Суббота, 16 декабря 2017

В рамках инициативы «Дом, в котором живет культура» в Линово прошел праздник деревни

809

У ходзе рэалізацыі ініцыятывы «Дом, у якім жыве Культура» ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і праводзіцца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), у мінулую нядзелю ў аграгарадку Лінова прайшло свята вёскі.

Дарэчы, дзякуючы атрыманым фінансавым сродкам, якія здолелі прыцягнуць аўтары праекта, значна змяніўся знешні і ўнутраны выгляд будынка Ліноўскага сельскага Дома культуры: заменены вітражы і ўцеплены сцены ў памяшканні бібліятэкі, пастаўлены новыя вокны ў кабінетах дзіцячай школы мастацтваў і клуба, абсталяваны люстэркамі зал харэаграфіі і закуплена мэбля ў гардэроб. А ўдзельнікам вакальнай групы набыты новыя сцэнічныя касцюмы для выступленняў. Агульны бюджэт ініцыятывы «Дом, у якім жыве Культура» склаў звыш 15 тысяч еўра.
І гэты абноўлены будынак у мінулую нядзелю сустракаў гасцей. Рыхтавалася свята аграгарадка задоўга да яго правядзення. На працягу некалькіх месяцаў арганізатары мерапрыемства — работнікі сельвыканкама і проста актыўныя ліноўцы — збіралі старыя фотаздымкі краявідаў вёскі, шукалі гістарычныя звесткі пра свой населены пункт і пра тых, хто жыў і працягвае жыць у ім. З сабраных матэрыялаў было сфарміравана некалькі выстаў, якія прыцягнулі ўвагу тых, хто прыйшоў на святкаванне. Асабліва цікавай аказалася фотавыстава «Лінова: учора і сёння», на якой можна было ўбачыць здымкі ліноўскіх вуліц савецкіх часоў, прасачыць, як змяняўся з гадамі аграгарадок. Не менш увагі прыцягнулі і сямейныя фотаздымкі.
Акрамя таго, гасцей свята чакалі і своеасаблівы сельскі падворак, створаны рукамі выхаванцаў і выхавальніц мясцовага дзіцячага садка, і калекцыя работ народнай творчасці таленавітых жыхароў аграгарадка. Некалькі сталоў было аб’яднана для правядзення конкурсу выпечкі «Ліноўскія прысмакі», а жадаючыя рызыкнуць змаглі паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі. Карысную акцыю правялі бібліятэкары, якія арганізавалі для гасцей буккросінг — абмен кнігамі з уласных хатніх бібліятэк.
Яшчэ задоўга да афіцыйна назначанага часу ў Ліноўскім СДК збіраўся на свята народ. Жыхары аграгарадка з задавальненнем слухалі ўсім знаёмыя мелодыі ў выкананні духавога аркестра вясковай дзіцячай школы мастацтваў, якім дырыжыраваў А.Ю.Котаў: вальсы і маршы, вядомыя «Кацюша» і іншыя творы не пакідалі нікога раўнадушным, а некаторыя госці нават аб’ядноўваліся ў пары і танцавалі пад чароўныя гукі.
Урачыстая частка мерапрыемства была прысвечана ўшанаванню жыхароў аграгарадка: на сцэну Дома культуры выклікалі самых лепшых з іх, вядомых сваімі дасягненнямі, прыкладам уласнага жыцця.
Нягледзячы на тое, што адлік свайго існавання сам населены пункт вядзе з 1563 года, аграгарадок нельга лічыць старым, бо ў ім працягваюць нараджацца дзеці — наступнае пакаленне ліноўцаў. Невыпадкова ўшанаванне пачалося з запрашэння на сцэну маці самага меншага вяскоўца — Ганны Сяргееўны Стэпусь, якой старшыня сельвыканкама Т.М.Мардань уручыла падарунак. Прыемныя сувеніры чакалі і старажылаў, сярод якіх сапраўднай доўгажыхаркай лічыцца Марыя Пятроўна Кунда: сёлета жанчыне споўнілася 92 гады.
