Четверг, 14 ноября 2019

Для чего нужна йога? Чтобы понять себя!

521

Хутка споўніцца год, як інструктар ёгі Наталля Ярашава (сертыфікаваны спецыяліст, член Федэрацыі ёгаў Расіі) займаецца з пружанскімі дзяўчатамі. Прыхільніц гэтай практыкі ў нашым горадзе не так і многа (пастаянна заняткі наведвае 15 чалавек), але ўсе яны адзначаюць, што станоўчыя змены, якія адбываюцца з арганізмам, даўно заўважылі.


Наталля Васільеўна прызнаецца, што напачатку сутыкнулася з поўным неразуменнем таго, што ж такое ёга на самой справе. Даводзілася тлумачыць. Чалавек павінен дакладна ведаць, навошта ён ідзе ў ёгу і якая яго матывацыя. Жадаючых займацца можна было падзяліць на дзве ўмоўныя групы – у першай жадалі пахудзець, у другой вылечыць хворую спіну. Сапраўды, ёга можа дапамагчы і ў першым выпадку, і ў другім, але … асаблівым спосабам.


— Пры дапамозе практыкі можна змагацца з лішняй вагой, — тлумачыць інструктар. – Адбываецца гэта ў першую чаргу таму, што мяняецца светапогляд. Чалавек пачынае лепш разумець свой арганізм, чуць яго патрэбы, мяняе лад жыцця, пазбаўляецца ад шкодных звычак, правільна харчуецца і задумваецца, што і ў якой колькасці ён ужывае ў ежу. Што тычыцца спіны, то часцей за ўсё ў тым, што яна баліць, “вінаваты” слабыя мышцы і ўся нагрузка ідзе на пазваночнік. Падчас выканання поўных практыкаванняў мышцы ўмацоўваюцца. Але ж не трэба думаць, што пасля трох-чатырох заняткаў можна пазбавіцца ад усіх балячак. Калі вы 20-30 гадоў не сачылі за сваім здароўем, то і шлях да папраўкі будзе доўгім.
— Наталля Васільеўна, Вы многа разоў паўтараеце, што займацца ёгай могуць толькі тыя, хто разумее, навошта яму гэта трэба. А што гэта значыць?


— Калі чалавек ідзе ў ёгу, не разумеючы — навошта, пасля месяца заняткаў яму становіцца сумна і ён кідае практыку, не атрымаўшы выніку. Самае галоўнае ў ёзе — вытрымка і жаданне самаўдасканальвацца. Людзі, якія мэтанакіравана займаюцца ёгай, застаюцца з ёй назаўжды, бываюць і вельмі маладыя, але больш сярод іх тых, хто ўжо ўсведамляе сваё жыццё і жадае падоўжыць сваю маладосць і прыгажосць. Як паказвае мая практыка, найбольш разумення ў больш сталых людзей. Моладзь жадае атрымаць усё і адразу. А на нашых занятках мы нікуды не спяшаемся, прыслухоўваемся да свайго цела, не раўняемся на суседку па дыванку, а толькі на ўласныя адчуванні. Іншымі словамі, асалоду ад ёгі атрымае той, хто жадае пачуць сябе, навучыцца кантраляваць сваё цела і перайсці на здаровы лад жыцця.
Вось невялікі прыклад. Той, хто курыць, не зможа выконваць дыхальныя практыкаванні (а яны займаюць вельмі значную частку заняткаў), а поўны страўнік не дазволіць зрабіць нават простыя асаны.
— Паколькі старэйшыя — больш мудрыя, Вы вырашылі арганізаваць і групу 55+?
— Зараз ідзе набор у такую групу найперш таму, што я ўбачыла цікавасць з боку старэйшых жанчын. Зразумела, што ў розным узросце фізічны стан розны. Таму я скарэкціравала сваю праграму, каб камфортна было займацца ўсім. Камфорт – аснова поспеху, бо самы малы дыскамфорт не дазволіць расслабіцца і прыслухацца да арганізма.


— Калі коратка падвесці вынікі: што змянілася ў жыцці тых, хто з Вамі з першых заняткаў?
— Дзяўчаты адзначаюць, што сталі больш гнуткімі. Мышцы ўмацаваліся (мы ўжо адзначалі звязанае з гэтым змяншэнне болі ў спіне), многія змянілі і памер адзення. Выдатна ўздзейнічае ёга і на суставы, калі падыходзіць да выканання асан з розумам. Ёга паляпшае і стан нервовай сістэмы, дапамагае расслабіцца і робіць больш шчаслівым. А што асабліва мяне радуе, абсалютна ўсе сталі больш узважана ставіцца да свайго зда-роўя, лепш разумець сябе.
Ёгай трэба займацца пастаянна, а не 1-3 месяцы. Каб дасягнуць выніку, ёгай займаюцца гадамі. Самая дрэнная якасць чалавека — гэта лянота, якая і перашкаджае нам займацца пастаянна.
Гутарыла Кацярына ПАШКЕВІЧ. Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА і з асабістага архіва Наталлі Ярашавай.

P.S. Заняткі асноўнай групы праходзяць тройчы на тыдзень. Плануецца, што старэйшая група будзе займацца двойчы. Дарэчы, у яе могуць запісвацца навічкі любога ўзросту і тыя, чый фізічны стан не дазваляе займацца ў асноўнай групе. Перш, чым прыступіць да заняткаў, рэкамендуецца пракансультавацца з урачом і ні ў якім разе не ўтойваць нейкія захворванні ад інструктара. Спіс супрацьпаказанняў даволі вялікі, але ў многіх выпадках можна проста скарэкціраваць праграму.