
У маі 1941 года сем ураджэнцаў Пружанскага раёна атрымала павесткі з ваенкамата. Іх прызвалі на 45-дзённыя зборы. Усе яны былі залічаны ў 84 полк 6 стралковай дывізіі. Месца знаходжання — абарончая казарма каля Холмскіх варотаў.
Іван Фёдаравіч Галавейка, ураджэнец в. Рапяхі, успамінаў аб апошнім мірным дні: «21 чэрвеня 1941 года мы глядзелі фільм «Валерый Чкалаў», потым доўга не спалі, успаміналі пра дом». На гэтым жа кінасеансе пабываў і Сямён Лаўрэнцьевіч Чыж родам з
в. Навадворцы. Цудоўнай і духмянай засталася ў памяці жыхароў горада Брэста і ваеннаслужачых гарнізона Брэсцкай крэпасці апошняя мірная ноч.
— Ляжалі, размаўлялі, і раптам пачуўся далёкі нарастаючы гул самалётаў. А праз колькі імгненняў ужо ірваліся снарады, на нашы галовы пасыпалася тынкоўка. Прыбег камісар Яфім Фамін і сказаў, што фашысты распачалі вайну, — пісаў радавы Іван Галавейка. Снарад трапіў у акно, асколкі пасыпаліся па пакоі, давялося выбірацца праз акно, гараць машыны і шпіталь — з успамінаў ураджэнца в. Шані Аляксея Дзянісавіча Засіма. У памяці Пракофія Пятровіча Ласько (в. Кацёлкі) адклалася наступнае: пасля бамбёжкі выхад заваліла, спускаліся з вокнаў па прасцінах і рамянях, немцы, замацаваўшыся ў царкве, вялі прыцэльны агонь, пад кіраўніцтвам камандзіра Самвэла Мацевасяна дабраліся да склада са зброяй і прынялі свой першы бой. Дарэчы, дзякуючы ўспамінам Пракофія Ласько, стала вядома аб гібелі ўраджэнца в. Кацёлкі Пракопія Філіпавіча Гайко.
На абаронцаў Брэсцкай крэпасці сыпаліся тысячы снарадаў і град куль. Ад грукату, здавалася, не застанецца ні адной жывой душы. Але аб здачы рубяжоў нават размова не ішла. Абараняўся кожны кавалачак зямлі, не прапускалі ніводнага фашыста. Стымулам для мужнасці ў тым ліку былі і словы камісара Фаміна: «Таварышы, біце ворага, пра нас Масква ведае, помніць і ніколі не забудзе!». Пасля працяглых баёў было многа раненых, іх зносілі ў падвалы былога польскага штаба, дзе захоўваліся і прадукты харчавання. Каб хутчэй зламаць супраціўленне абаронцаў гарнізона немцы адрэзалі ўсе шляхі да вады, а яна так была неабходна байцам, жанчынам, дзецям. Часам цаной жыцця здабывалася жыватворная вільгаць у тыя страшныя дні.
Многія склалі галовы ў крэпасці, а некаторым давялося і прайсці праз здзекі і катаванні, знаходзячыся ў палоне — у дадзеным выпадку, у польскім лагеры ў Бяла-Падлясцы. Іван Галавейка і Аляксей Засім таксама трапілі туды, жылі ў чыстым полі, на тэрыторыі панаваў голад і холад, усіх раздзялілі па нацыях, пасля чаго яўрэяў вывозілі ў лес і расстрэльвалі. У кастрычніку 1941 года Васілю Іосіфавічу Басаку з в. Навасёлкі пашчасціла збегчы, дабраўся дадому, дзе два гады амаль не ўставаў з ложка, але жонка здолела паставіць на ногі. Не з першага разу, але ўдача таксама ўсміхнулася і Пятру Макаравічу Ляўковічу (в. Агароднікі). Наведаў родныя мясціны, пасля ў жніўні 1944 года быў зноў прызваны, удзельнічаў у баях за Варшаву і ў штурме Берліна. Давялося на свае вочы пабачыць жудасць жыцця палонных і радавому Сямёну Чыжу, які з Бяла-Падляскі быў пераведзены з іншымі раненымі ў Брэст, адкуль здзейсніў пабег.
Не ўсім, на жаль, удалося ў хуткім часе знайсці жаданую свабоду. Некаторыя трапілі пасля Бяла-Падляскі яшчэ ў Дэмблінскую крэпасць, таксама размешчаную на тэрыторыі Польшчы. Па словах Івана Галавейкі, у суткі там памірала па 200-400 чалавек, і таму вырашыў збегчы. Але пацярпеў няўдачу, пасля чаго адправілі ў Нарвегію, на востраў Госан. Ад голаду людзі аслаблі да таго, што не маглі нават рухацца. Доўгачаканае вызваленне прыйшло ў выглядзе саюзных войскаў. Некаторы час Іван Фёдаравіч жыў у Маскве і працаваў на хімічным заводзе. У 1946 годзе вярнуўся ў родную вёску, займаў пасаду конюха ў калгасе імя Чапаева.
Калі немцы перавозілі частку палонных у колькасці 750 чалавек (з тых, хто мог рухацца) у Германію, былі зламаны дзверы вагона загадзя падрыхтаванымі сякерамі і кіркамі. Сярод шчасліўчыкаў удыхнуў глыток свабоды і Аляксей Засім. У родных мясцінах выйшаў на сувязь з партызанамі, стаў членам антыфашысцкага камітэта па Брэсцкай вобласці. У ліпені 1944 года прызваны ў Чырвоную армію, служыў у горадзе Пскоў, пасля дэмабілізацыі вярнуўся на малую радзіму, працаваў пажарным у Пружанскай гарадской пажарнай камандзе. Голад і холад не мінулі і Пракофія Ласько. І мёртвыя целы вывозіў з санчасці за межы лагера ў Бяла-Падлясцы, і
здзекі цярпеў. А стаць свабодным ад пабояў змог толькі пасля пабегу з Дэмбліна. Партызаніў у родных мясцінах у атрадзе імя Чкалава Брэсцкага злучэння. Летам 1944 года зноў быў прызваны, змагаўся з ворагам на тэрыторыі Усходняй Прусіі, тройчы паранены, пасля другога цяжкага ранення лячыўся ў шпіталі. І зноў фронт, удзел у вызваленні Варшавы, штурме Берліна. Пасля вайны пражываў у роднай вёсцы.
Бязмежная любоў да роднай зямлі аказалася мацней засценкаў фашысцкіх лагераў. Сціпла жывучы пасля вайны, ураджэнцы Пружаншчыны працягвалі працаваць дзеля людзей і краіны. На жаль, ветэранаў ужо няма ў жывых, але памяць аб іх подзвігу, бескарысным служэнні Айчыне жыве ў нашых сэрцах і праз 80 гадоў.
Ганна Ласянкова, навуковы супрацоўнік ДУ «Мемарыяльны
комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой»
