Воскресенье, 26 сентября 2021

Канцлагер: польскі варыянт

168

Некалі старажыл Пружан Мікалай Іванавіч Ляхоцкі ў размове пра мінулае заўважыў: “А ведаеш, што была ў нас вуліца, якая некаторы час насіла імя Косткі-Бярнацкага? Нядоўга, праўда”. “Хто гэта такі? – пытаюся. Я тады яшчэ слабавата арыентавалася ў падзеях “запольскага” перыяду. – Ніколі гэтае прозвішча не даводзілася чуць”. “І добра, што не даводзілася. Гэты чалавек арганізаваў канцлагер у Бярозе-Картузскай…” Пашукала потым у інтэрнэце — аказалася, сапраўды, менавіта Вацлаў Костак-Бярнацкі, паплечнік Пілсудскага і тагачасны палескі ваявода, названы арганізатарам стварэння сумна вядомага канцэнтрацыйнага лагера для палітзняволеных. У ім пабывалі ў тым ліку і тыя, хто змагаўся за гістарычную справядлівасць, незалежнасць беларускага народа, раздзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора.

Адзін з самых жудасных канцлагераў XX стагоддзя існаваў у 1934-1939 гадах менавіта на тэрыторыі Пружанскага павета, у які ўваходзіла мястэчка Бяроза-Картузская. Тут усё служыла адзінай мэце: у самыя кароткія тэрміны зламаць чалавека не толькі фізічна, але і маральна, знішчыць яго індывідуальнасць, ператварыць у быдла, якое нават падумаць не можа пра палітычную барацьбу. Дарэчы, для таго, каб змясціць чалавека ў канцлагер, не патрабавалася судовага прыгавора: дастаткова было рашэння грамадзянскай адміністрацыі.

Абыходжанне са зняволенымі было даведзена да вышэйшай кропкі лютасці. Пастаянныя пабоі і катаванні, бессэнсоўная знясільваючая праца. Нават прыём ежы і наведванне прыбіральні ўваходзілі ў прадуманую чараду прыніжэнняў і здзекаў. Нядзелі і святочныя дні першапачаткова адводзіліся для адпачынку: можна было сядзець на падлозе каля нар. Але пасля інспекцыйнага візіту Косткі-Бярнацкага быў прыдуманы новы спосаб катавання: зняволеныя павінны былі ў гэтыя дні стаяць тварам да сцяны.

Вось што ўзгадваў пра канцлагер жыхар Харавы, удзельнік рэвалюцыйнага руху Заходняй Беларусі Сцяпан Сцяпанавіч Самайловіч, лагерны нумар 539. Дарэчы, ён стаў першым жыхаром Пружанскага павета, які трапіў туды.

“У красавіку 1936 года мяне арыштавалі ў в. Харава і адправілі ў Картуз-Бярозу. Першае, што мы ўбачылі, калі наша група ўступіла на тэрыторыю лагера, гэта мільганне гумавых палак і змардаваных людзей. якія падалі, уставалі і зноў падалі. Загнаўшы нас у вялікую халодную камеру, паліцэйскія загадалі разуцца і распрануцца. Потым па камандзе “смірна” мы былі пастаўлены да сцяны. Не ведаю, колькі так стаялі, але здавалася, што гэта была вечнасць. 3 вокнаў, у якіх не было шкла, дзьмуў халодны вецер, ён пранізваў усё цела, ногі карчанелі ад цэментнай падлогі. У дзвярах і ў сярэдзіне камеры стаялі паліцэйскія з гумавымі палкамі і сачылі, каб мы не рухаліся. Асабліва стараўся той, што быў у цэнтры.

Хутка да цела нельга было дакрануцца, ад пабояў і холаду нылі спіна, ногі, рукі, а ён усё біў. Толькі недзе ў поўнач далі каманду класціся спаць. Дзе хто стаяў, так і зваліўся проста на падлогу. Аднак паліцэйскія не пакінулі нас у спакоі. Адзін з іх прынёс два вядры вады і выліў іх на падлогу. Ад холаду мы інстынктыўна сталі ўздрыгваць, за гэта сыпаліся ўдары палак. Так прайшла першая ноч…

…Любая работа ператваралася ў здзекі над чалавекам. Паслалі, напрыклад, мяне ў групу вязняў, якія капалі зямлю на тэрыторыі лагера і выбіралі цэглу са старых пабудоў. Расставілі нас на адлегласці метра адзін ад аднаго, далі кожнаму рыдлёўку і загадалі капаць. Пачалі работу. Чую крык:
— 539-ы, да мяне!

Убіў рыдлёўку ў зямлю глыбей, падбег, адрапартаваў, што з’явіўся, атрымаў 20 удараў за тое, што азірнуўся. Калі вярнуўся, гляджу — адстаў ад астатніх. Адставаць нельга — зноў пакаранне. Толькі падраўняўся з астатнімі, зноў крык, выклікае другі паліцэйскі, трэба бегчы ў процілеглы бок. Паўтарылася тая ж самая карціна. Усе, хто працаваў у групе, падвяргаліся падобным здзекам, бегалі ў розных напрамках, дакладвалі, атрымлівалі палачныя ўдары і вярталіся на свае месцы. На наступны дзень каля 100 вязняў перакідвалі зямлю. Частка людзей стаяла на бугры, капала і кідала зямлю ўбок. Другая партыя гэтую ж зямлю перакідала далей. Праз дзень другая група вязняў кідала гэтую зямлю назад на бугор, а паліцэйскія зноў збівалі вязняў за тое, што дрэнна працуюць, азіраюцца, размаўляюць, не выконваюць іх загадаў. Падставы ў катаў заўсёды былі…”

Падрыхтавала Ірына Сядова