Суббота, 15 декабря 2018

В Пружанах прошел шестой интегрированный фестиваль «Детство без границ»

440

Калісьці на далёкім-далёкім востраве раслі дзіўныя кветкі — кветкі сяброўства. Добрыя феі разносілі іх па ўсёй зямлі і дарылі людзям, каб тыя станавіліся больш шчаслівымі… Але злы і зайздросны чарадзей вырашыў пазбавіць чалавецтва гэтай радасці. Ён схаваў кветкі ў розных кутках планеты, і многія адразу адчулі сябе адзінокімі. Жыццё на зямлі стала невыносным… Аднак знайшліся смельчакі, якія справіліся з вядзьмарствам: яны адшукалі раскіданы скарб і сабралі кветкі сяброўства ў адну вялікую карзіну. І здарылася гэта… трэцяга снежня на раённым дзіцячым інтэграваным фестывалі «Дзяцінства без межаў».

Вось ужо шосты год запар мерапрыемства збірае неабыякавых да чужых праблем людзей, якія вераць, што «ў сяброўстве — наша сіла». Менавіта так гучала тэма сёлетняга свята, якое ізноў атрымалася вельмі кранальным.
Шчырыя ўсмешкі шчаслівай дзятвы, наскрозь прасякнутыя пяшчотай і дабрынёй, сустракалі гасцей з самага парога. Атмасфера бясконцай любві апанавала ў гэты дзень Палац культуры. Спачатку, толькі пераступіўшы парог, кожны жадаючы мог пакаштаваць розныя фруктова-ягадныя сокі ад Пружанскага кансервавага завода, які традыцыйна штогод выступае ў ролі аднаго са спонсараў імпрэзы.
У фае гасцей чакалі новыя цуды. Захапіла ўсіх выстава карцін, аплікацый, сувеніраў, вырабленых з падручных матэрыялаў умелымі вучнямі амаль з усіх школ горада, а таксама з Ружанскай, Шарашоўскай, Ліноўскай, Параслянскай СШ і Роўбіцкага ВПК. Свае калектыўныя работы прадэманстравалі і людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця – вучні спецыяльных класаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Апошнія, дарэчы, пашылі з лапікаў мілых ружовых свінак, — сімвалаў надыходзячага новага года. Усё гэта — ўмомант нагадала прысутным, што не за гарамі яшчэ адно не менш цудоўнае свята.
«Пракаціцца» ў знаёмую з дзяцінства краіну сяброўства Цілімілітрамдыю гасцей заклікалі дэкарацыі арыгінальнай фотазоны — вясёлкавы парасон, вясёлы дожджык і белакрылыя аблокі. Важкую порцыю пазітыву дадаваў і «матылькова-кветкавы» аквагрым у выкананні настаўніка-дэфектолага ясляў-сада № 7 г. Пружаны Ірыны Кацафірка, выкладчыка ЦТДМ Андрэя Кірыковіча і, вядома, даўняга і адданага сябра фестывалю — народнага майстра Беларусі Марыі Кулецкай. А выстава малюнкаў «Сцяна сяброўства», наладжаная маладымі інвалідамі, некаторым з якіх нават аловак цяжка трымаць у руках, нагадала ўсім, што жывуць побач з намі «асаблівыя» дарослыя і «асаблівыя» дзеці, якім таксама хочацца сябраваць. І якія (можаце быць упэўненыя!) застануцца з вамі і працягнуць руку дапамогі нават тады, калі ўвесь свет адвернецца ад вас.
«Асаблівыя» людзі лепш за звычайных ведаюць, што зробленае дабро абавязкова вяртаецца ясным праменьчыкам… Пра тое, што, сапраўды, дабра многа не бывае і што ўвогуле на свеце больш міласцівых людзей, чым злых, слушна казаў у сваім прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч.
— Дабрыня — тое, што вылучае сапраўднага чалавека ў гэтым свеце. Таму я заклікаю ўсіх: дзяліцеся сваёй дабрынёй з навакольным светам, дарыце ўсмешку кожнаму, каго вы сустрэнеце на сваім шляху. Дапамагайце адзін аднаму — і тады вашы мары абавязкова здзейсняцца, — падагульніў Руслан Васільевіч і ад райвыканкама ўручыў героям імпрэзы, дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх сябрам, салодкія падарункі.
«Асаблівыя» артысты, кожны з якіх таленавіты па-свойму, сапраўды, заслужылі вышэйшай пахвалы за свае выступленні. Аднак трэба аддаць належнае і гледачам, якія на працягу ўсёй праграмы сустракалі выступоўцаў бурнымі апладысментамі, паколькі добра разумелі, што кожны крок у танцы і кожная праспяваная ў такт фраза многім з іх даліся з вялікімі намаганнямі.

