
Жніво заўсёды патрабуе выдаткаў немалых сіл, калі на некаторы час забываешся пра сябе, сям’ю. Паднатужваешся, поўнасцю аддаешся рабоце. І інакш нельга, бо ўраджай чакаць не будзе, патрэбна, выхопліваючы кожную мінуту, убраць яго без страт. У дадзеным выпадку любая дапамога лішняй не будзе, таму штогод у гаспадарках раёна вітаюць студатрадаўцаў. А яшчэ проста гонар непамерны бярэ, калі даводзіцца быць сведкамі таго, што нашы хлебаробы што ні год яшчэ становяцца пераможцамі як на ўзроўні вобласці, так і рэспублікі. Гэта ж сапраўдная самаахвярнасць дзеля агульнай справы, калі просты мужык-беларус паказвае сваё стаўленне да працы. І ўсё гэта мы даведаліся ў ААТ «Жураўлінае».
Зусім нядаўна віншавалі камбайнераў з гэтай гаспадаркі, якія першыя ў вобласці намалацілі 1000 тон залацістага зерня. Як не за доўгім часам і маладзёжны экіпаж у складзе старшага камбайнера Віталя Сіманюка і камбайнера Станіслава Мазіна паўтарылі поспех старэйшых калег, сталі пераможцамі з гэтай жа лічбай на Брэстчыне! Ну, як тут не парадавацца за хлопцаў і не пажадаць ім моцнага здароўя, цярпення ў рабоце і пакарэння новых вяршынь на жніве-2025! Пружаншчына верыць у вас!
Дарэчы, некалькі слоў хочацца сказаць пра Віталя Сіманюка. Хлопец прыехаў у наш гасцінны раён тры гады таму з Маларыты, і адразу яму быў даручаны збожжаўборачны камбайн. Не, яму там не дрэнна жылося, проста кожны вольны сам выбіраць, дзе яму будзе па душы працаваць, будаваць жыццё. Вось і Віталь праглядзеў у інтэрнэце вакансіі, і выбар свой спыніў на ААТ «Жураўлінае», у якім ніколькі не расчараваўся. На пружанскай зямлі ажаніўся. Будзем вельмі спадзявацца, што ў хуткім часе ў шчаслівай сям’і з’явяцца дзеткі, якія будуць радаваць сваіх бацькоў першымі крокамі па жыцці, усмешкамі і любоўю. А магчыма, і бацькоўскія каштоўнасці стануць для іх пуцяводным маяком. Што да перамогі, то, па словах маладога механізатара, для яе дасягнення патрэбна вялікае жаданне і… камбайн «GS-2124», які сёлета ўпершыню быў уведзены ў эксплуатацыю. І, як бачна, нездарма кіраўніцтва гаспадаркі даверыла новую тэхніку Віталю Сіманюку, апраўдаў давер хлопец, маладосць не падвяла, а, наадварот, натхніла да ўзыходжання на п’едэстал.
А Аляксандра Крэйдзіча і прадстаўляць нашым чытачам не трэба. Ён ужо неаднаразова станавіўся героем рэпартажаў у «раёнцы», у тым ліку і з нагоды перамог на жніве. Летась на ўзроўні вобласці Аляксандр быў чатыры разы ў лідарах: яму пакарыліся вяршыні ад 1000 да 4000 тон! Гэты год ужо як заканамернасць: і тысяча па Брэстчыне ў кішэні маладога вадзіцеля. Каб запал ніколі не прападаў, і новыя перамогі здабываў, каб жыццё добра склалася і старонка родная не забывалася!
Вось і навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна не цураюцца сялянскай працы і ў летнія канікулы стараюцца сумяшчаць карыснае з прыемным. Хто ведае, можа, у будучым нехта з іх і прагучыць на старонках газеты як перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці, усякае ў жыцці здараецца і маладыя людзі мала-памалу вяртаюцца на зямлю родную. На дадзены момант з бягучага панядзелка ў ААТ «Жураўлінае» працуе ўжо другі студэнцкі атрад у складзе 20 навучэнцаў з Мокраўскай школы і СШ № 1 імя ЧБВА г. Пружаны. Для хлопчыкаў і дзяўчынак арганізаваны падвоз, рабочы дзень — не больш за 4 гадзіны, у суботу і нядзелю яны адпачываюць. Асноўная работа, якой будуць займацца на працягу 10 дзён навучэнцы, — відавая праполка, калі з пасеваў раслін выдаляюцца прымесі, якія адносяцца да іншых культур.
Абавязковая ўмова пры залічэнні ў атрад — вучоба на базе гаспадаркі па тэхніцы бяспекі з наступнай здачай экзамену. Дарослыя павінны ўсебакова аберагаць падрастаючае пакаленне, выключыць усе непрадбачаныя сітуацыі на вытворчасці. А яшчэ са студатрадаўцамі пастаянна знаходзіцца старэйшы таварыш, гэта можа быць нават студэнт, але абавязкова член БРСМ, і аграном ці насеннявод, якія паказваюць, як правільна выконваецца тая ці іншая работа. А то не ведаючы, можна і шкоды нарабіць. Кожны школьнік атрыманыя грошы зможа з толкам патраціць на падрыхтоўку да новага навучальнага года.
Прайшоў яшчэ адзін працоўны дзень чарговага жніва. Проста ўпэўнены, што яшчэ не раз напішам на старонках газеты пра нашых шчырых хлебаробаў. А заадно і пра тых, хто з юнацкіх гадоў далучаецца да працы на зямлі і пачынае разумець, што без яе нам ніяк не пражыць.
Вадзім Раўнейка
На здымку: ідзе відавая праполка азімай пшаніцы на полі ў ваколіцах г. Пружаны.
Фота Кацярыны Масік
