Воскресенье, 21 июля 2019

Трудовое лето. Студотряды работают в 14 хозяйствах и организациях района

581

Адной з форм арганізацыі летняй занятасці маладых людзей, якую арганізоўвае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і БРСМ — працаўладкаванне ў складзе студэнцкіх атрадаў.
У летні перыяд 2019 г. моладзь Пружаншчыны таксама атрымала такую магчымасць. На сённяшні дзень 14 гаспадарак і арганізацый раёна згадзіліся прыняць юнакоў і дзяўчат на працу. На працягу чэрвеня – ліпеня студэнцкія атрады былі створаны ў адкрытых акцыянерных таварыствах “Жураўлінае”, “Ліноўскае”, “Ружаны-Агра”, “Шані-аграпрадукт”, “Пружанскае”, а таксама ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Дубок” і Пружанскім КУВП “Камунальнік”. У іх было працаўладкавана 90 чалавек.
У жніўні – верасні таксама плануецца стварэнне атрадаў у ААТ “Эксперыментальная база “Белавусаўшчына”, “Айчына”, “Пружанскі льнозавод” і інш. Існуе магчымасць стварэння атрадаў на аб’ектах у г.п. Ружаны, якую даюць філіял ПМК-29 ААТ “Палессежылбуд” (толькі паўналетнія) і КУВП “Камунальнік”. Пры наяўнасці аб’ёмаў работ атрады можна будзе стварыць у ААТ “Пружанскі райаграсэрвіс” (у г.п. Шарашэва) і ДЛГУ “Пружанскі лясгас”.

Кожнае лета на працягу апошніх амаль дзесяці гадоў членаў студэнцкіх атрадаў прымаюць на работу ў ААТ «Жураўлінае».
— Вядома, усе нашы студатрадаўцы былі розныя: напрыклад, гарадская моладзь заўсёды адрознівалася ад сельскай, якой па зразумелай прычыне лягчэй уцягнуцца ў рабочы працэс, — прызнаецца намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце таварыства Зінаіда Усік. — Тым не менш, не магу сказаць, што ў нас быў дрэнны вопыт: Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж заўсёды накіроўваў для праходжання практыкі ў складзе студатрада выдатных навучэнцаў. Многія з іх пасля заканчэння студатрадаўскай змены працягвалі працаваць у нас і падчас канікулаў.
Сёлета, напрыклад, на працягу практычна цэлага месяца — з 10 чэрвеня па 6 ліпеня — у таварыстве функцыянаваў студатрад з 12 навучэнцаў каледжа, пяцёра з якіх — механізатары, столькі ж — слесары, яшчэ двое — аграномы.
Зінаіда Міхайлаўна Усік падкрэслівае, што студатрадаўцы з каледжа зарэкамендавалі сябе як адказныя, працавітыя работнікі. Многія з іх ведаюць пра нялёгкія будні аграрыяў, таму што іх бацькі маюць шматгадовы вопыт работы ў сельскай гаспадарцы.

Дзякуючы навучэнцам каледжа, вопытныя работнікі змаглі перасесці на камбайны: механізатары, у складзе якіх сёлета была і дзяўчына — пружанка Наталля Канавега, былі заняты на перавозцы сена першага ўкосу. У таварыстве зазначаюць, што дзяўчына працавала нароўні з юнакамі, без скідак на прыналежнасць да слабога полу. Пасля здачы сесіі Наталлю чакаюць у таварыстве, як і некаторых іншых студатрадаўцаў, якія праявілі жаданне папрацаваць падчас канікулаў.

Слесары тым часам набывалі вопыт у мехмайстэрнях, будучыя аграномы шчыравалі ў паляводстве.

— Мясцовыя жылі дома, астатнім былі дадзены месцы ў гасцініцы ў Мокрым. Акрамя таго, для іх было арганізавана двухразовае харчаванне па льготнай цане, — дадае З.М.Усік.

У першай палове ліпеня ў ААТ «Жураўлінае» шчыруе другі студатрад: старшакласнікі Кляпацкай школы заняты ў паляводстве.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).