Среда, 19 февраля 2025

5 событий местного масштаба: Линовский сельсовет

744

Найбольш адметныя падзеі адыходзячага года, якія адбыліся ў Ліноўскім сельсавеце, вылучае старшыня сельвыканкама Таццяна Мікалаеўна Мардань.

Сёлета 550-годдзе адзначыла Лінова — аграгарадок з багатай гісторыяй. З гэтай нагоды ў жніўні тут прайшло маштабнае свята.
Вядома, галоўнае багацце сельсавета — яго жыхары. Таму невыпадкова на ім былі ўшанаваны работнікі розных галін, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё аграгарадка. Другі год запар адзначалі і гаспадароў лепшых сельскіх падворкаў.

Сёлета ў Ліноўскім сельсавеце аб’ём уведзенага ў эксплуатацыю жылля без малога склаў 1000 квадратных метраў. З іх больш за 600 квадратных метраў пабудавана індывідуальнымі забудоўшчыкамі, дом плошчай каля 80 квадратных метраў узведзены ААТ «Ліноўскае». Яшчэ каля 280 квадратных метраў — гэта рэканструяваны ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» будынак былога клуба, пераабсталяваны ў тры кватэры для сем’яў работнікаў таварыства.
Да слова, у гэтым годзе свае жыллёвыя ўмовы палепшылі сем шматдзетных сем’яў, якія пражывалі ў сельсавеце, пяць з іх — за кошт будаўніцтва жылля ў Пружанах.

Адметнай рысай сельсавета з’яўляецца вялікая колькасць прадпрыемстваў і арганізацый, якія функцыянуюць на яго тэрыторыі. Іх тут ужо больш за шэсць дзясяткаў, прычым каля паловы з іх — прыватныя фірмы.
Акрамя таго, штогод павялічваецца колькасць фермерскіх гаспадарак (на сённяшні дзень іх 14), дзякуючы чаму, і пустуючая зямля знаходзіць свайго гаспадара. Напрыклад, сёлета дзве гаспадаркі з’явіліся на месцы закінутых участкаў на тэрыторыі садовага таварыства «Маяк», іх гаспадары плануюць займацца вырошчваннем ягад.

На сходзе актыву раёна, які праводзіўся напачатку года, Ліноўскі сельскі выканаўчы камітэт атрымаў пераходны вымпел: сярод сельвыканкамаў за 2017 год мы паказалі найлепшыя вынікі. Змяненняў у знешнім абліччы сельсавета ўдалося дасягнуць у тым ліку дзякуючы рэалізацыі мясцовай ініцыятывы ў рамках праекта ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Дарэчы, Ліноўскі СДК аказаўся лепшым сельскім Домам культуры, а лепшая сельская бібліятэка таксама размяшчаецца ў аг.Лінова.

Пытанні навядзення парадку па-ранейшаму застаюцца ў цэнтры ўвагі мясцовай улады. Вялікая работа праводзіцца па зносе пустуючых дамоў.
Але сёлета, бадай, галоўным дасягненнем у плане добраўпарадкавання стала асфальтаванне ўчастка дарогі ад Смалян да Загор’я.
Да добраўпарадкавання населеных пунктаў сельсавета стараюцца прыцягваць і насельніцтва. Сёлета, напрыклад, сельвыканкам нават аб’явіў конкурс на лепшае навагодняе афармленне жылля.

Падрыхтавала Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.