Суббота, 18 апреля 2026

Як засцерагчы сваё дзіця?

419

Апошнім часам сын перастаў сустракацца з сябрамі, страціў інтарэс да трэніровак у спартшколе. Толькі сядзіць у інтэрнэце гадзінамі. А нядаўна знайшла ў кішэні курткі ізаляцыйную стужку. Можа, ён вырашыў стаць закладчыкам?

Адказвае старшы ўчастковы інспектар
Андрэй Ігнацюк:

— Сапраўды, гэта той выпадак, калі бацькі павінны праявіць звышнасцярожанасць, а не ставіцца абыякава. Распаўсюджвальнікі наркотыкаў акцэнтуюцца менавіта на жаданні юнакоў мець значныя грошы для сваіх патрэб. Тым і ўцягваюць падлеткаў у крымінальную дзейнасць.

Папярэдзіць гэта можна, у першую чаргу, праз даверную гутарку паміж бацькамі і дзецьмі. Таксама варта паназіраць за паводзінамі сына ці дачкі, кантраляваць тыя сайты, што яны наведваюць у сетцы. Па-трэцяе, не трэба лічыць, што непаўналетняму дзіцяці неабходна даваць больш самастойнасці. Гэта яшчэ вельмі рана, і бацькоўскі нагляд павінен быць асабліва строгім, каб папярэдзіць памылкі юнацтва, якія могуць паламаць увесь далейшы лёс.