Пятница, 14 февраля 2025

Віншаванні з 35-годдзем прымаў пружанскі дзіцячы садок № 3, больш вядомы як «Антошка»

468

Юбілей дзіцячага садка — гэта асаблівае свята, сапраўдны калейдаскоп дзіцячых галасоў, яскравых вачэй і добрых усмешак. На мінулым тыдні ДУА «Дзіцячы сад № 3 г. Пружаны», які па звычцы многія называюць «Антошка», адзначыў 35-годдзе з дня заснавання.

Усе мы родам з дзяцінства, а значыць, з дзіцячага садка. Ад таго, наколькі прыемным і карысным месцам стане ён для маленькага чалавека, насамрэч залежыць вельмі многае — у чымсьці нават далейшы яго лёс.

35 гадоў для гісторыі — усяго толькі імгненне, а для выпускнікоў, ветэранаў працы, цяперашніх супрацоўнікаў і выхаванцаў садка — гэта незабыўная падзея, якая дорыць выдатныя ўспаміны пра яркія будні, ад-крывае новыя старонкі творчай дзейнасці і новых магчымасцяў.

У розныя гады ўстановай кіравалі выдатныя педагогі, майстры сваёй справы — Алена Бубневіч, Святлана Валошына, Святлана Кунда. Кампетэнтнасць, чуласць, адказнасць — гэта тое, што аб’ядноўвае людзей, адданых сваёй справе.

— Калектыў нашага садка — гэта група аднадумцаў, якая працуе па прынцыпе адзінай педагагічнай каманды. Галоўная ўмова работы персаналу — любоў да дзяцей і жаданне дарыць ім радасць, веды і часцінку сваёй душы. Многія з іх прыйшлі зусім юнымі выхавацелямі і шмат гадоў аддаюць цяпло, любоў і клопат сваім выхаванцам, — адзначыла загадчыца ДУА «Дзіцячы сад № 3 г. Пружаны» Наталля Пашкевіч. — Сярод разнастайных дасягненняў установы трэба адзначыць прызавыя месцы ў раённых, абласных і міжнародных конкурсах. Але ўсё ж галоўным вынікам працы калектыву з’яўляецца жаданне дзяцей з радасцю ісці ў дзіцячы садок і шматлікія ўдзячныя водгукі бацькоў, упэўненых, што іх дзяцей любяць і кожную раніцу чакаюць з нецярпеннем. Для кожнага з нас яны — нашы дзеці.

ДУА «Дзіцячы сад № 3 г. Пружаны» цесна супрацоўнічае з прадпрыемствамі нашага горада: КУВП «Камунальнік», ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў», філіял ДЭУ № 25 РУП «Брэстаўтадар», ААТ «Жураўлінае».

Сёння гэта стабільная, паспяховая ўстанова дашкольнай адукацыі, якая развіваецца ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Тут укараняюцца найноўшыя праграмы, інавацыйныя тэхналогіі развіцця і навучання дашкалят. На базе ўстановы функцыянуюць розныя дадатковыя накірункі: дашкольнае лясніцтва «Бяльчаты-экальчаты» пад кіраўніцтвам Пружанскага лясгаса, адукацыйны праект «Зялёныя школы», шырокі спектр дадатковых паслуг па запросах законных прадстаўнікоў выхаванцаў.

Безумоўна, работа ўстановы немагчымая без удзелу ў ёй бацькоў, якія актыўна супрацоўнічаюць з дзіцячым садком. Адносіны з выхавацелямі складваюцца на аснове ўзаемапавагі, добразычлівасці, агульнага ўзаемаразумення.

І дзякуючы сумеснай рабоце юбілейная дата ва ўстанове прайшла яскрава і незабыўна. Каля ўвахода была арганізавана фотазона, дзе дзяцей і бацькоў сустракалі Мікі Маус і клоўн Клёпа. Да віншаванняў у гэты дзень далучыўся Пружанскі лясгас, а таксама кожны жадаючы мог пакінуць свае прапановы на сценгазеце, якая застанецца ва ўстанове на доўгую памяць.

Яшчэ адзін юбілей дзіцячага садка стаў гісторыяй, а наперадзе ў цудоўнага калектыву — новыя адкрыцці, дасягненні, здзяйсненні, пастаяннае павышэнне педагагічнага майстэрства, удзел у жыцці горада, раёна, вобласці. А самае галоўнае — бесперапынны працэс выхавання, адукацыі і навучання тых, за каго яны ў адказе — за юных пружанскіх жыхароў!

Ірына Велясевіч

Фота з архіва дзіцячага садка