Понедельник, 24 февраля 2020

В Ружанах наградили мужчину, который во время пожара спас соседку

619

Пажар, які ахапіў адну з кватэр шматпавярховага дома ў г.п.Ружаны 20 лістапада, мог бы скончыцца трагедыяй, калі б не гераічныя дзеянні аднаго з суседзяў — 64-гадовага В.В.Паўловіча. Яшчэ да прыезду выкліканых пажарных мужчына ўвайшоў у ахопленую дымам і агнём кватэру, бо ведаў, што ўнутры можа знаходзіцца пажылая жанчына.

Як расказалі пажарныя, адлік ішоў літаральна на мінуты і была вялікая пагроза, што здарэнне магло б забраць не адно, а два жыцці, у тым ліку і самога выратавальніка. І проста ўдача, што Васіль Васільевіч у задымленым памяшканні знайшоў пацярпелую, а потым з ёю на руках змог сам выбрацца на свежае паветра.


За такі ўчынак абласным кіраўніцтвам па надзвычайных сітуацыях было вырашана адзначыць В.В.Паўловіча: урачыстае мерапрыемства прайшло ў мінулую пятніцу на базе Ружанскага аварыйна-выратавальнага паста. Начальнік раённага аддзела МНС уручыў Васілю Васільевічу грамату і каштоўны падарунак.


На жаль, не ўсе падобныя вогненныя здарэнні заканчваюцца гэтак жа: з пачатку бягучага года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 47 пажараў, у якіх пяць чалавек загінулі і адзін атрымаў траўмы. Аналіз фактаў паказвае, што пераважная большасць пажараў узнікае з-за парушэння элементарных правілаў: курэнне ў ложку ў нецвярозым стане, неасцярожнае карыстанне агнём або няправільнае распальванне печак. Нярэдка трывожныя выклікі звязаны з пакінутай на ўключанай пліце патэльняй. Падчас апытання пацярпелыя паведамляюць, што добра ведалі правілы супрацьпажарнай бяспекі, з некаторымі работнікі МНС ужо сустракаліся і праводзілі прафілактычныя гутаркі. Але ж кожны палічыў, што бяда міне яго…


На жаль, пажар, які здарыўся ці то ў прыватным доме, ці то ў шматпавярхоўцы, аднолькава пагражае навакольным. Таму ўладальнікам кватэр і дамоў пастаянна прапануецца ўстаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, якія даюць своечасовы сігнал у той момант, калі агонь не выйшаў з-пад кантролю і яго нескладана ўтаймаваць. Аднак часта людзі ігнаруюць такія рэкамендацыі, а там, дзе за дзяржаўныя сродкі АПА ўсё-такі былі ўстаноўлены, прыборы былі сапсаваны.

Паводле статыстыкі
Зіма — самы пажаранебяспечны перыяд, таму будзе нялішнім у чарговы раз нагадаць простыя правілы бяспекі жыцця і захавання маёмасці.
Не пакідайце дзяцей адных, нават на хвілінку. Абавязкова раскажыце або выкарыстайце ў якасці нагляднага дапаможніка мультфільмы пра тое, чым могуць скончыцца гульні з агнём.
Не курыце ў ложку, асабліва ў нецвярозым стане. У такіх пажарах, як правіла, агню амаль няма, прыходзяць у непрыгоднасць толькі пасцельныя прыналежнасці. А чалавек у чадзе атрымлівае траўмы або гіне.
Праверце стан печак і іншых цеплагенерыруючых прыбораў. Звярніцеся да спецыялістаў, якія правераць бяспеку электраправодкі ў вашым доме.
Не выкарыстоўвайце няспраўныя або самаробныя электрапрыборы, якія часта становяцца прычынай узгарання.
Вольга Ліпко, старшы інспектар РАНС.
Фота аўтара.