На мінулым тыдні на працягу двух дзён — 16 і 17 лютага — праходзіў раённы зімні турыстычны злёт сярод моладзі прадпрыемстваў і арганізацый Пружаншчыны.
Інструктар па працатэрапіі Магілявецкай бальніцы Андрэй Аўдзейчык — турыст са стажам. З 2005 года, калі стаў удзельнічаць у турзлётах, яшчэ не прапусціў, напэўна, ніводнага, ні летняга, ні зімняга. Прычым, выступае заўсёды даволі паспяхова: гэта пацвярджае цэлы стос грамат і іншых узнагарод, якія заслужыў.
Акрамя таго, Андрэй нярэдка выступае на спартыўных мерапрыемствах за каманду Брэстчыны. У адрозненне ад летняга, зімні турзлёт збірае не проста прыхільнікаў актыўнага адпачынку на прыродзе — аматараў здаровага ладу жыцця. Але на гэты раз арганізацыі і прадпрыемствы дэлегавалі не цэлыя каманды, а маладзёжных актывістаў, якія змагаліся за званне лепшага турыста ў асабістых заліках. На этапы турыстычнай эстафеты выйшлі прадстаўнікі ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», «Жураўлінае», «Айчына», «Ружаны-Агра», абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы», а таксама аграсядзібы «У Алеся» — усяго каля чатырох дзясяткаў чалавек.
Многія з юнакоў і дзяўчат ужо не першы раз прыязджаюць на падобныя спаборніцтвы. Напрыклад, пастаяннай удзельніцай турзлётаў з’яўляецца Марына Уродніч. Сярод заўзятых турыстаў называюць і Максіма Осіпава. У школьныя і студэнцкія гады ён наведваў турыстычны гурток пад кіраўніцтвам педагога раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства С.В.Зелянеева, неаднаразова з’яўляўся членам судзейскай брыгады на турзлётах. І вось упершыню выступае на турзлёце ў якасці маладога спецыяліста, прадстаўляе ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»…
Спаборніцтвы праходзілі на базе Мокраўскай школы. На працягу двух дзён юнакі і дзяўчаты вызначалі лепшых у плаванні вольным стылем, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе і настольным тэнісе. Акрамя таго, па-за конкурсам адбылася таварыская сустрэча паміж камандамі ўдзельнікаў злёту і актыву ГА «БРСМ» аграгарадка Жураўліны.

Абсалютнымі пераможцамі паводле агульных вынікаў праграмы злёту сталі сярод юнакоў Дзяніс Малажаўскі, работнік ААТ «Жураўлінае», і Валянціна Дранец, прадстаўніца БАПБ «Магілёўцы». Другое месца заваявалі Андрэй Аўдзейчык (БАПБ «Магілёўцы») і Таццяна Кулікова (ААТ «Ружаны-Агра»). Замкнулі тройку прызёраў Андрэй Муха з ДЮСШ №1 і Марына Уродніч з ААТ «Айчына». Пераможцы турзлёту атрымалі граматы і прызы ад райкама ГА «БРСМ».
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.
