Суббота, 17 января 2026

В музее-усадьбе «Пружанский палацик» прошел районный Рождественский бал учащейся молодёжи

254

У палацавай зале, пад зводамі дыхання гісторыі, зноў закружыўся шыкоўны карагод каляднага балю. Цэнтрам гэтай чароўнай прасторы стала 21 пара дэбютантаў, чые постаці ў прыгожых сукенках і строгіх фраках зліліся з рытмам класічнага вальса, паланэза і вытанчанай французскай кадрылі.

У першыя студзеньскія дні мы ўсе адчуваем асаблівы стан душы, і калядны баль, які адкрывае новы 2026 год, становіцца адраджэннем не толькі сапраўдных культурных каштоўнасцей нашай краіны, але і сімвалам кахання, маладосці і шчасця. Магчыма, для ўдзельнікаў гэтае незвычайнае мерапрыемства стала галоўным у жыцці.
Свята пачалося з трыумфальнага выхаду маладых пар пад гукі знаёмай мелодыі і цудоўнай музыкі, якая закружыла ў віхуры танца кавалераў і дам. Прыгожыя пары нібы з’явіліся з партрэтаў мінулых стагоддзяў і плаўна запоўнілі залу. Гэта быў сапраўды трапяткі момант, першая ўрачыстая прамова без слоў.

З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуліся прадстаўнікі мясцовай улады, аддзелаў па адукацыі і культуры райвыканкама, арганізатары мерапрыемства. Ганаровыя госці падкрэслілі, што кожны такі баль — гэта жывая сувязь паміж пакаленнямі, магутны імпульс для захавання нашай гістарычнай памяці. Вельмі прыемна, калі маладыя людзі ўвасабляюць на паркеце не проста вывучаныя рухі, а дух эпохі, імкнучыся адрадзіць старадаўнюю культуру дыялога.

Сапраўды, такія вечары грацыі і прыгажосці — спрыяльная глеба, дзе нараджаюцца новыя ідэі і сяброўства. Гэта адчувалі і гледачы, і самі ўдзельнікі. Дзяўчаты хваляваліся перад першым выхадам не менш, чым іх свецкія папярэдніцы шмат гадоў таму. Юнакі не хавалі эмоцый і з задавальненнем дзяліліся сваі-мі ўражаннямі.

— На рэпетыцыях нам падказвалі, што гэта не спартыўныя спаборніцтвы, а размова праз танец, дзе пластыка, рухі і погляды маюць значэнне, — дзеліцца дэбютант, навучэнец 10 класа СШ №1 імя ЧБВА Аляксандр Слабочыкаў. — Партнёрка павінна табе давяраць, тады ўсё атрымаецца. Калі гэта адчуў, музыка сама панесла, а хваляванне змянілася на ўпэўненасць. Мы ж цяпер рухаемся зусім інакш, а калі ты ўдзельнічаеш у такой казцы, то хочаш быць яе сапраўднай часткай, без сучасных прыкмет.

Рыхтавацца пачалі даўно, больш за месяц таму, — падхапіла размову аднакласніца Нэлі Папко. — Мэтай было не проста вывучыць танцы, а пранікнуцца духам эпохі, дзе баль — не проста забава, а мова прыгажосці і гармоніі. Спачатку, вядома, не ўсё атрымлівалася, але мы ўпарта адпрацоўвалі рухі да аўтаматызму, каб выглядаць з годнасцю. Дакладна разумелі, што на нас усе будуць глядзець, таму вельмі стараліся не падвесці нашых педагогаў і бацькоў.

Атмасферу жывога імправізаванага свята падтрымлівалі гульні і забавы. Адзін з найбольш запамінальных момантаў — гульня ў фанты, дзе маладыя людзі з вясёлым імпэтам выконвалі творчыя заданні, выклікаючы шчыры смех і апладысменты. Гэта давала сучаснай іскрынкі і паказвала, што стагоддзе таму моладзь таксама ўмела жартаваць і весяліцца.

Чароўным акордам балю сталі жывыя музычныя нумары ў выкананні ансамбля «ARCHI». Струнныя спевы скрыпак сапраўды зачароў-валі і стваралі ўзнёслы эмацыйны ландшафт — тонкі, паэтычны, глыбокі.
«Дамы і спадары, прашу на танец Лансье!» — гэтыя словы распарадчыкаў, гучныя і ўрачыстыя, надавалі дзеянню сапраўдную гістарычную паглыбленасць. У іх быў асаблівы рытм, які нагадваў пра важнасць часу, цырымоніі і ўзаемнай павагі.

Калядны баль — значна больш, чым прыгожая рэканструкцыя. Гэта майстэрня пачуццяў, дзе моладзь вучыцца не толькі танцавальным «па» і рэверансам, але і элегантнасці паводзінаў, уважлівасці да іншых, адчуваць тонкую музыку сацыяльных адносін. Праз шматгадовыя крокі вальса яны пераносяць у сённяшні дзень каштоўныя скарбы мінулага, калі эстэтыка, вытанчанасць і гульня былі натуральнай мовай чалавечых сувязей. І яна, здаецца, зноў знайшла сваіх шчырых прыхільнікаў.

Адгучалі апошнія акорды… Але ў душы кожнага госця балю засталося адчуванне казкі, якое захаваецца да новай сустрэчы. Роўна праз год гэты падарунак атрымаюць іншыя прадстаўнікі нашай моладзі. І зноў зайграе аркестр дзіўнымі фарбамі, мелодыі якога ў адзінай віхуры закружаць юнакоў і дзяўчат Пружанскага раёна.


Ірына Велясевіч

Фота Кацярыны Масік

Больше фото тут