На свяце прагучалі і віншаванні сямейным юбілярам. У гэтым годзе сваё залатое вяселле адзначылі Дзмітрый Паўлавіч і Анастасія Міхайлаўна Каляда, Сяргей Андрэевіч і Валянціна Анастасаўна Патапчукі, рубінавае вяселле — Аляксандр Іванавіч і Ірына Канстанцінаўна Шарашоўцы, Іван Аляксеевіч і Марыя Уладзіміраўна Мацукевічы. Цёплыя віншавальныя словы Таццяна Мікалаеўна выказала «сярэбраным» сем’ям: Аляксандру Міхайлавічу і Галіне Іванаўне Патапчукам, Ігару Уладзіміравічу і Людміле Васільеўне Якімовічам. Запрасілі на сцэну і маладую сям’ю Супруновічаў, якія толькі сёлета ўзялі шлюб. Маладажонам пажадалі адзначыць і брыльянтавы юбілей сумеснага жыцця. Для ўсіх сямейных юбіляраў, якія атрымалі падарункі, з залы гучала яшчэ і «Горка!».
Як расказала старшыня сельвыканкама, прыемна не толькі тое, што ў аграгарадку нараджаюцца дзеткі, але і тое, што з году ў год павялічваецца колькасць шматдзетных сем’яў. За 2017 год да іх далучыліся яшчэ дзве. На сённяшні дзень у аграгарадку трох і больш дзяцей гадуюць 22 сям’і. Сярод іх Т.М.Мардань асабліва адзначыла шматдзетную сям’ю Святланы Леанідаўны і Віктара Мікалаевіча Куклаў, якія прымалі ўдзел у раённым конкурсе шматдзетных сем’яў.
Падчас падрыхтоўкі мерапрыемства камісія сельвыканкама вызначыла самыя лепшыя падворкі аг.Лінова, гаспадары якіх былі ўшанаваны на ўрачыстым святкаванні. Падарункі ад мясцовай улады атрымалі А.А. і М.У.Багдановічы (ва ўзроставай падгрупе да 30 гадоў), А.М. і Ю.П.Ільяшэвічы (да 50 гадоў), А.М. і А.У.Карунасы ( ад 55 гадоў). Асобна была адзначана сям’я Масікаў, якая прыняла ўдзел у раённым этапе конкурсу «Уладар сяла».
Многае ў аграгарадку створана рукамі саміх яго жыхароў, а таксама дзякуючы тым арганізацыям, што функцыянуюць на тэрыторыі Лінова. Пераважная большасць калектываў ліноўскіх прадпрыемстваў складаецца з саміх вяскоўцаў, сярод якіх ёсць і тыя, хто адпрацаваў на адным месцы амаль усё сваё жыццё. Такіх людзей — ветэранаў працы — таксама адзначылі падчас свята: сярод іх — І.Ф.Якімовіч (працаваў на птушкафабрыцы), Л.В.Андрусевіч (на Аранчыцкім ХПП), К.С.Чапялевіч і З.У.Пашвянчук (у ААТ «Ліноўскае»). Асобную па-дзяку старшыня сельвыканкама выказала Н.А.Жалнярчук за патрыятычнае і маральнае выхаванне працоўных кадраў мясцовай гаспадаркі.
Шчырыя словы ўдзячнасці старшыні сельвыканкама гучалі і ў адрас тых, хто прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі святкавання. Падзякавала Таццяна Мікалаеўна і народным майстрыхам, якія атрымалі ад яе падарункі.
Асобна быў адзначаны настаўнік Ліноўскай школы А.І.Гук, які стварыў сайт вёскі «Лінова і ваколіцы», дзякуючы якому пра жыццё аграгарадка вядома і тым, хто па волі лёсу жыве далёка ад родных мясцін.У святочны дзень выклікаліся на сцэну і прадстаўнікі падрастаючага пакалення: за выдатныя поспехі ў вучобе, за перамогі ў алімпіядах рознага ўзроўню, за спартыўныя дасягненні падарункі атрымалі вучні сярэдняй школы і дзіцячай школы мастацтваў аграгарадка.
Акрамя матэрыяльных падарункаў, удзельнікі свята атрымалі ў якасці віншаванняў цудоўныя выступленні самадзейных артыстаў, вакальных гуртоў і танцавальных калектываў раёна.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *