Суббота, 17 января 2026

В городском поселке Ружаны прошло торжественное мероприятие, посвященное 80-летию со дня образования 210 авиационного полигона Военно-воздушных сил и войск противовоздушной обороны

154

Каб спакойна жылі беларусы.

А для гэтага заўсёды гатовы стаць сцяной Узброеныя Сілы нашай краіны, у тым ліку 210-ы авіяцыйны палігон Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, які на мінулым тыдні святкаваў сваё 80-годдзе.

А пачыналася ўсё 1 студзеня 1946 года, калі на тэрыторыі Пружанскага, Бярозаўскага і Івацэвіцкага раёнаў быў сфарміраваны 40-ы акружны авіяцыйны палігон 1 катэгорыі. Мінула шмат часу, але і па сённяшні дзень галоўная задача па забеспячэнні баявой падрыхтоўкі лётнага саставу дзяржавы выконваецца на самым высокім узроўні. Праводзяцца вайсковыя іспыты новых узораў беспілотных лятальных апаратаў, прыцэльнага абсталявання. Пільная ўвага надаецца вучэбнай і баявой падрыхтоўцы воінскіх часцей зенітных ракетных, радыётэхнічных войскаў, сіл спецыяльных прызначэнняў. Усяго не пералічыш. Галоўнае, што ваеннаслужачыя палігона годна нясуць сцяг нязломнасці духу, адданасці службе ў арміі, веры ў выключную перамогу толькі стваральнай працы ў імя свайго народа.


Калі так, то чаму і асабіста не выказаць словы падзякі слаўным сынам і дочкам Беларусі? Для гэтага можна было проста завітаць на свята ў г.п. Ружаны, якое арганізаваў асабісты састаў палігона. У цэнтры пасёлка была наладжана маштабная выстава ваеннай тэхнікі, у якой дзеці маглі пасядзець, адчуць магутнасць нашай арміі. І запомніць простую ісціну: нам не трэба чужога, але і свайго не аддамо. Нават дарослыя падыходзілі да ваеннаслужачых, якія дэманстравалі сучасную зброю і падрабязна тлумачылі яе характарыстыкі. Значыць, прывіты правільны навык: калі ўзяўся за справу, асвой усё да канца, каб не было ніякіх пралікаў. Цікавасцю многіх прысутных карысталіся квадракоптары, якія ў сучасных рэаліях адыгрываюць важную ролю ў абароне Дзяржаўнай граніцы, пошуку людзей, праглядзе падведамасных тэрыторый. Так як надвор’е на той момант было даволі марознае, то вельмі дарэчы была палявая кухня, каля якой выстраілася ўнушальная чарга. Салдацкія каша і чай выдатна сагравалі, шматлікія госці дзякавалі за наладжанае мерапрыемства, жадалі лёгкай службы і выказвалі ўпэўненасць, што кожны з абаронцаў Айчыны выканае святы абавязак.


Далей наступіла чарга паказальнага выступлення разведвальнай роты. Чаго толькі не выраблялі бравыя хлопцы! Адначасова расла ўпэўненасць, што з такімі ваеннаслужачымі нічога не страшна, яны літаральна пройдуць праз агонь і ваду, каб толькі суайчыннікам жылося спакойна, мір панаваў у роднай краіне, усміхаліся хлопчыкі і дзяўчынкі. Дзякуй вам, салдаты, за сумленнае нясенне службы, вы — наш гонар!


А ў Ружанскім цэнтры культуры і вольнага часу прыступілі да самага прыемнага — узнагароджання ваенна-служачых 210-га авіяцыйнага палігона. У іх адрас гучала шмат прыемных слоў. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, кожны з прысутных у зале — годны грамадзянін сваёй Радзімы. Таксама словы падзякі за бездакорную службу былі адрасаваны ветэранам палігона. Ніхто не быў забыты.


Таму што быць абаронцам сваёй краіны — гэта задача не з лёгкіх. Служыць інтарэсам дзяржавы — пад сілу лепшым і мацнейшым. Гэтыя людзі не падвядуць, ды будзе так заўжды!


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік