Беларусь — дзяржава шматканфесійная. Так павялося спакон веку. Нікога не здзіўляе, а турыстаў, наадварот, захапляе тое, што ў вялікіх гарадах і малых паселішчах побач стаяць праваслаўныя цэрквы і каталіцкія касцёлы, што сябруюць паміж сабой вернікі розных веравызнанняў. І палітыка дзяржавы заўсёды была накіравана на тое, каб падтрымаць мір і згоду паміж прадстаўнікамі ўсіх канфесій і рэлігійных плыняў (усяго ў нашай рэспубліцы іх зарэгістравана 25). Звяртаецца ўвага і на супрацоўніцтва з рэлігійнымі арганізацыямі, асабліва гэта тычыцца ўзаемадзеяння ў сферах выхавання, адукацыі, культуры, сацыяльнай работы.

Кропкі прыцягнення
У рамках работы па ўмацаванні духоўна-маральнай работы, захаванні культурных і гістарычных традыцый краіны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пачатку сёлетняга года прапанаваў стварыць цэнтры прыцягнення для кожнай з рэлігійных канфесій. Гутарка пра стварэнне і развіццё духоўных цэнтраў была працягнута падчас сустрэчы ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандра Румака з кіраўнікамі асноўных канфесій, што адбылася ў чэрвені ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Сумесна былі вызначаны такія цэнтры — існуючыя культавыя аб‘екты, якія з‘яўляюцца святынямі не толькі для вернікаў, але і для ўсяго беларускага народа. Калі казаць пра хрысціянства — гэта праваслаўныя Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр і Спаса-Еўфрасіньеўскі жаночы манастыр у Полацку, а таксама касцёл у Будславе, дзе знаходзіцца адна з найбольш шануемых каталікамі святынь — Будслаўская ікона Божай Маці. Цэнтрам ісламу ў Беларусі названа мячэць у Іўі, а іудаізму — сінагога ў Бабруйску.
Чаму менавіта яны? Што мы канкрэтна ведаем пра кожную з гэтых святынь?

Пад шатамі цудатворнай іконы
Сорамна прызнацца, але ўпершыню ў Жыровіцах я пабывала толькі ў 2015 годзе, нягледзячы на тое, што падарожнічалі мы на той час даволі актыўна, а дзевяноста кіламетраў, якія аддзяляюць Пружаны ад асноўнага цэнтра беларускага праваслаўя, — адлегласць вельмі ўмоўная. Але чалавек — дзіўная істота. Нам чамусьці заўсёды здаецца, што больш значнае, цікавае недзе там, у «цудоўным далёка», у лепшым выпадку — у сталіцы. Насамрэч, варта азірнуцца вакол сябе і ўбачыць раптам, што самае галоўнае ты прапусціла, неверагодныя цуды здараюцца не толькі «за сямю морамі», але і ў крокавай даступнасці. І адно з такіх цудаў — цудатворная ікона Божай Маці, галоўная святыня Свята-Успенскага манастыра ў Жыровіцах.
Зразумела, гісторыю гэтай святыні я ведала і да сустрэчы з ёю. Ды і хто з беларускіх хрысціян яе не чуў? Ці варта нагадваць, што знайшлі незвычайную выяву Багародзіцы юныя пастушкі ў лесе, які належаў казначэю Вялікага Княства Літоўскага Аляксандру Солтану. Яна знаходзілася на дзікай грушы і ярка ззяла праз яе лістоту. Хлопчыкі аднеслі знаходку свайму гаспадару, той схаваў незвычайны каменьчык у скрыначку. Але ўжо ўвечары іконы там не аказалася, а на наступны дзень яна зноў з‘явілася на дзічцы… Солтан даў абяцанне пабудаваць на месцы цудоўнай знаходкі храм, і слова сваё стрымаў. Так сярод лесу з‘явілася праваслаўная драўляная царква ў гонар Прасвятой Багародзіцы, а вакол яе ўтварылася паселішча — Жыровіцы.

