
Чым займацца, калі не маеш ні вопыту работы, ні прафесійнага стажа? Зразумела, што да шукальніка працы з такім рэзюмэ любы наймальнік будзе ставіцца з насцярожанасцю. Менавіта ў такой сітуацыі апынулася Ганна Бахар. Пасля заканчэння ВНУ дзяўчына пэўны час працавала кансультантам у магазіне ў Пружанах, але ў нейкі момант уладальнік гандлёвага аб’екта вырашыў з-за нерэнтабельнасці закрыць кропку.
— Рашэнне гэтай праблемы мне параілі родныя, якія адкрылі сваю справу, а некаторыя для гэтага скарысталіся дзяржаўнай субсідыяй для пачынаючых індывідуальных прадпрымальнікаў,— расказвае Ганна Дзмітрыеўна.— Я даведалася, куды трэба звяртацца і наколькі трывалая тая падтрымка. І сама пераканалася ў пачутым.
Дзяўчына звярнулася ў аддзел занятасці раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Спецыялісты патлумачылі, якія працэдуры трэба было папярэдне прайсці, і адна з іх — кароткія курсы па навучанні «азам» прадпрымальніцкай дзейнасці. Як зазначае Ганна Бахар, за час вучобы атрымала вельмі каштоўную інфармацыю, якая і «раскрыла вочы» на тое, што чакае навічка ў ІП, стварыла выдатную базу ведаў адносна таго, з якімі пытаннямі давядзецца сутыкнуцца ўжо ў канкрэтнай дзейнасці.
— Самае галоўнае — складанне свайго бізнес-плана, які вызначыў арыенціры і расставіў прыярытэты ў маёй рабоце. А яшчэ вельмі карысную інфармацыю я атрымала ад спікераў — работнікаў банкаў, бухгалтараў, падатковых органаў.
Зразумела, што тэорыя не заўсёды супадае з практыкай. І многаму Ганне давядзецца вучыцца, як кажуць, на ўласных памылках. Але ж яна ўпэўнена, што пасля таго павышэння кваліфікацыі пралікаў у яе будзе значна менш.
У накірунку бізнесу выбрала тую ж сферу, дзе пачынала працаваць кансультантам. Ганна Дзмітрыеўна вырашыла зноў адкрыць магазін па продажы дзвярэй, але крыху пашырыла яго гандлёвыя прапановы.
Выдзеленую субсідыю прадпрымальніца патраціла на набыццё ўзораў прадукцыі. У верасні адкрыла свой магазін міжпакаёвых і ўваходных дзвярэй з драўляных матэрыялаў, ПВХ або металу ў сіці-цэнтры «Наш дом» па вул. Заводскай. Таксама тут можна набыць усю неабходную фурнітуру і розныя падлогавыя пакрыцці. Дзяўчына наладзіла супрацоўніцтва з брыгадамі, якія займаюцца замерамі і ўстаноўкай, дзякуючы чаму кліенты могуць атрымаць «поўны пакет паслуг».
— Сваю работу будую на вельмі вядомым прынцыпе, які аддае перавагу пажаданням заказчыка. І я павінна іх максімальна задаволіць, каб пакупнікі атрымлівалі тое, за чым прыйшлі ў магазін.
І сваю выснову прадпрымальніца пацвярджае канкрэтнымі прыкладамі. У прыватнасці, нядаўна кліент пажадаў набыць вокны і дзверы з ПВХ насычанага сіняга колеру. Афарбоўку разам выбіралі на камп’ютары, і ў выніку заказчык быў задаволены атрыманымі вырабамі. Безумоўна, такі падыход паспрыяе аўтарытэту новай кропкі, але галоўнае не ў гэтым. А ў тых перспектывах, якія атрымліваюць людзі пры дзяржаўнай падтрымцы. Уласных бачаннях будавання далейшых планаў, фінансавага дабрабыту і стабільных даходах.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
