Воскресенье, 19 апреля 2026

Яго сэрца не ведае спакою

3 737

Гаспадар сустрэў нас ля парога сваёй хаты з песняй і добрай, светлай усмешкай на вуснах. Яго маладыя, прамяністыя вочы ззялі шчырай ветлівасцю, а моцны, натруджаны поціск рукі гаварыў пра доўгае жыццё, напоўненае працай. З першага погляду стала зразумела, што знаёмства з Аляксандрам Антонавічам Русакевічам — гэта падарунак лёсу, а яго гісторыя стане не проста расказам, а сапраўдным урокам мужнасці, любові і бясконцай веры ў лепшае.

Яго жыццё, нібы моцнае палатно, выткана з выпрабаванняў, якія толькі загартавалі характар, але не загубілі сэрца. Родам з простай сялянскай сям’і з вёскі Блізная Пружанскага раёна. Ён у 12 гадоў пазнаў цяжар працы, дапамагаючы маці зарабляць запаветныя «працадні» на каняферме. Няпростыя абставіны і пастаянны клопат аб сям’і выпрацавалі ў ім дзіўную сілу духу і павышаную адказнасць, якія сталі спадарожнікамі на працягу ўсяго жыцця. Пасля выматанага працоўнага дня Саша ішоў у вячэрнюю школу, каб атрымаць неабходны багаж ведаў і ўпэўнена ісці далей.

Станаўленне асобы
Юнацтва было імклівым і суровым. У 15 гадоў ён ужо прыбіральшчык на цагельным заводзе, далей — рабочы Ружанскай мэблевай фабрыкі. Здавалася, сам лёс вёў яго складанымі сцежкамі, выпрабоўваючы на трываласць. Але менавіта ў арміі, куды яго прызвалі ў 19 гадоў, упершыню прыйшло адчуванне сапраўднага прызначэння. Атрымаўшы перад службай вадзіцельскае пасведчанне, ён аказаўся за рулём ваеннага самазвала ў латвійскім горадзе Тукумсе, у войсках сувязі. Служба захапіла яго цалкам, адкрываючы новыя гарызонты. Камандаванне, разгледзеўшы ў хлопца надзейнасць і стараннасць, прапанавала застацца на звыштэрміновую. Здавалася б, вось шанец трывала стаць на ногі і пабудаваць ваенную кар’еру. Але ў 1966 годзе грымнула бяда — страшная вестка аб пажары, які знішчыў у роднай вёсцы 22 хаты і 26 хлявоў, ператварыў у попел і бацькоўскую хату. Праз некаторы час яму давялося вярнуцца на малую радзіму і разам з роднымі пачаць усё з чыстага ліста.

Дарога, даўжынёю ў цэлае жыццё
І зноў выратавала надзейная дарога, якую ён ведаў як свае пяць пальцаў. Багаты вопыт кіравання велікагрузаўмі, атрыманы ў арміі, стаў яго пропускам у стабільную будучыню. У 1968 годзе разам з сябрам прыйшоў на Пружанскую аўтабазу, дзе сеў за баранку
ЗІС-585, і з гэтай тэхнікай набыў амаль 38 гадоў працоўнага стажу. Ці гэта не доказ неверагоднай вернасці сваёй справе, высокага прафесіяналізму і глыбокай сумленнасці? За гэтымі лічбамі хаваюцца мільёны кіламетраў, пройдзеных па прасёлачных дарогах і хуткасных магістралях, працяглыя камандзіроўкі, часам бяссонныя ночы і ўпэўненасць у тым, што яго «надзейны сябар» своечасова даставіць груз да месца прызначэння.

Надзейны тыл і плячо
Але самы вялікі поспех чакаў не ў дарозе, а дома. Ім стала жонка Таццяна, з якой ён прайшоў рука аб руку без малога 45 гадоў, выгадаваўшы дзвюх цудоўных дачок — Вольгу і Таццяну. Менавіта сям’я была ціхай гаванню, крыніцай сіл і натхнення, дзеля якога варта было пераадольваць любыя нягоды і з вялізным жаданнем заўсёды вяртацца дадому. Аднак лёс зноў падрыхтаваў выпрабаванне. Дванаццаць гадоў таму цяжкая хвароба абарвала жыццё яго каханай жонкі. Здавалася, час спыніўся, і ў адзіноце, на схіле гадоў яму зноў патрэбна было збіраць волю ў кулак, каб вучыцца жыць нанава, пераадольваючы горыч страты і смутак апусцелага дома. Дочкі жывуць і працуюць у Мінску, таму пра частыя сустрэчы гаварыць не
даводзіцца.

Пераадоленне цяжкасцяў
Сабраўшы сябе па крупіцах, перажыўшы 9 аперацый, ён зноў перамог адчай. Запрашэнне ў аддзяленне дзённага знаходжання ТЦСАН стала сапраўдным выратаваннем. Энергічны, поўны сіл і жадання быць карысным, Аляксандр Антонавіч знайшоў тут сабе прымяненне. Ён не проста наведвае гурткі па інтарэсах, а, стаўшы валанцёрам цэнтра, з захапленнем дапамагае адзінокім людзям: рамантуе, майструе, будуе, аддаючы ім часцінку нястомнага сэрца і цяпла. А галоўным лякарствам для душы, якое дапамагло зацягнуць самыя глыбокія раны, стаў хор ветэранаў «Чырвоны гваздзік». Кажа, што ўдзел у калектыве нясе спакой, суцяшэнне, унутраную радасць сустрэч з гледачом. А іх
выступленні чакаюць ва ўсіх кутках рэгіёна.

Упэўненасць у заўтрашнім дні
Зносіны з калегамі па «залатым узросце» дапамаглі яму запоўніць велізарную пустату і накіраваць яе ў непераадольнае жаданне быць камусьці патрэбным, пакуль дазваляюць здароўе і сілы. Гледзячы на гэтага актыўнага, маладога душой чалавека, цяжка паверыць, што сёлета ён адзначыў свой 80-гадовы юбілей. З гонарам гаворыць, што ўсё жыццё выпісвае «раёнку», дзякуе творчаму калектыву за цікавыя матэрыялы і падкрэслівае, што некаторыя з іх перачытвае па некалькі разоў.


Ён увесь час у пошуку новых ідэй і іх увасаблення. Займаецца грамадскай дзейнасцю, уважліва сочыць за сусветнымі навінамі, водзіць асабісты аўтамабіль і з кранальнай пяшчотай даглядае хатнія расліны і вулічныя хрызантэмы, якія калісьці так любіла яго Таццяна. І, вядома, з нецярпеннем заўсёды чакае ў госці самых родных людзей — дачок, унукаў і праўнука, дзеля якіх і працягваецца такое цікавае і насычанае жыццё.


А самае галоўнае, Аляксандр Антонавіч не стамляецца верыць. Верыць, што заўтра абавязкова наступіць новы дзень, поўны яркіх падзей, цёплых сустрэч і незабыўных уражанняў, з якімі ён з задавальненнем падзеліцца з тымі, каму гэта таксама патрэбна. Яго сапраўдная сіла ў тым, каб кожны раз падымацца і ўпэўнена ісці далей з песняй у душы і добрай усмешкай на вуснах.

Ірына Велясевіч

Фота аўтара