На рэдкасць шчымлівым атрымалася выступленне юнакоў з аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Галантныя хлопцы ў строгіх касцюмах выканалі вядомую песню Вячаслава Дабрыніна «Не забывайце сяброў» з такім непадробным драйвам, што расчулілі да слёз і без таго расхваляваную публіку. Але жвавыя «дзяўчынкі-сяброўкі» з СШ № 3 і спрытныя танцоры з Ліноўскай школы ўмомант узнялі агульны настрой.
Нароўні з усімі па-свойму весяліліся і праяўлялі свае шчырыя эмоцыі і дзеці ў інвалідных калясках, бацькі якіх не стамляліся паўтараць «дзякуй» усім за неверагоднае чараўніцтва, якое панавала ў зале.
Замілавалі пружанскую публіку яркія музычныя нумары ад выхаванцаў Камянецкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і Целяханскай спецыяльнай школы-інтэрната.
Прыгожую касцюміраваную казку пад назвай «Прыгоды чарапашкі» «расказалі» гледачам вучні з Кляпацкай СШ. Было відавочна, што над іх шыкоўнымі касцюмамі і дэкарацыямі шчыра і доўга працавалі таленавітыя настаўнікі і бацькі. Высокі выканальніцкі ўзровень паказалі і адважныя «танкісты» з СШ № 3, якія пад песню «Тры танкісты» наладзілі на сцэне ўрачысты ваенны міні-парад. Годныя музычныя нумары падрыхтавалі таксама навучэнцы Шарашоўскай, Ружанскай і іншых школ раёна.
Бураціна і П’еро, Віні-Пух і Пятачок, кракадзіл Гена і Чабурашка, тры парасяці і тры багатыры… – шматлікіх мультыплікацыйных герояў, якія сілай сяброўства змаглі перамагчы зло, ушанавалі на свяце артысты і гледачы. Дарэчы, у ролі Ільі Мурамца, Дабрыні Мікіціча, Алёшы Паповіча і іх незлічонага войска выступілі галоўныя арганізатары фестывалю — настаўнікі і выхаванцы пружанскага карэкцыйнага цэнтра, якія сумесна з вучнямі СШ № 4 прадэманстравалі гледачам багатырскую сілу і моц сапраўднага сяброўства. Прызнацца, выступленне «волатаў» слаўнай зямлі пружанскай было феерычным. Вельмі прыемна, што арганізатары сёлетняга інклюзіўнага свята парадавалі ўсіх удзельнікаў імпрэзы салодкімі падарункамі: такую магчымасць падарыў спонсар — ААТ «Жураўлінае».

Не з пустымі рукамі прыйшлі на свята і даўнія сябры дзяцей-інвалідаў — валанцёры атрада Чырвонага Крыжа «Ад сэрца да сэрца» з СШ №5, якія пералічылі на рахунак карэкцыйнага цэнтра 200 рублёў, сабраных падчас дабрачыннай акцыі «Паштоўка дабра». Сваё музычнае віншаванне адрасавалі віноўнікам урачыстасці і спевакі ўзорнага дзіцячага хору «Вітанак» Пружанскай ДШМ пад кіраўніцтвам Ірыны Буланьковай. З іх дапамогай напрыканцы праграмы ўсе прысутныя разам выканалі фінальную караоке-песню «Дружба — гэта не работа».
…Так, не работа, а сапраўдная чараўніца: з кожным нумарам фестывальнай праграмы вялізная карзіна на сцэне папаўнялася ўсё новымі і новымі «кветкамі сяброўства», з любоўю створанымі юнымі артыстамі. Белыя рамонкі, чырвоныя гваздзікі і сінія валошкі сталі сімваламі нашай агульнай традыцыі — жыць у міры і згодзе з усімі людзьмі, нягледзячы на іх магчымасці. Мы ўсе розныя, як кветкі, аднак душэўнай цеплыні павінна хапіць на ўсіх.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

P.S. Нагадваем, што 23 снежня ў Пружанах (у будынку СШ №4) пройдзе дабрачынны інтэлектуальны турнір «Ў». Сабраныя на турніры сродкі пойдуць на пакупку бесправадной акустычнай сістэмы з мікрафонам для раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Больш падрабязна чытайце тут: http://www.budni.by/?p=33052.