З часу знаходжання выявы Жыровіцкай Божай Маці (а было гэта ўвесну 1470 года) прайшло ні многа ні мала — 555 гадоў. Шмат вады ўцякло за гэты час. Простая драўляная цэркаўка згарэла ў 1520 годзе, знікла і ікона. Але Багародзіца вярнула Свой абраз людзям, а з-пад каменя, на якім ён зноў з‘явіўся непашкоджаны агнём, забіла святая крыніца. Пасля гэтага тут адбудавалі мураваны храм, і не адзін, заснавалі мужчынскі манастыр.
Складаным быў лёс Жыровіцкага манастыра на працягу ўсяго яго існавання. Мяняліся правіцелі і нават дзяржавы, мясціна цярпела ад войнаў, пажараў, эпідэмій, палітычных хібаў, але, нягледзячы ні на што, зноў і зноў адраджалася, нібы фенікс з попелу. За больш чым 500 гадоў манастыр ніколі не зачыняўся, і заўсёды яго абрамляла слава цудатворнай іконы Божай Маці, якую аднолькава шанавалі хрысціяне розных канфесій.
«Спяшайцеся дыхаць кіслародам вечнасці»
Можна гадзінамі расказваць пра цудатворную ікону Божай Маці Жыровіцкай, якая ўваходзіць у сотню самых вядомых у свеце (пры гэтым самую маленькую з іх і адзіную ў Беларусі, выразаную на камені). Можна займець спіс іконы і звяртацца са шчырай малітвай да Багародзіцы дома. А можна адчуць неймавернае замілаванне, радасць, эмацыянальны ўздым ля самой цудатворнай святыні, якая змешчана злева ад царскіх варот у Свята-Успенскім саборы. Дакрануцца да яе нават не вуснамі, а сэрцам. Яна проста выпраменьвае светлую энергію, напоўненую дабром, міласэрнасцю, любоўю.
Мне здаецца, менавіта пра магчымасць наталіць духоўную смагу падобнай малітоўнай энергетыкай і казаў сваім вучням Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, калі заклікаў: «Знаходзячыся ў храме, дыхайце кіслародам вечнасці!».
Мітрапаліт Філарэт 35 гадоў узначальваў Беларускі экзархат. За гэты час шмат было зроблена для аднаўлення разбураных і будаўніцтва новых храмаў, стварэння прыходаў, манастыроў — адраджэння веры, духоўнасці.
Герой Беларусі, якога называюць «апосталам беларускай зямлі», Філарэт меў і тытул свяшчэннаархімандрыта Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Менавіта дзякуючы яго ініцыятывам мясціна набыла новае жыццё, стала сапраўдным духоўным цэнтрам Беларускай Праваслаўнай Царквы. Яго намаганнямі ў Жыровіцах была адкрыта Мінская духоўная семінарыя, куды Патрыяршы Экзарх прыязджаў штотыдзень з Мінска.
Тут Уладыка і быў пахаваны ў 2021 годзе — на брацкіх могілках, размешчаных за алтаром Крыжаўзвіжанскай царквы-кальварыі. Як і завяшчаў. На адваротным баку надмагільнага помніка высечаны словы, напісаныя яго рукой, нібы наказ нам усім: «Любите друг друга — сие есть самое главное! Митрополит Филарет».
Месца сілы
Уваходзіш у манастырскую браму — і нібы спыняецца час. Як і стагоддзі таму, узвышаюцца беласнежныя муры Свята-Успенскага сабора, пабудаванага на месцы першага з‘яўлення іконы Божай Маці, адсюль можна выйсці ў Мікалаеўскую царкву, куды святы абраз пераносіцца на зімовы перыяд. Крыху паводдаль, на месцы другога цудоўнага знаходжання, — Яўленская царква, у алтары якой знаходзіцца камень са следам Багародзіцы. Яшчэ далей — унікальная Крыжаўзвіжанская царква, да ўваходу ў якую вядзе лесвіца з 28 ступеняў, што сімвалізуе паломніцтва ў Іерусалім, — адзіны ў свеце аналаг Святой лесвіцы, якая знаходзіцца ў базіліцы Святога Іаана ў Рыме. Некалі паломнікі ўзыходзілі сюды на каленях.
У храмах для ўсіх знаходзіцца месца. Нягледзячы на пастаянны паток людзей: вернікаў, паломнікаў, цікаўных турыстаў, тут рэальна хоць на некалькі мінут застацца ў адзіноце, схіліцца ля ікон, паставіць свечкі, падумаць пра вечнае. Як не хапае нам часам падобнай магчымасці: спыніцца, зазірнуць у сваё сэрца, ачысціць думкі ад бруду і пылу, памаліцца за здароўе і дабрабыт блізкіх, узгадаць тых, хто пайшоў з жыцця…
Пэўныя змяненні ў манастырскім комплексе ўсё ж адбываюцца, шэраг з іх тычыцца стварэння зручнасцей для наведвальнікаў. Зараз вядзецца рэканструкцыя драўлянай Георгіеўскай царквы на старых могілках, значна добраўпарадкаваны месцы святых крыніц з купальнямі. Ля брамы з‘явілася постаць архімандрыта Серафіма, далучанага да ліку святых навамучанікаў, які нібы бласлаўляе кожнага, хто ўваходзіць у манастыр. У былым архіерэйскім доме сёлета створаны музей, куды, на жаль, мы пакуль не змаглі трапіць.
Да юбілейных дат паміж храмамі была ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя, якая праілюстравала момант цудоўнага знаходжання пастушкамі іконы Божай Маці. Побач на часовай званіцы змешчаны і асвечаны самы вялікі ў Беларусі звон. На ім не толькі традыцыйныя выявы святых ікон, але і барэльефы 12-ці гарадоў-герояў і Брэсцкай крэпасці-героя, а таксама асабліва значных для беларусаў месцаў памяці і гераічнай славы. Не давялося пачуць, як ён гучыць, але можна ўявіць, што гук 14-тоннага дабравесніка ляціць за многія кіламетры, каб разам са святымі малітвамі вылечыць душы, з‘яднаць, дапамагчы кожнаму знайсці сілы жыць, памятаць, верыць…
Ірына Сядова
Фота аўтара
