Суббота, 18 апреля 2026

В Пружанах в большом зале Дворца культуры чествовали тружеников села и перерабатывающей отрасли АПК

968

Сапраўды, усенародны дзень ушанавання працавітых і самаадданых, праўдзівых гаспадароў нашай шчодрай, хлебасольнай беларускай зямлі. Калі хочацца ў чарговы раз моцна паціснуць натруджаную мазолістую руку, проста душой далучыцца да прыемнай дзеі падчас падвядзення вынікаў карпатлівай і цяжкай працы. І ўпэўніцца, што нашай краіне і надалей квітнець і багацець, будзем есці хлеб з бульбай, мачаць дранікі ў смятану, ласавацца крамянымі яблыкамі і грушамі.


Святочны настрой уздымаўся ўжо на падыходзе да Палаца культуры, дзе была наладжана выстава беларускай тэхнікі. Усё можам і ўмеем, вось яна стаіць, прыгожая і магутная, як сімвал нязломнасці нашага духу, упэўненасці ў заўтрашнім дні. У фае на другім паверсе была прадстаўлена прадукцыя прадпрыемстваў Пружаншчыны, каб на свае вочы можна было пабачыць, што харчовая бяспека Беларусі ў надзейных руках, ніхто і нішто не перашкаджае нам жыць прывольна, не аглядваючыся на зайздроснікаў і нядобразычліўцаў.


Дык што ж з’яўляецца сімвалам дастатку, гасціннасці і дабрабыту, адлюстроўвае асаблівасці нашай беларускай духоўнасці? Канечне, каравай з зярнятак новага ўраджаю! Ён нясе ў сабе цяпло рук, сілу зямлі і ўдзячнасць за багацце духоўнае і матэрыяльнае. Каму як не кіраўніку раёна Міхаілу Грышкевічу першым адламаць кавалачак караваю і, абмакнуўшы ў соль, паспрабаваць, тым самым выказаць гатоўнасць раздзяляць з людзьмі працы і радасць, і цяжкасці.
Пазнаёміўшы прысутных з дакладам аб зробленым у раёне, Міхаіл Міхайлавіч шчыра пажадаў віноўнікам свята моцнага здароўя, задавальнення ад зробленага, прыемных момантаў у жыцці кожны дзень. Каб сіл на ўсё хапала і душа спявала!


Да пажаданняў старшыні райвыканкама далучыўся і паважаны госць мерапрыемства — старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Слуцкі, які зачытаў віншавальнае слова ад губернатара Брэстчыны Пятра Пархомчыка. Дзякуй за нялёгкую працу, за бязмерную любоў да роднай зямлі!
Душэўныя пажаданні выказаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.

Чараду віншаванняў падхапіў першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко.


Старшыня Пружанскага раённага аграпрамысловага саюза Васіль Севасцьянчык не па чутках ведае, як цяжка працуецца на зямлі, колькі сіл патрэбна ўкласці, каб трымаць на ўзроўні надоі малака, бо яшчэ з’яўляецца і дырэктарам ААТ «Велікасельскае Агра». Таму жадаў ніколі не апускаць рукі, упарта ісці да пастаўленай мэты, любіць сваю справу.


— Помніце, што кожны з вас — гонар сваёй краіны. Таму заўсёды высока трымайце сцяг працавітага і сумленнага беларуса, — проста, але ў той час пранікнёна сказала старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова.

Ганаровых грамат, падзячных лістоў было не пералічыць. І раён, і вобласць, і рэспубліка ўдзячны людзям за працу, бачаць у іх апору і надзею на заўтрашні дзень. З такімі беларусамі можна горы звярнуць! Прыміце, калі ласка, яшчэ і кветкі, як сімвал прыгажосці і непаўторнасці роднага краю. Каб прывольна жылося і ўсё маглося!

Больше фото тут

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік