адміністрацыйны падзел ССРБ на сем раёнаў і 53 падраёны, у тым ліку Баранавіцкі раён, у складзе якога знаходзіўся Пружанскі падраён. Антанта, Германія і Польшча ССРБ не прызналі.
Непрацяглы час поспех садзейнічаў Чырвонай арміі: да канца студзеня 1919 г. яна змагла рушыць у накірунку Пружан і Кобрына.
2 лютага 1919 г. у Беластоку было падпісана нямецка-польскае пагадненне, якое рэгулявала ўмовы вываду германскіх войскаў і прасоўванне на іх месца польскіх часцей для барацьбы з бальшавікамі. Ужо 8 лютага Ю.Пілсудскі выдаў дэкрэт: у Літве і Беларусі аб’яўлялася польскае ваеннае кіраванне, а землі пераходзілі пад уладу Літоўска-Беларускага фронту. На наступны дзень польскія войскі ўступілі ў баі з Чырвонай арміяй на лініі Нёман – Зяльвянка – Ружанка – Пружаны – Кобрын. Да 14 лютага Паўночная група фронту (генерал В.Івашкевіч) заняла тэрыторыю ад Гродна да Пружан, а Паўднёвая (генерал А.Лістоўскі) дзейнічала ў раёне Пружаны – Брэст.
Такім чынам, палякі занялі Заходнюю Беларусь і рушылі на Усход. У гэты час каля Пружан дзейнічаў атрад маёра Е.Дамброўскага.
Вясной 1919 г. у нашым рэгіёне з’явіліся таксама бальшавіцкія падпольныя рэвалюцыйныя камітэты (рэўкамы), якія мелі сувязь з кіраўніцтвам Літоўска-Беларускай ССР (ЛітБел ССР створана 27 лютага 1919 г.) і вялі антыпольскую барацьбу. У Пружанах рэўкам узначаліў Р.Засім, у Ружанах – Куніца.
Польскае наступленне працягвалася, у жніўні 1919 г. фронт спыніўся на р.Бярэзіна. Спробы савецка-польскіх мірных перамоў восенню 1919 г. у Белавежы і Мікашэвічах не прынеслі станоўчых вынікаў.
Далучаныя да Польшчы землі былі ўключаны ў новыя адміністрацыйныя адзінкі. Большая частка Пружаншчыны трапіла ў Беластоцкую акругу Цывільнай управы ўсходніх земляў.
Гэтыя мерапрыемствы супярэчылі міжнародным пагадненням: 9 снежня 1919 г. Вярхоўны Савет Антанты прыняў дэкларацыю аб часовай усходняй мяжы Польшчы, вызначыўшы яе “лініяй Керзана” (Гродна – Ялуўка – Няміраў – Брэст-Літоўск – Карпаты), якая дазваляла польскаму ўраду ствараць сваю грамадзянскую адміністрацыю на землях толькі на захад ад яе.
У ліпені 1920 года савецкі Заходні фронт (М.Тухачэўскі) разгарнуў паспяховае наступленне і выцесніў польскія часці з Беларусі. Баявыя дзеянні на пружанскай зямлі вяла 16-я армія. Яе 27-я стралковая дывізія (В.Путна) наступала ад Слоніма на Ружаны, Хараву, Вялікае Сяло і Відамлю, а 10-я (А.Даўман) рухалася ад Бярозы праз вёскі Ткачы, Лінова і Аранчыцы да Кобрына.
26 ліпеня баі за Пружаны вяла 8-я стралковая дывізія (С.Грыбаў). У вызваленні горада ўдзельнічалі таксама партызанскія групы, адна з якіх была створана А.Чарняком з в.Дабучын з сямі мясцовых жыхароў (яны загінулі). 27 ліпеня 1920 г. у горад увайшла Чырвоная армія.
26 чырвонаармейцаў і мясцовых жыхароў, якія палеглі ў баях за Пружаны, з воінскімі ўшанаваннямі пахавалі каля рыначнай плошчы (у 1929 г. перапахаваны польскімі ўладамі на каталіцкіх могілках). Да канца ліпеня савецкая ўлада на чале з рэўкамамі ўсталявалася на Беларусі. Пружанскі рэўкам абвясціў сябе ўладай у горадзе і былым павеце.
12 жніўня ў Пружаны з Мінска прыбылі А.Вінаградаў, які змяніў Р.Засіма на пасадзе старшыні рэўкама, П.Каляда (Горын), які з 20 жніўня стаў начальнікам Пружанскага гарнізона, і А.Альшэўскі (Юрка Пружанскі) – старшыня павятовага камітэта камсамолу.
Аднак 19 верасня 1920 г. польская армія з дапамогай заходніх саюзнікаў перайшла ў контрнаступленне і ўжо 20 верасня прымусіла Чырвоную армію пакінуць Бярозу і Пружаны. Да кастрычніка 1920 г. палякі зноў захапілі палову тэрыторыі Беларусі, пасля чаго ў Рызе быў падпісаны дагавор аб перамір’і і ўмовах міру, а 18 сакавіка 1921 г. савецкая (без удзелу прадстаўнікоў ССРБ) і польская дэлегацыі падпісалі Рыжскі мірны дагавор і падзялілі тэрыторыю Беларусі: яе заходняя частка трапіла ў склад Другой Рэчы Паспалітай.
Трэба адзначыць, што падчас знаходжання ў складзе Польшчы Пружаншчына ўваходзіла ў склад розных адміністрацыйных адзінак. У Палескім ваяводстве апынуліся Пружаны, якія сталі цэнтрам павета, і Ружаны – цэнтр гміны Косаўскага павета. Лыскава адносілася да Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства.
Такім чынам, у 1921 г. Заходняя Беларусь у выніку дамоў паміж больш моцнымі суседнімі дзяржавамі трапіла ў склад Польшчы. Гэта быў штучны падзел, які на доўгія гады стаў прычынай барацьбы беларусаў за ўз’яднанне народа ў межах адной краіны.
P.S. Да сённяшняга дня на тэрыторыі Пружанскага раёна захаваліся воінскія пахаванні перыяду савецка-польскай вайны. Самае вядомае з іх знаходзіцца каля вёскі Крыніца. У брацкай магіле пахавана 12 невядомых чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баях з польскімі часцямі 27 ліпеня 1920 г. Па рашэнні Пружанскага рэўкама на гэтай магіле быў амаль адразу ўсталяваны невялікі пастамент з кулямётам “максім”. У 1967 г. на магіле з’явілася стэла, якую за кошт сродкаў, заробленых на раённым суботніку, адрамантавалі ў 2020 годзе.
У Пружанах на каталіцкіх могілках ёсць пахаванне нямецкіх, аўстрыйскіх і расійскіх салдатаў перыяду Першай сусветнай вайны, сярод якіх знаходзяцца і магілы чырвонаармейцаў, якія загінулі падчас савецка-польскай вайны, а таксама пахаванне польскіх салдатаў.
Некалькі магіл салдат бальшавікоў, якія загінулі 26 ліпеня 1920 г., знаходзіцца і на змяшаных могілках Першай сусветнай вайны ў Мураве. Ваеннаслужачыя польскай арміі таксама пахаваны ў Ружанах. Усе воінскія пахаванні ахоўваюцца дзяржавай.
Наталля Пракаповіч