
Калі моцна пастарацца, то можна і на вяршыню славы ўзняцца. Так сталася і з жыхаркай аг. Лінова Аленай Крупскай.
Жыве жанчына ў доме прысядзібнага тыпу, адпаведна, кожны год займаецца вырошчваннем агародніны. Хоць цяпер можна круглы год усё купіць у магазіне, але Алена Мікалаеўна сцвярджае, што вырашчанае сваімі рукамі намнога смачнейшае і больш карыснае. А часам можа дасягаць і неймаверных памераў. Любоў да кожнай справы — вялікая сіла!
Пацвярджэннем гэтаму можа з’яўляцца цукіні (разнавіднасць кабачка), які вырасціла Алена Крупская. Ён заважыў амаль 32 кілаграмы! Цяпер гаспадыні велікана хопіць мякаці і на цукаты, і на аладкі, сок, кашы, салаты.
Вось вам і не зусім спрыяльнае сёлетняе надвор’е. Дык хто разгадае сакрэт такога цуду, што вырас на агародзе Алены Мікалаеўны?
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі