
Напярэдадні аднаго з галоўных святаў краіны — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — у нашым раёне прайшла ўрачыстая акцыя, прысвечаная ўшанаванню ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікаў тых гераічных падзей у Пружанскім раёне засталося ўсяго пяць. Безумоўна, яны знаходзяцца пад пастаяннай увагай дзяржавы.
У гэты дзень у дамах ветэранаў гасцей чакалі з самай раніцы. Гэта добрая традыцыя і выдатная нагода зноў выказаць словы падзякі нашым абаронцам — героям мінулай вайны. Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч асабіста наведаў ветэранаў, каб пераканацца, ці ўсе іх просьбы выкананы, таксама сказаць вялікі дзякуй за подзвіг і неверагодную волю да Перамогі.
— Вы разам са сваімі таварышамі рабілі ўсё, каб выгнаць захопнікаў з нашай зямлі. Сёння мы асабліва востра ўсведамляем, якой цаной дасталася нам свабода і суверэнітэт. Дзякуючы Вашай мужнасці мы жывём пад мірным небам, не ўздрыгваем ад бамбёжак і выбухаў снарадаў. Нізкі паклон Вам за стойкасць, адвагу. Мы, Вашы нашчадкі, зробім усё, каб кожны Ваш дзень быў напоўнены клопатам і ўвагай. Моцнага здароўя, душэўнага цяпла і доўгіх гадоў жыцця!
Пасля такіх цёплых слоў Лідзія Васільеўна Гуга ледзь стрымлівала слёзы. Яна не па чутках ведае, што такое вайна. У яе вачах чыталіся і радасць сустрэчы, і горыч успамінаў. Са жніўня 1942 г. па ліпень 1944 г. знаходзілася ў партызанскім атрадзе імя Чкалава брыгады «Савецкая Беларусь». Перамогу сустрэла таксама ў партызанскім атрадзе на пінскіх балотах. У пасляваенныя гады працавала ў калгасе «Ленінскі шлях», санітаркай Шаняўскога ФАПа. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны зусім хутка адзначыць 95-гадовы юбілей. Нягледзячы на ўзрост, Лідзія Васільеўна захоўвае бадзёрасць духу, не наракае на лёс і з цеплынёй успамінае сваіх партызан, разам з якімі дзяліла кавалак хлеба і радасць Вялікай Перамогі.
Да віншаванняў ветэранаў далучыліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Гаманчук і намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра Наталля Чарэшка. Яны таксама адзначылі, што падтрымка ветэранаў — адна з найважнейшых задач сацыяльнай палітыкі дзяржавы і раённых улад.
— Нягледзячы на тое, што з кожным годам жывых сведкаў вайны становіцца ўсё менш, памяць аб іх подзвігу жыве ў нашых сэрцах, і мы ўсё робім для таго, каб яны ні ў чым не мелі патрэбу, — падкрэсліла Наталля Анатольеўна.
Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва рэгулярна аказвае дапамогу ўдзельнікам вайны, забяспечваючы іх, акрамя ўвагі, усім неабходным. На гэты раз ветэраны атрымалі не толькі цёплыя словы, але і прадуктовыя кошыкі — знак павагі і клопату з боку мясцовых улад і спонсараў, сярод якіх Пружанскі малочны камбінат, Аранчыцкая птушкафабрыка, камбінат кааператыўнай прамысловасці райспажыўтаварыства.
Такія сустрэчы яшчэ адзін напамін аб тым, што героі жывуць сярод нас. І пакуль мы памятаем іх подзвіг, гаворым ім «дзякуй», іх Перамога працягваецца.
Ірына Велясевіч
НА ЗДЫМКУ: Лідзія Васільеўна Гуга з прадстаўнічымі гасцямі.
Фота Кацярыны Масік
