Воскресенье, 27 сентября 2020

Третий благотворительный интеллектуальный турнир «Ў» прошел в Пружанах

745

14 снежня ў актавай зале СШ №4 прайшоў трэці дабрачынны турнір па інтэлектуальных гульнях “Ў”. На гэты раз разумнікі і разумніцы збіралі сродкі на пакупку праектара для сацыяльна-педагагічнага цэнтра з сацыяльным прытулкам у пас. Сонечны.
На жаль, невялікая колькасць каманд-удзельніц (хоць і з трох гарадоў вобласці) не дазволіла завяршыць добрую справу самастойна: сабраныя грошы будуць аб’яднаны з іншай спонсарскай дапамогай. Трэба адзначыць, што супрацоўнікі СПЦ таксама падтрымалі турнір і выставілі сваю каманду «Закон Мёрфі» — навічок інтэлектуальных гульняў.
Вядучым і аўтарам пытанняў зноў выступіў Андрэй Смоляр. Выдатны тон задаў першы іспыт «Музычная азбука». Думаецца, кожны ўдзельнік пачуў мелодыю па душы і здолеў адгадаць хаця б некалькіх выканаўцаў.

Лепш за ўсё гэта атрымалася ў каманды «Лянота цюленя» — 31 з 32! У перапынку настрой падтрымала вясёлае выступленне фокусніка Максіма Гумена, якому з радасцю дапамагалі гульцы.
На працягу ўсяго мерапрыемства жадаючыя маглі набыць сувенірную прадукцыю, якую вырабляюць наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў. Яшчэ на першым туры гульні на многіх сталах з’явіліся прыгожыя ёлачкі, а пад канец турніру знайшлі сваіх гаспадароў і мілыя пацучкі.
Другі тур называўся “Свая гульня” (па аналогіі з вядомым ТВ-шоу) і ўключаў у сябе 12 тэм па пяць пытанняў. І ў гэтым спаборніцтве найбольш правільных адказаў аказалася на рахунку “Ляноты цюленя”. А вось у капітанскім конкурсе перамагла капітан каманды “Пазітыў” Кацярына Бондар.
Самыя сур’ёзныя пытанні чакалі гульцоў у туры “Што? Дзе? Калі?”. Акрамя тых пытанняў, што прыдумаў сам вядучы, былі агучаны і відэа-пытанні ад тэлевядучага і спевака Георгія Калдуна, стэндап-коміка Яўгена Зіцева і тэлевядучага Андрэя Макаёнка. У гэтым туры канкурэнцыю “Ляноце цюленя” навязала каманда “Пазітыў”, разам яны і раздзялілі верхні радок турнірнай табліцы.


У выніку перамогу ў гэты вечар святкавала “Лянота цюленя”, на другім месцы – “Дзеці Васермана” (абедзве каманды з Пружан), а на трэцім месцы — чэмпіёны мінулай гульні, госці з Бярозы, каманда “Посторонним В”.
Турнір носіць дабрачынны характар, але прызёры не засталіся без падарункаў. І на гэты раз спонсарамі выступілі Святлана Кавальчук ад імя кампаніі “Oriflame” і івацэвіцкая майстэрня  “V-ART-A”. Па традыцыі завяршылася свята фаер-шоу ад экстрым-каманды “U.D.I.”.
Салодкі падарунак атрымала каманда, якая замкнула турнірную табліцу: вучні СШ №5 “Бліцкрыг-юні”. Дарэчы, прадстаўнікі гэтай каманды ніколі не баяцца змагацца на роўных з дарослымі, а на гэты турнір прыйшлі адразу з цырымоніі ўзнагароджання таленавітай моладзі “Дараванне-2019”.
«Ў» — гэта не проста літара, а дапамога.

На здымках: пераможцы турніру — каманда «Лянота цюленя», грамату за другое месца атрымлівае прадстаўнік каманды «Дзеці Васермана» Сяргей Літвіновіч.
Кацярына Пашкевіч. Фота Андрэя Пашкевіча.