Воскресенье, 19 апреля 2026

Званне «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» прысвоена дзевяці пружанцам

819

14 чэрвеня, у Сусветны дзень донара крыві, у аддзяленні трансфузіялогіі Пружанскай ЦРБ адбылося ўшанаванне донараў.

Дзевяці пружанцам было прысвоена званне Ганаровага донара Рэспублікі Беларусь. Узнагароды атрымалі Сяргей Волчык, Вячаслаў Горбач, Сяргей Грышчук, Дзмітрый Дэц, Дзяніс Косінаў, Дзмітрый Мяшэчка, Віктар Немцаў, Андрэй Сёмка, Аляксандр Юркевіч.

Павіншаваць мужчын і падзякаваць ім сабраліся загадчык аддзялення трансфузіялогіі Іван Сямашка, галоўны ўрач райбальніцы Юрый Юзько, намеснік старшыні раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Лелікоўская, медыцынскі персанал.

Іван Іванавіч звярнуў увагу аўдыторыі на гісторыю ўзнікнення даты, на важнасць донарскай справы. Таксама загадчык аддзялення пералівання крыві  падкрэсліў, што донары дораць людзям частку сябе і сваім добрым стаўленнем да іншых заслугоўваюць нашу павагу.

— Я сам атрымаў такі ж знак год 15 таму. Ведаю, што гэта за працэс, а яшчэ добра разумею, што людзі жывуць, дзякуючы вашай крыві. Скажу коратка: мужыкі, дзякуй! — сказаў Юрый Юзько.

Медработнікі ўручылі донарам пачэсныя ўзнагароды і памятныя сувеніры. Таксама мужчыны атрымалі падарункі ад Таварыства Чырвонага Крыжа, якія з добрымі словамі перадавала Людміла Лелікоўская.

— А колькі наогул пастаянных донараў зараз у раёне? — пытаюся я ў медыкаў.

— Дакладную лічбу цяжка назваць: хтосьці здае кроў разава, здараецца, што ў сілу розных абставін чалавек вымушаны прыпыніць здачу крыві, але праз год ці два вяртаецца. Бывае, што людзі даведваюцца пра няшчасны выпадак (напрыклад, ДТЗ) і самі спяшаюцца да нас, каб здаць кроў і такім чынам аказаць неабходную дапамогу, — кажа Іван Іванавіч Сямашка.

— Цяпер патрэба ў крыві павялічылася. Мы бяром кроў у значна большых аб’ёмах, чым, напрыклад, два гады таму. Прычынай гэтага з’яўляецца пандэмія. З-за каранавіруснай інфекцыі ў насельніцтва значна пагоршыліся паказчыкі гемаглабіну. Таму запрашаем усіх людзей далучацца да донарскага руху, бо кожная кропля крыві — неацэнная каштоўнасць, — падтрымлівае гутарку аперацыйная медсястра Крысціна Новік.

Нагадаем: на сённяшні дзень званне Ганаровага донара Рэспублікі Беларусь дае грамадзяніну пэўныя льготы ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Каб атрымаць адпаведны знак, чалавеку неабходна 40 разоў здаць кроў або 80 разоў — яе кампаненты.


Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь Сяргей Іосіфавіч Волчык:

Здаю кроў з канца 90-х гадоў амаль рэгулярна, стараюся прыходзіць на забор раз у два месяцы. Хочацца дапамагаць людзям, тым больш што ў мяне дастаткова рэдкая група крыві — чацвёртая станоўчая, таму ведаю, што менавіта яна можа выратаваць нечае жыццё.

Шчыра кажучы, не думаю пра донарства з пункту гледжання нейкіх ільгот. Людзям патрэбна дапамога: я магу яе аказваць, вось і ўсё.


Юлія Янушка. Фота аўтара