У Пружанскім раённым спажывецкім таварыстве працуе каля тысячы чалавек. Яны робяць жыццё жыхароў раёна камфортным і забяспечваюць усім неабходным. Многія з іх прысвяцілі рабоце ў арганізацыі не адзін дзясятак гадоў. Сярод такіх — і прадавец ФПР «Колас» Алена Архуцік.

Каля 10 гадоў таму жанчына выйшла на пенсію. Але, як прызнаецца сама, дома сядзець не змагла, стала сумна. Зараз яна працуе ў прадуктовай краме ў аг. Шчарчова. А да гэтага больш за 15 гадоў шчыравала на складзе прамысловых тавараў філіяла.
Работа прадаўца, на думку абывацеля, здаецца нескладанай. Што ж тут цяжкага: давай тавар, бяры грошы. Насамрэч, гэта вельмі адказны працэс. Трэба не толькі ведаць увесь асартымент тавараў, каб дапамагчы пакупніку зрабіць выбар, але і быць у нейкай ступені псіхолагам: людзі бываюць розныя, кожны прыходзіць са сваім настроем і запытамі. І задача прадаўца зрабіць так, каб чалавек пайшоў з крамы задаволеным і захацеў не раз сюды вярнуцца.
— Я вельмі люблю сваю прафесію, не ўяўляю жыцця без яе. Зносіны з людзьмі, магчымасць дапамагчы ім, забяспечыць усім неабходным — гэта для мяне самае галоўнае, — прызнаецца Алена Мікалаеўна.
Мяккая, усмешлівая, улюбёная ў сваю прафесію, Алена Архуцік адразу выклікае прыхільнасць да сябе. І ўжо не здзіўляешся, чаму многія вяртаюцца да яе па пакупкі зноў і зноў. За сваю шматгадовую і добрасумленную працу, адказнае выкананне працоўных абавязкаў напярэдадні свята жанчына была ўзнагароджана Ганаровай граматай Пружанскага раённага Савета дэпутатаў.
Хочацца пажадаць і ёй, і ўсім працаўнікам кааператыўнай галіны высокіх працоўных дасягненняў, здароўя, поспехаў і сонечнага настрою.
Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік
