
Гераіня майго нарыса — вучаніца 10 класа нашай школы Ксенія Жэбіт. Знешне дзяўчынка нічым не вылучаецца сярод аднагодкаў: заўсёды строга, з густам апранута, валасы акуратна падабраныя… А вось што яе вылучае, дык гэта сур’ёзнасць, засяроджаны погляд, дабрадушны характар, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу і сціпласць.
— Я вельмі рада, што Ксюша засталася ў школе, а не выбрала сабе першую прафнавучальную ўстанову пасля заканчэння 9-га класа. Гэта ўсебакова развітая вучаніца. Яна вельмі адказна ставіцца да любога даручэння. Заўсёды перажывае за вынікі сваёй працы. Гэта ўнікальны, творчы чалавек. Адным словам, гэта мая правая рука, — так характарызуе сваю вучаніцу класны кіраўнік Святлана Герасімук.
Такія рысы, як настойлівасць, засяроджанасць, мэтанакіраванасць дапамаглі Ксеніі дасягнуць выдатных поспехаў у вучобе. На працягу ўсяго навучання яна займаецца на высокім узроўні.
Не адзін раз Ксенія ўдзельнічала ў алімпіядах па розных прадметах і ў творчых конкурсах, нярэдка паказваючы добрыя вынікі. Сведчаннем таму шматлікія дыпломы рознага кшталту. А іх у арсенале дзяўчынкі ажно 18! І гэта без уліку пахвальных лістоў за выдатную вучобу. Далёка не кожны вучань можа ганарыцца такім набыткам. Ксенія таксама гэта не афішуе.
Тройчы яна была пераможцай інтэрнэт-праекта «Інтэлектуальны марафон па матэматыцы «Школа геніяў», двойчы — у аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці «Выратавальнікі вачыма дзяцей» у намінацыі «Верш». Сярод яе ўзнагарод — дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў па беларускай і рускай мовах, біялогіі. Бадай, самая высокая ўзнагарода для Ксеніі — гэта дыплом удзельніцы рэспубліканскага тэлевізійнага праекта «Я ведаю». У гэтым навучальным годзе яна ўзнагароджана дыпломамі І ступені за перамогу ў ІІ этапе рэспубліканскіх прадметных алімпіяд па беларускай і рускай мовах. Па адным з гэтых прадметаў Ксюша будзе прадстаўляць наш раён на ІІІ этапе.
— Шмат часу займае падрыхтоўка да заняткаў. І гэта не дзіўна, калі хочаш атрымаць добрыя веды, то трэба папрацаваць і з дадатковай літаратурай, і зазірнуць у інтэрнэт. А да ўрокаў літаратуры неабходна прачытаць мастацкія творы. Мне вельмі падабаюцца наша школа і настаўнікі, якія нас вучаць і даюць трывалыя веды. Я лічу, што без падтрымкі педагогаў маіх перамог не было б. За што ім вельмі ўдзячна, — дзеліцца сваімі разважаннямі Ксенія.
Вось такая яна — наша Ксюша. Пакуль што дзяўчынка да канца не вызначылася з будучай прафесіяй, але я ўпэўнена, што гэта будзе выдатны спецыяліст у любой галіне.
Хочацца пажадаць нашай гераіні далейшых поспехаў у вучобе, творчага натхнення і ажыццяўлення ўсіх яе мар і спадзяванняў. Няхай ёй заўсёды ўсміхаецца ўдача!
Вера Наумік,
настаўніца Ружанскай СШ імя Казіміра Марача
