Понедельник, 13 января 2025

Купить или срубить? Собрали всю важную информацию о новогодних елочках

1 079

Колькі ёлачка каштуе?
Напярэдадні навагодніх і калядных святаў ДЛГУ «Пружанскі лясгас» традыцыйна бярэцца за нарыхтоўку і рэалізацыю ёлак, соснаў і хваёвых букетаў.
Набыць галоўны атрыбут свята можна будзе з 22 па 31 снежня на тэрыторыі лясгаса і яго лясніцтваў. Кошт дрэўцаў прымальны і залежыць ад іх вышыні:
да 1 метра — 6 рублёў
1-2 метры —
7 рублёў 50 капеек
2-3 метры — 9 рублёў
3-4 метры — 13 рублёў.

Акрамя дрэўца, у лясгасе можна купіць па невысокай цане навагодні букет. Яго кошт складае 1 рубель 80 капеек. Гэта цудоўны варыянт для тых, хто не жадае ці не мае магчымасці паставіць дома ёлку, але хоча атрымліваць асалоду ад навагодняга атрыбута і хваёвага водару.

Упершыню летась Міністэрства лясной гаспадаркі прапанавала беларусам далучыцца да акцыі «Захавай сімвал свята».

І нягледзячы на тое, што акцыя праходзіць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва ад 30 тысяч чалавек, ДЛГУ «Пружанскі лясгас» сёлета таксама далучаецца да акцыі і таксама будзе рэалізоўваць навагоднія дрэўцы ў кадках. Тыя, хто неабыякавы да праблем навакольнага асяроддзя, таксама могуць далучыцца да акцыі.
Купіўшы такую ёлачку, вясной можна будзе ўнесці свой уклад у азеляненне. Калі няма магчымасці высадзіць дрэва на асабістым прысядзібным участку ці, напрыклад, на сваёй малой ра-дзіме, то можна будзе ў красавіку прыняць удзел у «Тыдні лесу».

Самыя актуальныя пераднавагоднія пытанні, адказы на якія дазволяць пазбегнуць непрыемнасцей і не азмрочыць святы. Адказвае галоўны ляснічы ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Дзмітрый Мечыслававіч Козел.
Пытанне: Ці можна пайсці ў бліжэйшы лес і высекчы ці выкапаць ёлку?
Адказ. Любое выдаленне дрэў — ці то рубка, ці то выкопванне — на тэрыторыі ляснога фонду магчыма толькі пры наяўнасці дазваляльнага дакумента.
У адпаведнасці з артыкулам 15.22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконную высечку або пашкоджанне да ступені спынення росту або знішчэнне драўняна-хмызняковай расліннасці ў прырода-ахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых і ахоўных лясах прадугледжана накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь. Для індывідуальнага прадпрымальніка яшчэ больш — ад 20 да 200 базавых, у дачыненні да юрыдычнай асобы прадугледжаны штраф у памеры ад 50 да 300 базавых велічынь.

Пытанне: Ці ёсць спецыяльныя месцы, дзе можна ссекчы ёлку?
Адказ. Дзеючым заканадаўствам не прадугледжана магчымасць ажыццяўлення грамадзянамі рубкі (нарыхтоўкі) навагодніх ёлак на тэрыторыі ляснога фонду.

Пытанне: А ці можна ў лесе наламаць яловых галінак? Гэта законна?
Адказ. Лясным кодэксам устаноўлена, што грамадзяне маюць права свабодна знаходзіцца на тэрыторыі ляснога фонду і без дазваляльных дакументаў бясплатна ажыццяўляць для задавальнення ўласных патрэб нарыхтоўку галінак дрэў. Але варта памятаць, што нарыхтоўка галінак дрэў ажыццяўляецца са ссечаных дрэў на лесасеках альбо з сухастою і павалу, а калі з дрэў, якія растуць, то толькі ў выпадку, калі яны запраектаваны лесаўпарадкавальным праектам для будучай высечкі лесу, але не раней чым за два гады да іх рубкі.
Нарыхтоўка галінак са ссечаных дрэў на лесасеках магчыма на працягу тэрміну карыстання ўчасткамі ляснога фонду, выдзеленымі для высечак лесу. З дрэў, якія растуць, дазволена нарыхтоўваць галінкі па аб‘ёме не больш як на адну трэць кроны дрэва.

Пытанне: Ці можна падабраць у лесе паваленую ёлку?
Адказ. Нарыхтоўка павалу фізічнымі асобамі ў лясах ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам — на падставе ордара. У выпадку яго адсутнасці грамадзянін будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Так што лепш не спакушацца на паваленую ёлачку.

Пытанне: Ці будуць лясніцтвы праводзіць рэйды? Дзе і як могуць злавіць з ёлкай?
Адказ.
Супрацоўнікі дзяржаўнай лясной аховы штогод напярэдадні навагодніх святаў узмоцнена патрулююць лясныя масівы. На асаблівым кантролі — участкі лесу, размешчаныя паблізу населеных пунктаў, іглічныя маладнякі: як паказвае практыка, менавіта тут часцей за ўсё незаконна высякаюць дрэвы.
Для больш эфектыўнага спынення незаконнай высечкі навагодніх дрэў, іх правозу без адпаведных дазваляльных дакументаў, а таксама спынення іншых парушэнняў дзяржаўнай лясной аховай сумесна з супрацоўнікамі ДАІ на дарогах агульнага карыстання могуць выстаўляцца пасты для праверкі. Акрамя таго, у сістэме Мінлясгаса для выяўлення парушальнікаў заканадаўства выкарыстоўваюцца фота- і відэапасткі.

Пытанне: Ці маюць права супрацоўнікі лясной аховы даглядаць аўтатранспарт? Як даказаць, што ёлка набыта афіцыйна?
Адказ.
У адпаведнасці з падпунктам 1.2 артыкула 100 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь службовыя асобы дзяржаўнай лясной аховы ажыццяўляюць праверку дакументаў і для гэтага маюць права спыняць транспартныя сродкі.
Каб даказаць, што вы ёлку купілі, а не самавольна ссеклі ў лесе, неабходна прад’явіць дакумент, які пацвярджае яе набыццё ў лясгасе, лясніцтве або на ёлачным базары.


Перыяд перад навагоднімі святамі — гарачая пара ў лесаводаў. Ляснічая Ліноўскага лясніцтва Ганна Траццяк гаворыць, што на перыяд рэалізацыі навагодніх дрэўцаў тут пакупнікоў чакаюць да дзевяці гадзін вечара. Да слова, сёлета ў Ліноўскім лясніцтве плануецца падрыхтаваць да продажу 300 ёлак. Прыкладна столькі штогод карыстаецца попытам: каля 50 — для арганізацый, астатнія — для насельніцтва. Гавораць, што па ліноўскія зялёныя прыгажуні прыязджаюць і з горада.

Марына Вакульская, фота аўтара.