Четверг, 14 ноября 2019

Легендарному председателю колхоза «Рассвет» Евгению Кудинову — 90!

596

Сваё 90-годдзе адзначае легендарны старшыня калгаса «Рассвет»
На Пружаншчыне Яўгена Іванавіча Кудзінава ведае не адно пакаленне людзей. Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна… Падчас працы ў школах раёна ён карыстаўся аўтарытэтам у сваіх вучняў і іх бацькоў, а пазней, калі ўзначаліў калгас «Рассвет», яго імя было на слыху далёка за межамі раёна ў работнікаў сельскай гаспадаркі.


Яўген Іванавіч нарадзіўся 10 лістапада 1929 года ў вёсцы Косар Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У шматдзетнай сям’і выхоўвалася пяць дзяцей. Падлеткам яму давялося перажыць нямецка-фашысцкую акупацыю.
Пасля вайны Яўген Іванавіч закончыў сем класаў і паступіў на вучобу ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча. Пасля атрымання дыплома малады спецыяліст быў накіраваны на працу ў Шарашоўскі раён. Працаваў настаўнікам у Хвалаўскай пачатковай школе, а пасля звальнення з войска ў званні лейтэнанта — дырэктарам Чабахскай сямігодкі. Завочна закончыў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. У 1960 годзе Яўген Іванавіч быў прызначаны дырэктарам Дабучынскай пачатковай школы, а літаральна праз год узначаліў партыйную арганізацыю калгаса «Рассвет». У 1962 годзе быў накіраваны на вучобу ў Мінскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Пасля яе заканчэння атрымаў пасаду інструктара Брэсцкага абкама КПБ.

Калгас «Рассвет» Яўген Кудзінаў узначаліў у 1965 годзе. Нававыбраны старшыня адразу разумеў, што кіраваць мясцовымі людзьмі будзе вельмі ня-проста. У тыя часы ў калгасах за работу людзям налічваліся працадні. Такая сістэма дапускала, што па завяршэнні года на заробленыя «палачкі» калгаснікі маглі атрымаць збожжа, бульбу, іншую вырашчаную прадукцыю. Яўген Іванавіч адным з першых у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя ўвёў у гаспадарцы заработную плату. Спачатку ў «Рассвете» плацілі па 12 рублёў у месяц, якіх калгаснай сям’і хапала толькі на хлеб. Але раслі калгасныя прыбыткі і гэтая сума таксама паступова павялічвалася. Калі ў калгасе пачалі атрымліваць па сто рублёў у месяц, то работнікі адчулі сябе заможнымі людзьмі: у 1970-х у многіх ужо з’явіліся ашчадныя кніжкі. Калгаснікам «Рассвета», як правіла, даставалася большасць легкавых аўтамабіляў, якія прыходзілі ў тыя часы па разнарадцы ў раён для продажу насельніцтву.
Рост дабрабыту калгаснікаў тлумачыўся хуткім уздымам эканомікі гаспадаркі. У 1980-х гадах у «Рассвете» ад кожнай каровы надойвалі за год па 5000 кілаграмаў малака, а сярэдняя ўраджайнасць збожжавых вагалася ў межах 45-50 цэнтнераў з гектара. Менавіта за стабільную эфектыўнасць вытворчасці калгаса яго старшыні ў 1988 годзе было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. «Залатую Зорку» Яўгену Кудзінаву ўручаў у Крамлі Андрэй Грамыка.
Цэнтральная сядзіба «Рассвета» — вёска Калядзічы — ужо ў тыя часы ўяўляла сабою тып населенага пункта, які сёння называецца аграгарадком. Тут працавала ўтульнае кафэ, работнікі якога кармілі не толькі механізатараў, але маглі абслужыць сямейную ўрачыстасць, карпаратыўнае свята. У калгаснай гасцініцы спыняліся госці раёна, якія не маглі арганізаваць свой начлег у Пружанах. Медыкі стаматалагічнага кабінета, якія атрымлівалі заработную плату ў калгасе, абслугоўвалі не толькі жыхароў Калядзіч, але і бліжэйшых вёсак, ды і гараджане раз-пораз імкнуліся трапіць да добрых тутэйшых спецыялістаў. Крыніцай бурліла жыццё ў Калядзіцкім Доме культуры. Быў пабудаваны прафілакторый, а ў лазню вёскі Вашчынічы па выхадных прыязджалі парыльшчыкі з усяго раёна.
Каля сотні механізатараў, даярак і паляводаў калгаса «Рассвет» мела высокія дзяржаўныя ўзнагароды, атрыманыя за працоўныя дасягненні. Сам Яўген Іванавіч, акрамя Зоркі Героя, быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, беларускім ордэнам Айчыны 3-й ступені, медалямі, у тым ліку «За працоўную адзнаку».
Адметна, што эканоміка гаспадаркі разам з усёй сацыяльнай структурай вы-стаяла нават у перыяд разбуральных фінансавых узрушэнняў, якія наступілі ўслед за распадам Савецкага Саюза.

На заслужаны адпачынак Яўген Іванавіч пайшоў у 2001 годзе, калі ўжо перасягнуў сямідзесяцігадовы рубеж. Цяпер ён жыве з жонкай Аленай Антонаўнай у адным з новых мікрараёнаў абласнога цэнтра.
Многія з яго знаёмых здзіўляюцца, чаму за 36 гадоў работы ў калгасе Кудзінаў не пабудаваў сабе катэдж і нават не прыватызаваў службовую кватэру. Напэўна, не хацеў умацоўваць свой дабрабыт на вачах у людзей, якія ў той час перажывалі далёка не лёгкія часы. Таму памяць пра яго на Пружаншчыне засталася чыстай і прасякнутай шчырай удзячнасцю. А яшчэ ў нашым раёне засталіся вучні Яўгена Іванавіча, якім яго школа гаспадарання да сённяшняга часу дапамагае граматна і паспяхова кіраваць людзьмі.

Дырэктар ААТ «Мурава» П.М.Білецкі ўзгадвае: «У калгас «Рассвет» я трапіў па запрашэнні Я.І.Кудзінава, які прысутнічаў у нас на выпускных экзаменах у Пружанскім саўгасе-тэхнікуме. Пачынаў брыгадзірам, а потым пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута ўзначаліў агранамічную службу гаспадаркі. Культура земляробства ў Кудзінава, уменне вырашаць сацыяльныя пытанні сталі для мяне добрай навукай на будучыню».
Галоўны аграном ААТ «Агра-Калядзічы» Л.У.Чарняк: «Я пачынаў працаваць у калгасе «Рассвет» на пасадзе брыгадзіра ў 1981 годзе. Яўген Іванавіч Зорку Героя атрымліваў пры мне. Я не сказаў бы, што ён пасля гэтага неяк змяніўся або заганарыўся. Насіў яе толькі падчас вялікіх святаў разам з іншымі ўзнагародамі».
Мне таксама па службовым абавязку неаднойчы даводзілася сустракацца з Яўгенам Іванавічам Кудзінавым. Інтэлігентнасць, кампетэнтнасць, шчырасць і гатоўнасць дапамагчы, — вось што заўсёды характарызавала гэтага чалавека. Пасля паездкі ў «Рассвет» заўсёды даведваўся пра нешта новае, што ўкаранялася ў гаспадарцы.

Яўген Іванавіч адзначае свой 90-гадовы юбілей. Хочацца пажадаць яму моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця.
Мікола АРХУЦІК.