Четверг, 23 октября 2025

У вялікай зале Палаца культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню прызыўніка

241

Будучыя салдаты сабраліся, каб атрымаць павесткі на ваенную службу і пачуць словы падтрымкі ад прадстаўнікоў арміі, духавенства і творчай супольнасці.

Загад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызыве на ваенную службу агучыў начальнік групы прызыву на ваенную службу Пружанскага камісарыята Андрэй Якімовіч. Афіцэр таксама звярнуўся да маладых людзей з натхняльнымі словамі, пажадаўшы ім стаць сапраўднымі абаронцамі Айчыны, быць прыкладам мужнасці і адказнасці.

Далучыліся і ганаровыя госці, якія выказалі свае пажаданні. Намеснік камандзіра вайсковай часці №39212 па ідэалагічнай рабоце Вадзім Семак падкрэсліў важнасць служэння Радзіме і заклікаў прызыўнікоў быць адданымі свайму абавязку. Падпалкоўнік у адстаўцы, воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Мозераў пажадаў навабранцам вытрымкі, сяброўства і веры ў сябе, адзначыўшы, што армія — гэта школа жыцця, якая загартоўвае характар. З душэўнымі словамі выступіў і айцец Дыянісій, які пажадаў кожнаму будучаму салдату паспяхова прайсці гэты важны этап жыцця і вярнуцца дадому здаровым.

Святочную атмасферу мерапрыемства дапоўнілі музычныя нумары ў выкананні Валерыі Сёмухі, Ганны Кавальчук і Ангеліны Шумскай. Іх выступленні сталі цёплым падарункам прызыўнікам і ўсім гасцям падзеі.

У рамках восеньскай прызыўной кампаніі 2025 года ад Пружанскага ваенкамата на ваенную службу ў розныя часці нашай краіны будуць накіраваны больш за 60 чалавек.

Жадаем лёгкай службы, моцнага здароўя і шчаслівага вяртання дадому ўсім будучым абаронцам Айчыны!

Руслан Басак. Фота аўтара