Воскресенье, 12 января 2025

Наш опрос. Выборы — это выбор

833

Парламенцкія выбары — гэта нагода будаваць планы ў вырашэнні многіх пытанняў не толькі для ўсёй дзяржавы, але і для кожнага грамадзяніна. У чарговы раз 17 лістапада кожны з нас атрымае магчымасць аддаць голас за ажыццяўленне падобных чаканняў.
З якімі думкамі пружанцы пойдуць на парламенцкія выбары? Ці наогул лічаць, што іх голас, аддадзены за таго ці іншага кандыдата, — патрэбны. З такімі пытаннямі мы звярнуліся да жыхароў нашага горада.

Вікторыя і Святлана:


— Звычайна ў галасаванні мы прымаем удзел усёй сям’ёй. Пры гэтым дома ніколі не спрачаемся, хто за каго будзе аддаваць свой голас: гэта прыватная справа, выбар кожнага.
У той жа час праграмы кандыдатаў заўсёды вывучаем дасканала, бо менавіта на іх абяцанні і прапановы арыентуемся пры сваім выбары.

Яўгенія:


— Я зараз выхоўваю маленькае дзіця і пакуль не ведаю — пайду на выбарчы ўчастак у асноўны дзень галасавання ці аддам свой голас у які-небудзь дзень для датэрміновага галасавання. Бо зараз муж паехаў у далёкую камандзіроўку і мне складана спланаваць свой вольны час. А так звычайна мы галасуем усёй сям’ёй.
Заўсёды стараюся аддаць свой голас за працуючага чалавека, які не словамі, а справамі даказвае сваю годнасць.

Алена:


— Часцей стараюся прагаласаваць датэрмінова, бо ў выхадны дзень нярэдка шмат работы. Хаця на выбарчым участку менавіта ў асноўны дзень галасавання больш святочна, адчуваецца значнасць асабістага ўдзелу ў такой важнай падзеі.

Кацярына:


— Я аддаю свой голас толькі за тых кандыдатаў, якія маюць важкі «багаж за плячыма». Калі чалавек працуе годна або кіруе рэнтабельным прадпрыемствам, зразумела, што ён і дэпутацкае крэсла не стане проста «праседжваць». А чалавек беспрацоўны, без годных даходаў, які і пра сябе не можа паклапаціцца, якім чынам будзе дабівацца лепшых умоў для сваіх выбаршчыкаў?
Таксама, лічу, важкі паказчык — трывалая сям’я.

Леанід:


— Ва ўсіх выбарчых кампаніях без выключэння прымаю ўдзел: інакш нельга сцвярджаць, што маеш нейкую грамадзянскую пазіцыю. Часцей даводзіцца галасаваць датэрмінова, але бывае, што наведваем участак і ўсёй сям’ёй.
Мне здаецца, што спадзяванні на лепшае можна звязваць толькі з чалавекам, які сам дасягнуў пэўных вышынь у жыцці.

Думкамі цікавіліся Алег Сідарэнка і Сяргей Талашкевіч (фота).