
У нашай краіне жывуць мільёны людзей, і кожны з іх мае магчымасць выбіраць свой шлях. Адны аддаюць перавагу ісці па пратаптанай сцяжынцы, выбіраючы спакой і стабільнасць. Іншыя – шукаюць выклікі, пераадольваюць перашкоды і з кожным днём імкнуцца стаць лепш. Менавіта такія асобы ствараюць гісторыю, натхняюць і даказваюць, што межы магчымасцяў існуюць толькі ў нашай свядомасці. Да такой катэгорыі людзей можна аднесці і жыхара нашага горада Андрэя Кругленю, які не чакае спрыяльных абставін, не шукае апраўданняў, а бярэ справу ў свае рукі і ідзе наперад.

Андрэй нарадзіўся ў Пружанах, але яшчэ ў дашкольным узросце пераехаў з бацькамі ў невялікую вёску ў Мінскай вобласці. Там скончыў пачатковую школу. Аднак ужо ў пятым класе хлопец вярнуўся на сваю малую радзіму, вучыўся ў сярэдняй школе №1 імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.
— Менавіта ў школьныя гады ў мяне з’явілася цікавасць да спорту. Гадоў у дзевяць, натхніўшыся прыкладам бацькі, які быў у добрай фізічнай форме, я пачаў сам адціскацца, падцягвацца і рабіць іншыя фізічныя практыкаванні. Спачатку гэта было проста захапленнем, але ў далейшым стаў успрымаць усё больш сур’ёзна, што відавочна адбілася на маёй фізічнай падрыхтоўцы, а пасля і на дасягнутых выніках, — адзначае Андрэй.

А спартыўныя дасягненні ў нашага героя сапраўды ёсць, і яны ўражваюць. Варта толькі пабываць у яго дома і ўбачыць медалі, колькасць якіх наўрад ці можна падлічыць. Андрэй з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па гіравым спорце, боксе і жыму штангі лежачы. Таксама ён неаднаразова займаў прызавыя месцы ў спаборніцтвах па бодзібілдынгу і нават станавіўся чэмпіёнам.
Што тычыцца прафесійнай дзейнасці, то яшчэ будучы школьнікам хацеў пайсці па шляху бацькі і стаць ваенным. Дарэчы, у яго гэта ў рэшце рэшт атрымалася.

— Пасля заканчэння школы паступаў у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, але з-за вялікага конкурсу гэтага зрабіць не ўдалося. Таму пачаў рыхтавацца да арміі. У 18 гадоў мяне адправілі служыць у 15-ю брыгаду зенітна-ракетных войскаў, што знаходзіцца ў Фаніпалі. Дзякуючы маёй фізічнай падрыхтоўцы служба праходзіла лёгка і ўпэўнена, а пастаўленыя задачы вырашаліся без асаблівых намаганняў. Ужо праз паўгода атрымаў званне малодшага сяржанта. Таксама немалую частку часу праводзіў на спаборніцтвах, што давала мне дадатковыя прывілеі перад іншымі таварышамі.
Пасля праходжання тэрміновай службы Андрэй уладкаваўся на службу ў 40-ы асобны радыяцыйна-хімічны батальён у Новых Засімавічах, дзе атрымаў званне прапаршчыка. А пасля яго расфарміравання перавёўся ў 16-ы асобны полк радыёэлектроннай барацьбы, які размяшчаецца ў г. Бяроза, дзе служыць і дагэтуль.
Але, як сцвярджае Андрэй Кругленя, найважнейшыя моманты жыцця былі звязаны не са службай і не спортам, а са стварэннем сваёй сям’і.
— З Вольгай мы пазнаёміліся ў 2017 годзе. У мяне адразу склалася аб ёй прыемнае ўражанне, і я зразумеў, што гэта мая спадарожніца. Ужо ў 2019 годзе мы стварылі сваю сям’ю, а праз год на свет з’явілася дачка Эмілія. Апроч гэтага, у Вольгі ёсць старэйшыя дзеці: Крысціна, якая служыць са мной у адной часці, і Яўген, які таксама марыць звязаць сваё жыццё з ваеннай справай. Цяпер мы — адна сям’я, заўсёды падтрымліваем адзін аднаго і рухаемся толькі наперад, – з цеплынёй кажа Андрэй.
Адным з самых яркіх этапаў у гісторыі сям’і стала рэканструкцыя дома, які з’яўляецца не проста месцам для жыцця, а сімвалам памяці і новай эпохі.
— Успамінаю, як казала мая бабуля, маўляў, «калісьці гэты дом дастанецца табе, але ён ужо, напэўна, будзе ў непрыдатным стане для жыцця». Тыя словы мне запомніліся, і я зразумеў, што не магу падобнага дапусціць. Разумеў, што захаваць дом — значыць, захаваць частку гісторыі сям’і. Скажу шчыра, досведу ў будаўніцтве ў мяне не было ад слова «наогул». Усё даводзілася асвойваць самастойна. Вучыўся па відэа, спрабаваў, па ходзе працы выпраўляў памылкі. Разумеў: галоўнае — рабіць, не баяцца. Праз тры гады наша жыллё набыло новае аблічча. Цяпер і не скажаш, што яму больш за 85 гадоў… Пазней быў пабудаваны і гараж, — расказвае гаспадар.
А затым адбылося неверагоднае! На працягу ўсёй рэканструкцыі дома Андрэй здымаў кароткія відэа аб праведзенай рабоце, а праз некаторы час выклаў зманціраваны ролік у сацыяльную сетку TikTok — без разваг, проста для сябе. Праз суткі адкрыў свой акаунт і не паверыў сваім вачам… у відэа быў мільён праглядаў.
— Я быў у шоку! Людзі пісалі, каменціравалі, цікавіліся, натхняліся…
Галоўны ролік аб знешняй рэканструкцыі дома на сённяшні дзень набраў больш за тры мільёны праглядаў. Відэа ўнутранага рамонту — амаль мільён. Некаторыя гледачы прызнаюцца, што пасля прагляду купілі дамы ў вёсках і пачалі свой рамонт па такім жа прынцыпе. Так адзін асабісты праект стаў матываваным фактарам для многіх людзей.
Гісторыя Андрэя Круглені — гэта не проста факты з біяграфіі. Гэта шлях, які пацвярджае: межы вызначаюцца толькі тым, наколькі ты гатовы змагацца за сваю мару. Спорт умацаваў яго цела і дух. Армія загартавала характар. Сям’я дала цяпло і падтрымку. А рэканструкцыя дома даказала, што нават без досведу, але з упартасцю можна дасягнуць шмат чаго…
Наш герой не чакаў зручных момантаў, не шукаў лёгкіх шляхоў, а сам стаў архітэктарам свайго жыцця, ператвараючы імкненні ў рэальнасць.
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік
